Слуцкія ткачыхі

Слуцкія ткачыхі
Выданне
Аўтар Максім Адамавіч Багдановіч
Мова арыгінала беларуская
Дата першай публікацыі 1912
Лагатып Вікікрыніц Тэкст твора ў Вікікрыніцах

Слуцкія ткачыхі — верш беларускага паэта Максіма Багдановіча, упершыню апублікаваны ў 1912 годзе.

Стварэнне

Напісанню верша папярэднічалі сустрэчы ў рэдакцыі «Нашай Нівы» летам 1911 года, падчас адной з якіх паэт меў магчымасць разглядаць арыгінальныя слуцкія паясы — залатабітныя, срэбнабітныя і шаўкабітныя — што вырабляліся ў Слуцку на фабрыцы Міхала Радзівіла ў 1758—1844 гадах. Як пазней згадваў бацька Багдановіча, гэтыя паясы зрабілі на Максіма вялікае ўражанне — ён па некалькі разоў пераглядаў іх[1].

Ад родных ніў, ад роднай хаты
У панскі двор дзеля красы
Яны, бяздольныя, узяты
Ткаць залатыя паясы.
І цягам доўгія часіны,
Дзявочыя забыўшы сны,
Свае шырокія тканіны
На лад персідскі ткуць яны.
А за сцяной смяецца поле,
Зіяе неба з-за акна,—
І думкі мкнуцца мімаволі
Туды, дзе расцвіла вясна;
Дзе блішча збожжа ў яснай далі,
Сінеюць міла васількі,
Халодным срэбрам ззяюць хвалі
Між гор ліючайся ракі;
Цямнее край зубчаты бора…
І тчэ, забыўшыся, рука,
Заміж персідскага узора,
Цвяток радзімы васілька.

Публікацыя

Верш «Слуцкія ткачыхі» быў упершыню надрукаваны ў газеце «Наша Ніва» ў 1912 годзе (№ 26, 28 чэрвеня) ў цыкле вершаў «Старая Беларусь». У гэты ж цыкл увайшлі: «Летапісец», «Перапісчык» і «Кніга». Паводле паметы ў асобніку зборніка «Вянок» № 2, верш датуецца 1912 годам[1].

Гістарычная неадпаведнасць

Міхаіл Блішч. «Слуцкія ткачыхі». 1959 г.

Змест верша не зусім адпавядае гістарычным звесткам. Насамрэч вядомыя слуцкія паясы ніколі не вырабляліся прыгоннымі сялянамі ў панскім двары. Іх вырабам займалася спецыяльная фабрыка ў Слуцку, заснаваная Міхалам Радзівілам у 1758 годзе. На фабрыцы працавалі выключна мужчыны — пераважна мяшчане з Слуцка і Нясвіжа, часткова шляхціцы, якія былі пазначаны ў спісах майстроў. Ніхто з іх не быў прыгонным — яны працавалі за плату, пра што сведчаць дакументы з Нясвіжскага архіва[2][1].

Мяркуецца, што Багдановіч не ведаў гэтых фактаў, або свядома не імкнуўся да дакладнай гістарычнай перадачы. Значна важнейшай стала яго эмацыянальная рэакцыя на сапраўднае мастацтва народа. Гэтая сустрэча дала паэту моцны творчы штуршок і натхненне да глыбока нацыянальнай тэмы ў мастацтве[1].

У вершы згадваецца: «Свае шырокія тканіны // На лад персідскі ткуць яны». І сапраўды, у слуцкіх тканінах заўважаецца некаторае перайманне персідскіх узораў. Гэта тлумачыцца тым, што слуцкая фабрыка і была заснавана з мэтай вырабу тканін, канкурэнтаздольных з персідскімі, якія былі вельмі папулярныя ў Беларусі і Польшчы ў XVI—XVIII стагоддзях[1].

З цягам часу ў персідскія ўзоры пачалі ўносіцца мясцовыя элементы, у тым ліку матывы беларускай флоры. Так узнік вобраз васілька — знакавы сімвал для Багдановіча, які стаў увасабленнем народнага мастацтва і прыгажосці[1].

Рэдакцыі верша

Багдановіч працягваў працаваць над вершам нават пасля яго публікацыі ў зборніку «Вянок». У асобніку «Вянка» № 2 захаваліся аўтарскія папраўкі[1]:

Ім не пабачыць роднай хаты,
Не ўчуць ім дзетак галасы.
Яны у панскі двор узяты
Ткаць залатыя паясы.
І цягам доўгія часіны,
Аб шчасці ўжо забыўшы сны,
Свае шырокія тканіны
На лад персідскі ткуць яны.
А за сцяной шляхі у поле,
Шуміць чарэмха ля акна,—
І думкі мкнуцца мімаволі
Туды, дзе расцвіла вясна.
Там так вясёла і прыгожа:
Зіяюць срэбрам ручайкі,
I у зялёных хвалях збожжа
Закрасавалі васількі.
Там шчыры бор шуміць сувора…
Ты тчэш, бязвольная рука,
Заміж персідскага узора,
Цвяток радзімы васілька.

Крытыкі адзначаюць пэўную няўдачу другой рэдакцыі «Слуцкіх ткачых». Паэт імкнуўся ў ёй да большай дакладнасці, рэалістычнасці пейзажнага малюнка, у прыватнасці, канкрэтызаваў эпітэты, дзеясловы: не «блішча збожжа», не «сінеюць міла васількі», а «ў зяленых хвалях збожжа закрасавалі васількі», не «смяецца поле», а «шляхі у поле», не «зіяе неба з-за акна», а «шуміць чарэмха ля акна...» Карціна набыла рэальную дакладнасць, але страцілася дакладнасць псіхалагічная — тое святочнае ззянне, якое ўласціва ўспамінам удалечыні «ад родных ніў, ад роднай хаты...»[1]

Крытыка і ацэнка

Верш «Слуцкія ткачыхі» атрымаў высокую ацэнку ў беларускім літаратуразнаўстве, у тым Р. Бярозкін[3], А. Лойка[4], А. Кабаковіч[5], А. Клышка[6], П. Ахрыменка[7][1].

Крыніцы

  1. а б в г д е ё ж з Поўны збор твораў. У 3 т. Т. 1. Вершы, паэмы, пераклады, наследаванні, чарнавыя накіды.— Мн.: Навука і тэхніка, 1992.—752 с., [4] л. іл. ISBN 5-343-00957-3.
  2. Клышка А. Права на верш. Мн., 1967. С. 31
  3. Бярозкін Р. Звенні. Мн., 1976
  4. Лойка А. Максім Багдановіч. Мн., 1966
  5. Кабаковіч А. Паэзія Максіма Багдановіча. Мн., 1978
  6. Клышка А. Права на верш. Мн., 1967
  7. Ахрыменка П. Беларуская літаратура і фальклор. Мн., 1962
Prefix: a b c d e f g h i j k l m n o p q r s t u v w x y z 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9

Portal di Ensiklopedia Dunia

Kembali kehalaman sebelumnya