Спаса-Праабражэнская царква (Ракаў)
Спаса-Праабражэнская царква — праваслаўны храм у в. Ракаў (Валожынскі раён). Размешчана на цэнтральнай плошчы. Помнік архітэктуры пераходнага перыяду ад барока да класіцызму. ГісторыяПабудавана з цэглы як касцёл кляштара дамініканцаў у 1793 г. на месцы старажытнай царквы (упамінаецца пад 1465 г.) на сродкі парафіян і ахвяраванні князя Сангушкі і членаў ракаўскага брацтва Святой Ганны (50 тыс. руб.). У 1866 г. перабудаваны ў праваслаўную царкву. У другой палове XIX ст. перад царквой, па яе падоўжнай восі, пабудаваная двух'ярусная пірамідальная брама. АрхітэктураАднанефны прамавугольны ў плане храм з паўкруглай апсідай, да якой з паўночнага боку прымыкае рызніца, з паўднёвага — Мікольская капліца з трохграннай алтарнай часткай. Галоўны заходні фасад плоскасны, крапаваны пілястрамі, расчлянёны лучковымі аконнымі і дзвярнымі праёмамі ў плоскіх ліштвах, завершаны шырокім трохвугольным франтонам; быў фланкіраваны вежамі (захаваліся ніжнія ярусы). Сцены расчлянёныя лучковымі вокнамі і пілястрамі ў прасценках. Пры перабудове ў праваслаўную царкву быў надбудаваны купал з цыбулепадобнай галоўкай на драўляным васьмігранным барабане. Храм перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі і папружнымі аркамі. Над цэнтральным уваходам хоры, якія апіраюцца на трохпралётную аркаду. Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia