Спаса-Праабражэнская царква (Шпакоўшчына)
Спаса-Праабражэнская царква — праваслаўная царква ў вёсцы Шпакоўшчына Полацкага раёна, пабудаваная ў другой палове XIX ст. Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. ГісторыяПабудавана ў другой палове XIX ст. У 1956 годзе яна была закрыта мясцовымі ўладамі, у будынку месціўся склад зерня. Праз вокны былі працягнуты транспарцёрныя стужкі. Адраджэнне храма пачалося ў 1985 годзе з прыходам айца Міхаіла (Міхаіл Васільевіч Карандзей). АрхітэктураВырашана паводле канона чатырохчасткавага праваслаўнага храма: званіца, трапезная, малітоўная зала з бакавымі прыдзеламі, апсіда з рызніцай. Дзве вертыкальныя дамінанты з цыбулепадобнымі купаламі на гранёных барабанах — шатровая двух’ярусная званіца (васьмярык на чацверыку) над прытворам і кубападобны аб’ём малітоўнай залы пад пакатым чатырохсхільным дахам. Дынаміка кампазіцыі нарастае ад нізкіх рызніцы і прыдзелаў да цэнтральнага аб’ёму і завяршаецца высотнай дамінантай шатровай званіцы. Уваход вырашаны манументальным двухслуповым арачным ганкам-рундуком. Мае насычаную дэкаратыўную апрацоўку — вуглавыя лапаткі з шырынкамі і ўразныя калонкі, круглыя разеткі, прафіляваныя карнізы з філёнгавымі і какошнікавымі фрызамі, рустоўку, падваконныя філёнгі. Адзінарныя і патройныя арачныя аконныя праёмы апрацаваны прафіляванымі паўкруглымі і кілепадобнымі ліштвамі. Інтэр’ерУнутры памяшканні аб’яднаны шырокімі арачнымі прасветамі, апсіда вылучана трох’ярусным драўляным іканастасам, створаным, як і алтарныя карціны і люстра, родным братам айца Міхаіла — айцом Антоніем (Антонам Васільевічам Карандзеем). На паўднёвай сцяне, справа ад алтара, абраз вялікамучаніка Панцеляймона (прыблізна датаваны кан. ХІХ — пач. ХХ стст.). Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia