Спаская вуліца (Гомель)Спаская вуліца — вуліца ў старосцінскім і раннім румянцаўскім Гомелі. Вядомая па пісьмовых крыніцах з другой паловы XVII ст. Існавала прынамсі да канца XVIII ст., калі адбылася маштабная перабудова гістарычнага Гомеля. ГісторыяЧас узнікнення, як самой вуліцы, так і яе назвы застаецца нявысветленым. Першыя вядомыя на сёння пісьмовыя згадкі пра яе прыпадаюць на другую палову XVII ст. і звязаныя з «Інвентаром Гомельскага староства» 1681 года. На той час на ёй размяшчаліся парадку 16 падворкаў, два з якіх 2 значыліся за шляхціцам Красоўскім, па адным — за святарамі Траецкай і Спаскай цэркваў, а таксама знаходзіліся касцёл і царква[1][2]. Згодна з «Актам інвентара Гомельскага староства» 1738 года колькасць падворкаў тут складала 18, уключна з сядзібай святара Траецкай царквы («Piotr Pop Troiecki»)[3]. «Люстрацыя Гомельскага староства» 1765 года і «Інвентар Гомельскага староства» 1771 года зафіксавалі на Спаскай вуліцы 21 падворак, уключна з сядзібай святара Спаскай царквы («Wasil Pop Spaski»)[4][5]. Прозвішчы ўладальнікаў падворкаў даюць магчымасць уявіць прафесійную прыналежнасць жыхароў вуліцы: Каваль Дрозд, Кандрат Кушнер (1681 г.)[2]; Тамаш Жаўнер, Стэфан Драздоўскі Трубач (1738 г.)[3]; Місевіч Арганіста (1765 г.)[4]. Паходжанне назвыНазву атрымала па Спаскай царкве, якая станам на 1681 год знаходзілася ў самым пачатку вуліцы. На пісьме па-польску назва падавалася як «Spaska»[3][4][5]. Прыкладаў напісання назвы па-старабеларуску пакуль не выяўлена. ЛакалізацыяАдносна іншых вуліц займала сярэдзіннае становішча. Знаходзілася паміж вуліцамі Траецкай і Дэканаўскай. Ішла ад замка да гарадскіх умацаванняў на захадзе, што прыблізна адпавядае сучаснаму адрэзку ад склепа-ледніка пры паўночным крыле палаца Румянцавых і Паскевічаў да сядзібы драматычнага тэатра[1][6]. Зафіксавана на плане Гомеля 1799 года без подпісу назвы[6]. Зноскі
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia