Сцяпан Андрэевіч Умрэйка
Сцяпан Андрэевіч Умрэйка (19 снежня 1908, в. Пясочнае, Капыльскі раён, Мінская вобласць — 19 чэрвеня 1978) — беларускі вучоны ў галіне педагогікі. Член-карэспандэнт АПН СССР, Заслужаны настаўнік БССР. БіяграфіяНарадзіўся ён у в. Пясочнае (цяпер Капыльскі раён Мінскай вобласці) ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння сямігадовай школы паступіў у Менскі педагагічны тэхнікум. З 1928 г. працаваў настаўнікам у в. Пясочнае. Дзякуючы намаганням Умрэйкі і яго калег вёска стала адным з першых культурных цэнтраў раёна. Тут пабудавалі новае памяшканне школы-сямігодкі, адкрылі клуб, хату-чытальню. Школа доўгія гады была ў ліку лепшых школ раёна. У 1930 г. Сцяпан Умрэйка пераехаў у Менск, працаваў у райкаме камсамола, рэдакцыі газеты «Чырвоная змена», быў настаўнікам, завучам, дырэктарам сярэдняй школы. У 1939 г. назначаны начальнікам упраўлення сярэдніх школ Народнага камісарыята асветы БССР. У 1941 г. завочна закончыў гістарычны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага. У час Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся на фронце. Пасля вызвалення Беларусі ў 1944 г. Сцяпан Умрэйка прымаў актыўны ўдзел у аднаўленні народнай гаспадаркі і ўстаноў адукацыі. Быў назначаны першым намеснікам наркама Народнага камісарыята асветы БССР. Ён разгарнуў актыўную дзейнасць па будаўніцтве і арганізацыі школ, забеспячэнні іх вучэбнымі дапаможнікамі і метадычнымі распрацоўкамі, падрыхтоўцы і падборы педагагічных кадраў. З 1948 па 1952 г. С. А. Умрэйка ўзначальваў Навукова-даследчы інстытут педагогікі Міністэрства асветы БССР. У 1952 г. абараніў дысертацыю на тэму «Очерки по истории советской общеобразовательной школы в БССР (1920—1941 гг.)» на атрыманне вучонай ступені кандыдата педагагічных навук. У гэтым жа годзе прызначаны намеснікам міністра асветы БССР, на гэтай пасадзе працаваў да 1964 г. Работу ў міністэрстве сумяшчаў з педагагічнай дзейнасцю ў Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя А. М. Горкага і Беларускім дзяржаўным універсітэце імя У. І. Леніна. З 1964 па 1972 г. С. А. Умрэйка загадваў кафедрай педагогікі і псіхалогіі БДУ, у 1972 г. стаў прафесарам. Адначасова з 1967 па 1974 г. працаваў прарэктарам па вучэбнай рабоце БДУ. У 1968 г. стаў членам-карэспандэнтам Акадэміі педагагічных навук СССР. У апошнія гады сваёй дзейнасці з’яўляўся прафесарам-кансультантам кафедры педагогікі БДУ. Навуковая дзейнасцьНавуковыя працы С. А. Умрэйкі прысвечаны станаўленню і развіццю агульнаадукацыйнай школы, гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Ім напісана больш за 300 навуковых работ. Сярод іх — «Состояние народного образования в БССР и осуществление закона о перестройке школы» (1961), «Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі» (у суаўтарстве, 1968), «Патриотизм учителей и школьников Белоруссии в борьбе против немецко-фашистских оккупантов» (у суаўтарстве, 1980) і інш. С. А. Умрэйка падрыхтаваў 4 доктара і 22 кандыдата педагагічных навук. З’яўляўся членам рэдкалегіі Беларускай савецкай энцыклапедыі, членам прэзідыума Рэспубліканскага таварыства «Веды», членам вучэбна-метадычнага савета Міністэрства асветы БССР, намеснікам старшыні Рэспубліканскага савета па каардынацыі навукова-даследчых работ па педагагічных навуках, членам экспертнай камісіі Вышэйшай атэстацыйнай камісіі СССР, старшынёй Савета БДУ па абароне дысертацый і прысуджэнні вучоных ступеней па філасофскіх і гістарычных навуках. Вучоны выступаў з лекцыямі перад настаўніцкай аўдыторыяй у многіх гарадах Беларусі. Выбіраўся дэлегатам Усесаюзнага з’езда настаўнікаў. Неаднаразова С. А. Умрэйка прадстаўляў нашу краіну на міжнародных канферэнцыях па праблемах адукацыі. УзнагародыУ 1971 г. стаў заслужаным настаўнікам БССР. Імя С. А. Умрэйкі прысвоена Песачанскай сярэдняй школе. Ён узнагароджаны баявымі і працоўнымі ордэнамі і медалямі СССР, ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР. Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia