Сяргей Валер’евіч Волкаў
Сяргей Валер’евіч Волкаў (нар. 21 жніўня 1977) — акцёр Палесскага драмтэатру, арганізатар і рэжысёр тэатральнай студыі «Пераадоленне», арганізатар культурніцкіх мерапрыемстваў. Палітычны зняволены, абвінавачаны і асуджаны падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе. БіяграфіяНарадзіўся ў Волагдзе, сваякі Сяргея па лініі бацькі паходзяць з Расіі, але калі яму быў год, бацькі-інжынеры прыехалі працаваць у Пінск, дзе атрымалі кватэру і аселі. Творчыя здольнасці праяўляў ужо ў дзяцінстве, яго брат Яўген узгадвае: «Ён пісаў вершы, п’есы, оды… Браў удзел у розных аматарскіх гуртках. Усе яго творы ў асноўным ціхенька захоўваліся ў рукапісах, але жаданне неяк пераносіць гэта на сцэну перамагло — і, ужо будучы жанатым, з дзецьмі, ён вырашыў атрымаць тэатральную адукацыю. Паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры на рэжысёра святаў і абрадаў. Прычым там не было завочнага аддзялення, так што малады тата вучыўся на дзённым. Але ўсё давёў да канца»[1]. У Палескім драматычным тэатры ў Пінску Волкаў граў ад адкрыцця тэатра ў красавіку 2006 года, раней выконваў ролі ў студыі «Дыяген» (кіраўнік студыі і першы дырэктар тэатру Іван Іванавіч Базан), якая і стала асновай для тэатра[2]. Выконваў ролі Кулігіна («Навальніца» Астроўскага), Дзясяцкага («Пінская шляхта» Дуніна-Марцінкевіча), Селяніна («Рагнеда» Дударава), Ваўка у дзіцячым спектаклі-казцы «Памяранцавы вожык», дзясяткі іншых роляў. Пасля затрымання Волкава, яго калегі адзначалі, што «Сяргей як акцёр незаменны, ён вельмі любіць сцэну, умее граць на некалькіх музычных інструментах, што былі задзейнічаныя ў некаторых спектаклях. Ён заўсёды за мастацтва: і хваляваўся, і прыдумваў, і выконваў. Кожную ролю ён ствараў, доўга капаючыся ў сабе, і яна атрымлівалася напоўненай і скончанай, не падобнай да іншых. Цяпер у некаторыя спектаклі вымушаныя на яго ролі ўводзіць іншых акцёраў. А тыя, дзе яго нельга замяніць, спісваюць. Адсутнасць Сяргея — вялікая страта для тэатра»[1]. Таксама выкладаў тэатральнае майстэрства для дзетак у Пінскім гарадскім доме культуры (студыя «Фанарыкі Дыягена»). Супрацоўнічаў з створанай Нінай Грынько на базе Пінскай арганізацыі інвалідаў тэатральнай студыяй «Пераадоленне», якая складалася з маладых інвалідаў і людзей з асаблівасцямі псіхафізычнага развіцця; разам з гэтым тэатрам Волкаў, як арганізатар і рэжысёр, прымаў удзел у розных тэатральных фестывалях, быў лаўрэатам 1-ай прэміі Міжнароднага фестывалю творчасці інвалідаў «Славянскі базар-2010» (намінацыя «Тэатральнае мастацтва»), лаўрэатам Міжнароднага фестывалю жыццятворчасці інвалідаў «Шлях до успіху» ў Запорожжы (Украіна), прымаў удзел у фестывалях асаблівых тэатраў у Любліне, Львове, Кіеве[3][4]. Акрамя гэтага, Волкаў ладзіў у Пінску народныя святы і рэканструкцыі абрадаў. Калі праз эпідэміялагічную сітуацыю ў 2020 годзе ў тэатры прыпынілі паказы спектакляў, Волкаў пайшоў працаваць санітарам у бальніцу[1]. Акрамя тэатральнага мастацтва, Волкаў захапляецца шахматамі, грае на некалькіх музычных інструментах, з-за кратаў дасылае вершы. У Сяргея трое сыноў: Мікіта (таксама, як і бацька, праходзіў па «пінскай справе»), Віктар і Міраслаў, Віктар мае дыягназ ДЦП. Жонка Таццяна. Палітычны пераследСяргей Волкаў быў затрыманы 5 мая 2021, калі шоў на працу ў тэатральны гурток у ДК, яму прад’явілі абвінавачанне па справе аб масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса), узбуджанай па падзеях у Пінску ў ноч пасля выбараў 9 жніўня («Пінская справа»), ён быў змешчаны ў СІЗА № 6 у Баранавічах. 18 мая 2021 года сумеснай заявай дзевяці беларускіх праваабарончых арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хельсінскі камітэт, Беларускі ПЭН-цэнтр, Сяргей Волкаў быў прызнаны палітычным зняволеным[5]. Разгляд крымінальнай справы Волкава і іншых у судзе пачаўся 31 мая 2021, справу «другой партыі» падсудных (раней па гэтай справе ўжо былі асуджаны 14 чалавек) разглядала суддзя Вера Філонік, бок абвінавачвання быў прадстаўлены пракурорамі Міхаілам Дайнекам і Сцяпанам Ляшком. Мужчын вінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках, гвалце ў адносінах да супрацоўнікаў міліцыі (у справе пералічаны 109 пацярпелых міліцыянтаў), знішчэнні маёмасці, грубым парушэнні грамадскага парадку[6]. За выключэннем Сяргея Волкава, усе фігуранты справы прызналі, што здзяйснялі дзеянні, прад’яўленыя ў абвінавачванні: кідкі рознымі прадметамі, але пры гэтым яны не пераследавалі мэты прычынення каму-небудзь цялесных пашкоджанняў або прымянення гвалту. Волкаў жа растлумачыў, што падабраў з зямлі запальнічку, каб выкарыстоўваць яе ў наступным, але зразумеў, што яна няспраўная і адкінуў у бок. Усе абвінавачаныя таксама казалі, што не бралі ўдзелу ў масавых беспарадках, не дзейнічалі групай асоб, бо не былі адзін з адным знаёмыя, не ўжывалі гвалту, не пашкоджвалі і не знішчалі чужой маёмасці. Волкаву дзяржабвінаваўцы запрасілі 4 гады ва ўмовах узмоцненага рэжыму[7]. У сваім апошнім слове на судзе Волкаў заявіў, што «Беларуская справядлівасць — гэта, перш за ўсё, банальная помста з намерам запалохаць грамадзян, а ідэалогія дае ўмоўнае апраўданне злачынству», таксама працытаваў радкі з Евангелля. У выніку 6 ліпеня 2021 суддзя Філонік прызначыла ўсім дзесяці падсудным менавіта такія тэрміны, якія раней запрасілі пракуроры, беларуская праваабарончая супольнасць прызнала ўсіх абвінавачаных па гэтай справе палітзняволенымі[8]. У той жа дзень, 6 ліпеня 2021 года, шэфства (сімвалічнае хроснае бацькоўства) над Сяргеям Волкавым узяла Моніка Грутэрс, дэпутатка Бундэстага і дзяржаўная міністарка культуры Германіі[9][10]. Волкаў утрымліваецца ў папраўчай калоніі № 17 у Шклове, дзе працуе на дрэваапрацоўцы, робіць паддоны. З-за кратаў дасылае вершы[11]. Зноскі
Спасылкі |
Portal di Ensiklopedia Dunia