Сідама
Сідама (саманазва: ሲዳማ) — кушыцкі народ у Эфіопіі. Агульная колькасць (2023 г.) — 5 193 000 чалавек[1]. Згодна паданням сідама, іх першаснай радзімай былі раёны паўднёвага ўсходу сучаснай Эфіопіі на мяжы з Самалі і Кеніяй. Аднак у XVI ст. яны былі выціснуты адтуль арома. Частка сідама пры гэтым рассялілася па ўсяму паўднёваму захаду, але галоўныя буйныя роды аселі вакол возера Аўаса на поўдзень ад Адыс-Абебы, пазней насялілі болей шырокі рэгіён. Паданні часткова тлумачаць, чаму ў XIX ст і ў большаую частку XX ст. назва сідама ўжывалася эфіопамі як зборная ў дачыненні некаторых іншых народаў паўднёвага захаду. Аднак, як паказваюць даследаванні лінгвістаў, не ўсе гэтыя народы сапраўды звязаны з сідама, паколькі размаўляюць на амоцкіх мовах. Назва сідама ў дачыненні да канкрэтнага народа пагорыстай часткі Эфіопіі і Вялікага Рыфта паходзіць ад наймення самага буйнога роду. Іншыя буйныя роды: Алаба, Тамбара, Кевена і Марака. Сідама былі канчаткова падначалены эфіопскім імператарам Менелікам II толькі ў другой палове XIX ст. Перадача найбольш урадлівых зямель памешчыкам прывяла да няўдалага паўстання ў 1960 г. Памешчыцкія землеўладанні былі ліквідаваны пасля падзення манархіі ў 1974 г. У 2020 г. у выніку рэферэндуму быў створаны асобны аўтаномны рэгіён Сідама. Раёны, населеныя сідама, вызначаюцца адносна мяккім кліматам, выдатна прыстасаваным для земляробства. Сідама вырошчваюць кукурузу, проса, гародніну. Аднак найбольш важная сельскагаспадарчая культура — кава. Тут вырошчваюць да 40% эфіопскай кавы, а таму эканамічны дабрабыт значна залежыць ад міжнародных коштаў на каву. У мінулым значную эканамічную і асабліва культурную ролю адыгрывала жывёлагадоўля. Свойская жывёла была вымяральнікам сацыяльнай значнасці гаспадара, часцяком служыла грашовым сродкам. Але ў апошнія дзесяцігоддзі з-за скарачэння плошчы пашаў і эпізаотый колькасць свойскай жывёлы стала змяншаецца. Большасць вернікаў-сідама спавядаюць хрысціянства, належаць да Эфіопскай Праваслаўнай царквы або да пратэстанцкіх арганізацый, што ўзніклі дзякуючы актыўнасці заходніх місіянераў. ЗноскіЛітаратура
Спасылкі |
Portal di Ensiklopedia Dunia