Сіньша
Сі́ньша — возера на мяжы Віцебскай вобласці (Расонскі раён) Беларусі з Пскоўскай вобласцю Расіі ў басейне ракі Дрыса, за 37 км на ўсход ад гарадскога пасёлка Расоны, за 6 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Забор'е, на тэрыторыі ландшафтнага заказніка Сіньша. Плошча паверхні 2,53 км². Даўжыня возера 4 км, найбольшая шырыня 1,44 км, даўжыня берагавой лініі 9,9 км. Найбольшая глыбіня 7,1 м, сярэдняя 3,2 м. Аб'ём вады 8,07 млн. м³. Плошча вадазбору 1782 км². Вадазбор у межах Беларусі дробна- і сярэднеўзгорысты, складзены з суглінкаў, пяскоў і супескаў. Катлавіна возера лагчыннага тыпу, выцягнутая з паўночнага захаду на паўночны ўсход. Двума астравамі (агульная плошча 0,17 км²) і паўвостравам катлавіна падзелена на 2 плёсы, злучаныя вузкімі пралівамі. Схілы катлавіны вышынёй 10—15 м (на паўночным усходзе 5—8 м), умерана стромкія, параслі лесам. У паўночнай і ўсходняй частках тэраса вышынёй 1,2 м. Берагавая лінія звілістая. Ёсць мноства невялікіх заліваў. Берагі зліваюцца са схіламі катлавіны. Пойма шырынёй 10—20 м, пад хмызняком. Зона мелкаводдзя вузкая вакол астравоў і ўздоўж паўночна-заходняга берага. У астатніх месцах мелкаводдзе пашыраецца да 50 м. Дно да глыбіні 2,5—3 м выслана пяском, ніжэй ілам і сапрапелем. У возеры водзяцца шчупак, лешч, акунь, плотка, краснапёрка, лінь, судак, жэрах, гусцяра, мянтуз і іншыя віды рыб. Маляўнічасць і зручнае палажэнне робяць возера прыдатным для воднага турызму і адпачынку. Гл. таксамаЛітаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia