Укрыжаванне з Поразава
Укрыжаванне з Поразава — драўлянае скульптурнае ўкрыжаванне, створанае невядомым майстрам, верагодна, у 1696 годзе. Захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі (інв. КП-1942, ДБС-53)[1]. Паходзіць з касцёла Св. Міхаіла Архангела ў мястэчку Поразава Свіслацкага раёна. Паводле звестак каталога «Скульптура и резьба Беларуси XII—XVIII вв.», складзенага мастацтвазнаўцай Н. Ф. Высоцкай, паходзіць з Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці. Скульптура была выяўлена мастаком Пятром Сергіевічам у 1938 г. і перададзена ім у Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча (інв. № 279)[2][1]. ![]() На адвароце Укрыжавання ёсць надпіс лацінкай «1696, Kazimirus Krupowicz». На падставе надпісу была зроблена выснова, што Казімір Круповіч ёсць аўтарам твора, яго імя было ўнесена ў слоўнік рэзчыкаў, скульптараў, якія працавалі ў Беларусі ў XV—XVIII стст[3][1]. Аднак, даследчык Станіслаў Чавус звярнуў увагу, што ў 1937 годзе Сергіевіч працаваў у касцёле Св. Міхаіла Архангела ў мястэчку Поразава, ствараючы для яго абраз Маці Божай, некаторыя перададзеныя ім у музей прадметы пазначаны дакладна як прадметы з Поразава, а ў алтары самога касцёла ёсць стылістычна блізкія скульптуры. На падставе гэтага Чавус робіць выснову, што Укрыжаванне разам з іншымі прадметамі было вывезена ў 1938 г. з мястэчка Поразава Ваўкавыскага павета[1]. У гістарычных дакументах, звязаных з Поразавам, захавалася таксама імя Казіміра Круповіча. Выявілася, што ён быў не рэзчыкам, а поразаўскім плябанам, які разам з ружанскім дэканам Янам Янкоўскім удзельнічаў у будаўніцтве мясцовага касцёла ў 1715 г. Гэты касцёл быў асвечаны ў 1732 г. у гонар Унебаўзяцця Панны Марыі. Такім чынам надпіс, змешчаны на адваротным баку твора, звязаны з імем фундатара, што цалкам уласціва для сакральнага мастацтва XVII—XVIII стст[1]. Крыніцы
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia