Цёста
Цёста — возера ў Беларусі ў Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласці ў басейне ракі Аўсянка. АпісаннеПлошча воднай паверхні возера 5,35 км², даўжыня 6,25 км, найбольшая шырыня 1,1 км. Найбольшая глыбіня 11,7 м. Плошча вадазбору 426 км². Азёрная катлавіна складанага тыпу, звязана між іншым з выворваючай дзейнасцю старажытнага ледавіка, падзяляецца на 3 плёсы, паводле формы нагадвае перавернутую літару «Г». Паўночны плёс мелкаводны, сярэдні мае найбольшыя глыбіні, паўднёвы — глыбіні да 8 метраў. Схілы катлавіны спадзістыя, на ўсходзе і поўдні забалочаныя. Заходнія, паўночна-заходнія і паўднёва-ўсходнія схілы стромкія вышынёй да 8 м. Берагавая лінія звілістая і ўтварае шмат заліваў. Берагі нізкія, пясчаныя, у паўднёвай частцы возера забалочаныя. Ва ўсходнім заліве берагі сплавінныя. Літаральная зона спадзістая і шырокая, уздоўж заходняга і ўсходняга берагоў вузкая і стромкая. На возеры 11 астравоў агульнай плошчай 0,09 км² (найбольшы з іх мае назву Гарадзішча). Ланцуг з астравоў выцягнуты па даўжыні катлавіны, яны маюць характэрную форму друмлінаў з асіметрычнымі схіламі, што адпавядае напрамку руху ледавіка. Дно возера да глыбіні 2—2,5 м пясчанае і пясчана-гліністае, глыбей выслана сапрапелем. Вада на найбольшых глыбінях каля дна мае тэмпературу да 10 °C. Салёнасць вады вагаецца ад 145—160 мг/л летам да 240 мг/л у зімовы час. Прыбярэжная надводная расліннасць пашыраецца да глыбіні 1—1,5 м і займае паласу 10—30 м. Растуць хвошч, трыснёг, чарот, асокі. Ахоўны від вадзяны арэх плывучы ўтварае зараснікі ў паўднёвай частцы катлавіны. Возера эўтрофнае, праточнае. Праз возера працякае рака Аўсянка (злучае Цёста з азёрамі Мядзесна і Ведрынскае), упадае рака Марысіна і 6 ручаёў. Тут водзяцца лешч, судак, шчупак, лінь, язь, плотка, акунь, мянтуз, джгіры і іншыя віды рыб. Каля возера размешчаны вёскі Селязні і Сяло. Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia