Чэмпіянат Кітая 2016 (англ.: China Championship 2016, таксама вядомы як Evergrande China Championship 2016 — ад назвы спонсара) — прафесійны нярэйтынгавы турнір па снукеры, які праходзіў з 1 па 5 лістапада 2016 года ў Гуанчжоу, Кітай. Турнір стаў першым розыгрышам чэмпіянату Кітая. Кампанія Evergrande упершыню спансавала гэтае спаборніцтва. Прызавы фонд турніру склаў £650,000, з якіх £200,000 атрымаў пераможца.
Прызавы фонд новага кітайскага турніру склаў £650,000. Першы прыз, які атрымаў пераможца спаборніцтва, склаў £200,000, стаўшы найбуйнейшым першым прызам у гісторыі снукерных турніраў, якія праходзілі па-за тэрыторыяй Вялікабрытаніі, а таксама перасягнуўшы прызавыя пераможцаў усіх турніраў сезона, апроч чэмпіянату свету і Мастэрс.
На чэмпіянат Кітая 2016 года былі запрошаны топ-10 снукерыстаў сусветнага рэйтынгу, 4 снукерысты, якія мелі найвышэйшы аднагадовы рэйтынг (які вёўся з пачатку сезона), але не ўваходзілі ў топ-10 сусветнага рэйтынгу, а таксама два снукерысты, якія атрымалі спецыяльнае запрашэнне ад Кітайскай асацыяцыі більярда і снукера (CBSA).
Пасеў гульцоў на спаборніцтва быў утвораны паводле афiцыйнага рэйтынгу на 26 верасня 2016 года (пасля Шанхай Мастэрс 2016 года). Такім чынам, напрыклад, Джо Пэры, які займаў дзявятую пазіцыю ў рэйтынгу перад турнірам, кваліфікаваўся на яго толькі паводле вынікаў аднагадовага рэйтынгу, бо пасля Шанхай Мастэрс займаў адзінаццатае месца ў афіцыйным рэйтынгу.
Роні О’Саліван, які займаў дзявятае месца ў рэйтынгу і атрымаў права на ўдзел у чэмпіянаце Кітая, адмовіўся ад удзелу. Такім чынам, замест яго на турнір патрапіў Марк Уільямс, які займаў 13-ы нумар у рэйтынгу пасля Шанхай Мастэрс, бо Джо Пэры, які знаходзіўся на адзінаццатым месцы, ужо кваліфікаваўся на турнір праз аднагадовы рэйтынг, а Марка Фу, які займаў дванаццатае месца, атрымаў запрашэнне ад CBSA.
З снукерыстаў, якія ўваходзілі ў топ-16 афіцыйнага рэйтынгу перад пачаткам турніру, двое (без уліку Роні О’Салівана) не патрапілі на чэмпіянат Кітая — Бары Хокінс (14-ы ў сусветным рэйтынгу) і Кайрэн Уілсан (15-ы). З снукерыстаў, якія не ўваходзілі ў топ-16 сусветнага рэйтынгу, на турніры прынялі ўдзел Рыкі Уолдэн (17-ы), Энтані Мак-Гіл (18-ы) і Майкл Холт (22-і).
У 15 матчах асноўнай стадыі чэмпіянату Кітая гульцы аформілі 22 соценныя брэйкі. Колькасць брэйкаў, вышэйшых за 50 ачкоў, дасягнула 110 серый.
Лідарам па колькасці соценных і паўсоценных серый стаў фіналіст спаборніцтва Сцюарт Бінэм з 21 брэйкам за 50 ачкоў, 7 з якіх былі соценнымі. Пераможца турніру Джон Хігінс выканаў 20 паўсоценных серый (5 сэнчуры), а паўфіналісты Шон Мёрфі і Марк Ален — 18 (4) і 12 (5) адпаведна. У паўфінальным матчы супраць Бінэма Мёрфі выканаў найвышэйшы брэйк на спаборніцтве ў 144 балы.
Ніжэй прадстаўлены ўдзельнікі, упарадкаваныя па іх найвышэйшай серыі на турніры. Насупраць пералічаны ўсе соценныя і паўсоценныя брэйкі кожнага гульца.