Будынак фабрыкі «Вікторыя» (Мінск)
Будынак фабрыкі «Вікторыя» — будынак у Мінску, размешчаны па вуліцы Кірава, 23. ГісторыяДвухпавярховы мураваны будынак пабудаваны ў 1913—1914 гг. мінскім прадпрымальнікам Шаламой Данішэўскім. У 1914—1920 гадах будынак займала ягоная парфумерная фабрыка «Вікторыя»[1]. ![]() З утварэннем БДУ разбураны будынак фабрыкі «Вікторыя» перадалі ў распараджэнне ўніверсітэта. У гэты час ён вядомы як дом № 2 БДУ. Пасля рамонту, на працягу 1922—1930 гг., тут знаходзіўся анатамічны тэатр (пазней Інстытут анатоміі, з 1929 г. — кафедра нармальнай анатоміі) медфака БДУ[1]. Са справаздачы рэктара У. І. Пічэты ў 1922 годзе[1]:
Вядома, што на першым паверсе знаходзілася прасторная секцыйная зала, у якой праводзіліся практычныя заняткі са студэнтамі (у анатамічным тэатры праходзілі заняткі па аператыўнай хірургіі і тапаграфічнай анатоміі ). Тут жа знаходзілася 15 сталоў. Мелася некалькі пакояў для заняткаў па астэалогіі . На другім паверсе знаходзілася аўдыторыя-амфітэатр, у якой чыталіся лекцыі па анатоміі. Там жа знаходзіўся невялікі пакой для анатамічнага музея, у шафах якога экспанаваліся шкілеты чалавека і жывёл. У падвале знаходзілася сховішча для трупаў, якія падаваліся на першы паверх з дапамогай пад’ёмніка. Быў там і ляднік, запоўнены лёдам, дзе захоўваўся спецыяльна апрацаваны анатамічны матэрыял. Цікава, што, пачынаючы з 1925 г. у Інстытуце па нядзелях праводзіліся экскурсіі і чыталіся лекцыі для насельніцтва[1]. На санітарны стан будынка неаднаразова скардзіліся. У 1926 г. сустракаецца інфармацыя, што «жыхары атручваюцца вельмі дрэнным пахам», які ішоў ад «анатамічкі», а ў газеце «Звязда» за 1928 г. з’явілася нататка, аб антысанітарных умовах у раёне Ляхаўкі, звязаныя з тым, што бруд з Інстытута проста зліваўся ў вулічны вадасцёк і сцякаў па 1-ай вуліцы Лекерта (цяпер спуск з вул. Кірава на вул. Ульянаўскую)[1]. У 1930 г. кафедра нармальнай анатоміі пераехала ў новы будынак ва ўніверсітэцкім гарадку[1]. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны ад бамбардзіроўкі нямецкай авіяцыяй дом моцна пацярпеў — быў адноўлены і перабудаваны ў канцы 1940-х — пачатку 1950-х як жылы дом[1]. Зноскі
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia