Нажавы тэракт у порце Яфы (2016)
8 сакавіка 2016 года 21-гадовы палесцінскі араб з Калькіліі забіў амерыканскага турыста Тэйлара Алена Форса і параніў яшчэ дзесяць чалавек, напаўшы на іх з нажом у порце Яфы, муніцыпалітэт Тэль-Авіў-Яфа, Ізраіль. Нападнік быў застрэлены паліцыяй пасля пагоні па набярэжнай[1][2]. НападНапад адбыўся ў Яфе падчас сустрэчы віцэ-прэзідэнта ЗША Джо Байдэна з былым прэзідэнтам Ізраіля Шымонам Перэсам у Тэль-Авіве (менш як за 2 км ад месца тэракту). Тэрарыст спачатку напаў на людзей у гавані, а затым накіраваўся да рэстарана, дзе параніў яшчэ чацвярых. Напад доўжыўся некалькі хвілін і скончыўся тым, што нападнік быў застрэлены прыбылай на месца паліцыяй[1]. АхвярыПадчас тэракту быў смяротна паранены Тэйлар Форс, 28-гадовы грамадзянін ЗША. У дзяцінстве ён быў байскаўтам, дайшоўшы да вышэйшага рангу «скаўта-арла », затым скончыў у 2009 г. Ваенны інстытут Нью-Мексіка і Ўэст-Пойнт, пасля чаго служыў афіцэрам у арміі ЗША. Форс прыняў удзел у аперацыях «Новы світанак» у Іраку і «Нязломная свабода» ў Афганістане; адслужыўшы 5 гадоў, ён звольніўся з войска ў 2014 годзе. Падчас нападу Форс, студэнт MBA, падарожнічаў разам з іншымі студэнтамі Вышэйшай школы менеджменту Оўэна Вандэрбільтаўскага ўніверсітэта, якія вывучалі глабальнае прадпрымальніцтва[3][4]. Апроч Форса, былі параненыя яшчэ 11 чалавек, у тым ліку яго жонка, прахожая цяжарная жанчына, ізраільскі араб і палесцінец, які незаконна пражываў у Ізраілі[5]. ТэрарыстНападнікам аказаўся 21-гадовы Башар Масалха, родам з горада Калькілія, размешчанага ў Палесцінскай аўтаноміі. Ён пражываў у Ізраілі нелегальна. Пасля тэракту сям’я забойцы атрымала штомесячную пенсію ад «Фонду пакутнікаў» Палесцінскай аўтаноміі, якая ў некалькі разоў перавышае сярэднямесячную заработную плату ў гэтым рэгіёне[6]. НаступствыПасля гэтага і двух іншых нападаў прэм’ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху правёў кансультацыі па пытаннях бяспекі з міністрам абароны Ізраіля Мошэ Яалонам, міністрам унутранай бяспекі Гіладам Эрданам, начальнікам паліцыі Роні Альшэйхам, а таксама прадстаўнікамі ЦАХАЛ і Шабак. У канцылярыі прэм’ер-міністра заявілі, што было неадкладна вырашана закрыць прабоіны ў раздзяляльным бар’еры ў раёне Іерусаліма і завяршыць будаўніцтва бар’ера ў раёне Таркуміі на поўдні Хеўронскага нагор’я. Было таксама вырашана закрыць за падбухторванне палесцінскія СМІ, выдзеленыя спецыялістамі міністэрства абароны. Акрамя таго, было вырашана адклікаць дазволы на працу ў членаў сем’яў нападнікаў[7]. Ізраільская паліцыя пачала аперацыю па затрыманні палесцінскіх нелегалаў, засяродзіўшы сваю ўвагу на будаўнічых пляцоўках і буйных гандлёвых цэнтрах, дзе часцей за ўсё сустракаюцца нелегальныя працаўнікі. Было затрымана больш за 250 нелегалаў. Паліцыянты выявілі невялікі пасёлак з намётамі для сну, душавымі, туалетам і кухняй, які арабскія нелегалы ўзвялі ля вадзі Бэсор на поўдні Ізраілю, недалёка ад сектара Газа. Паліцыя паведаміла, што на 10 сакавіка 2016 года было арыштавана 15 ізраільскіх працадаўцаў і 12 кіроўцаў[8]. Па даных камітэта Кнэсета па ўнутраных справах і навакольным асяроддзі ад 14 сакавіка, пад кіраўніцтвам Давіда Амсалема (партыя «Лікуд»), з 73 нападаў палесцінскіх тэрарыстаў, якія адбыліся з верасня 2015 года ў межах «зялёнай лініі», 27 былі здзейснены палесцінскімі арабамі-нелегаламі[9]. РэакцыіУрад ІзраіляПрэм’ер-міністр Ізраілю Біньямін Нетаньяху асудзіў тэракт і заявіў: «Ад імя народа Ізраіля я выказваю спачуванні сям’і і сябрам Тэйлара. Няхай яго памяць будзе благаславеннем»[10]. Палесцінскія арганізацыіФАТХ, партыя палесцінскага лідара Махмуда Абаса, апублікавала заяву, якая ўсхваляе нападніка як героя і «шахіда», і прадугледжвае, што такія напады будуць працягвацца «да таго часу, пакуль Ізраіль не верыць у рашэнне аб стварэнні дзвюх дзяржаў і спыненні сваёй акупацыі»[11]. Ісламісцкі рух ХАМАС заявіў: «Мы апладыруем смелым нападам у Тэль-Авіве, Іерусаліме і Яфе. Гэты доказ правалу ўсіх змоў, закліканых выкараніць інтыфаду, якая будзе працягвацца да таго часу, пакуль яе мэты не будуць дасягнуты»[12]. Ісламскі джыхад Палесціны далучыўся да ХАМАС, вітаючы напады, і заявіў, што іхні працяг пасылае выразнае паведамленне ўсім, хто сумняваецца, даказваючы, што «інтыфада» працягваецца і становіцца ўсё больш інтэнсіўнай[12]. Урад ЗШАВіцэ-прэзідэнт ЗША Джо Байдэн раскрытыкаваў палесцінскіх лідараў за неасуджэнне тэракту, учыненага ў кантэксце рада нажавых тэрактаў супраць ізраільцян. «Гвалт, які мы бачылі ўчора, няздольнасць яго асудзіць, рыторыка, якая падбухторвае да гэтага гвалту, адплата, якую ён спараджае, павінны спыніцца», — сказаў Байдэн[11]. Акт Тэйлара ФорсаУ 2016 годзе ў ЗША сенатары-рэспубліканцы Ліндсі Грэм (ад Паўднёвай Караліны), Дэн Коўтс (ад Індыяны) і Рой Блант (ад штата Місуры) высунулі законапраект, які прапанаваў спыніць амерыканскую эканамічную дапамогу Палесцінскай аўтаноміі датуль, пакуль ПА не зменіць свае законы і не спыніць выплату заробкаў і «дапамог», накіроўваных праз так званы «Фонд шахідаў» тэрарыстам і іхнім сем’ям[13]. 23 сакавіка 2018 года прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам быў падпісаны Акт Тэйлара Форса, паводле якога з сумы, перадаваемай ЗША як дапамога Палесцінскай аўтаноміі, будуць адымацца выплаты тэрарыстам і іхнім сем’ям з боку ПА[14]. Крыніцы
|
Portal di Ensiklopedia Dunia