Эльханан-Бунім Васерман
Эльханан-Бунім Васерман (1875, Біржай — 1941, Каўнас) — вялікі рабін і мудрэц Торы, рэлігійны дзеяч, педагог, кіраўнік заснаванай ім ешывы ў Баранавічах. БіяграфіяНарадзіўся ў 1875 годзе ў гарадку Біржай (Літва). Яго бацькі рав Нафталі-Бейніш і Рохле-Шэйна займаліся гандлем. Вучыўся ў ешыве ў горадзе Цельшы ў рабіна Эліэзера Гардона з”л і рабіна Шымона Шкопа з”л, у Валожыне, Брэсце. У 1899 годзе ажаніўся з дачкой гаона рабі М. Атласа, кіраўніка суда Торы горада Шаўлі (цяпер Літва)[4]. У 1903 годзе разам з рабіном Ёэлем Баранчыкам з”л кіраваў ешывай у Мсціславе, у якой і выкладаў на працягу чатырох гадоў. З 1910 года ў Брэсце выкладаў у ешыве і выконваў абавязкі суддзі. З пачаткам Першай сусветнай вайны жыў у Смалявічах, Магілёве. У 1918 годзе заснаваў ешыву «Оэль Тора» («Шацёр Торы») у Баранавічах (зараз тут, па вул. Царука, размяшчаецца спартыўная школа). Пасля 1933 года рабін Васерман з”л стаў духоўным пераемнікам Хафеца Хаіма з”л, духоўнага лідара яўрэйскага руху ў Польшы і Расіі і аднаго з лідараў Сусветнай канфедэрацыі харэдымных грамадстваў «Агудат Ісраэль» («Адзінства Ізраіля»). Застаючыся на антысіянісцкіх пазіцыях[5], у 1937 годзе рабін Васерман з”л напісаў артыкул «Перад прыходам Машыяха»[6], у якой прааналізаваў стан яўрэйскага народу. «У наш час, — канстатаваў ён, — яўрэі абралі для сябе два галоўныя ідалы, якім яны прыносяць свае ахвяры: размова ідзе пра сацыялізм і нацыяналізм (сіянізм)… І адбыўся цуд: на Нябёсах гэтыя два ідаласлужэнні аб’ядналіся ў адно — нацыянал-сацыялізм — і зрабілі з яго жазло страшэннага гневу». Гэтая кніга была напісана на ідыш і выдадзена ў самым пачатку 1939 года, пазней перакладзена на іўрыт, а таксама на многія еўрапейскія мовы.[7] Першапачаткова рабін Васерман з”л быў перакананы, што яўрэі могуць пазбегнуць катастрофы. Для гэтага яны павінны былі раскаяцца і пазбавіцца ад тых, хто не выконваў запаведзі. Але ў 1938—1939 гг. ён пераканаўся, што ўжо занадта позна: яўрэі, лічыў ён, павінны пакорліва прыняць катастрофу, у якой непазбежна загіне частка нацыі, але пагроза знікнення нацыі прывядзе да боскай літасці і прыходу Месіі. У 1930-ыя гады ешыва рабіна Васермана ў Баранавічах набыла сусветную славу і колькасць студэнтаў тут узрасла да 400. Павялічыліся і ахвяраванні на дзейнасць ешывы ад яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў ЗША, Англіі і Германіі. З пачаткам Другой сусветнай вайны, нягледзячы на магчымасць выезду ў ЗША або Ізраіль, рабін Васерман разам са студэнтамі ешывы пераязджае ў Каўнас. У 1941 годзе быў перамешчаны ў гета, якое размяшчалася ў ваколіцах Каўнаса, у Слабодцы. 9 ліпеня 1941 года быў расстраляны ў IX форце каўнаскай крэпасці.[8] Перад самай смерцю ён выступіў перад сваімі вучнямі: «Відавочна, што на Нябёсах разглядаюць нас як праведнікаў, вартых загладзіць сваім жыццём жыццё народа ізраільскага. Мы павінны, такім чынам, неадкладна пакаяцца — тут і зараз, бо часу мала і Дзявяты форт ужо блізка. Нам трэба памятаць, што мы сапраўды будзем тымі, хто асвеціць імя Божае. Дык давайце ж будзем ісці з высока ўзнятымі галовамі! … Не будзем мець, Божа ўратуй, нявартых думак — пры прынясенні ахвяры гэта недапушчальна. Мы на парозе здзяйснення найвялікшай запаведзі — запаведзі аб асвячэнні Імя. Агонь, які знішчыць нас, — гэта тое самае полымя, з якога адродзіцца яўрэйскі народ». У пасляваенныя гады яго выступленні былі сабраны ў кнігу «Ковец ашыурым» («Збор ўрокаў»). Гэтая кніга вывучаецца ў ешывах па ўсім свеце.[9] Артыкулы рабіна Васермана з”л па складаных пытаннях яўрэйскага светапогляду[10] былі аб’яднаны ў зборнік «Ковец маамарым». Меў сыноў Нафталі і Давіда, якія загінулі падчас вайны, і Сімха (1899—1992), які заснаваў ешывы «Ор Эльханан» у Дэтройце і Іерусаліме. Крыніцы
|
Portal di Ensiklopedia Dunia