У канцы XVIII — пачатку XIX стагоддзяў дзейнічалі 2 фабрыкі (Смалявіцкія лесапільныя прадпрыемствы): лесапільная і дрэваапрацоўчая (1894—1914), лесапільная і мукамольная (1890—1910) і мануфактура (1895—1902)[5]. Выраблялі дошкі, шавецкія шпількі, муку і крупы. Мелі паравыя машыны і паравыя катлы. У 1899—1900 гадах працавала ад 40 чалавек (на мануфактуры) да 68 чалавек (на фабрыках).
У 1909—1915 гадах у Смалявічах дзейнічаў шклозавод «Вікторыя» па вырабу ліставога шкла і бутэлек[5]. У 1910 годзе на ім працавала 160 рабочых, у 1913 годзе — 95 рабочых[5].
У пачатку XIX стагоддзя ў мястэчку змяшчаўся палац, які згарэў у 1819 годзе. У 1871 годзе каля Смалявічаў была пабудавана чыгуначная станцыя Вітгенштэйнаўская. У 1863 годзе — земскае народнае вучылішча, паштова-тэлеграфнае аддзяленне, бровар, рамесныя майстэрні па вытворчасці вопраткі і абутку, кузні.
З 31 ліпеня 1920 года ў БССР. У 1924 годзе Смалявічы зрабіліся цэнтрам раёна, з 1938 года атрымалі статус гарадскога пасёлка. У гады Вялікай Айчыннай вайны акупанты знішчылі тут 2 тыс. жыхароў, у створаным гета расстралялі каля 3 тыс. чалавек. З 1968 года гарадскі пасёлак атрымаў статус горада. У 1998 годзе Смалявічы атрымалі герб.
20 кастрычніка 1995 года адміністрацыйныя адзінкі Смалявіцкі раён і горад Смалявічы, якія маюць агульны адміністрацыйны цэнтр, аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку — Смалявіцкі раён[6].
У 2025 годзе да 80-й гадавіны заканчэння Вялікай Айчыннай вайны горад Смалявічы ўзнагароджаны вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны»[13][14].
↑Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
Смалявічы // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 674. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.