Аглядная вежа (Гомель)
Аглядная вежа — 40-метровая аглядная вежа ў Цэнтральным раёне Гомеля. Знаходзіцца ў парку Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. Збудавана пераважна з цэглы[1]. З гісторыіПершапачаткова з’яўлялася выцяжным комінам цукровага завода, заснаванага ў 1840-я гг. у маёнтку І. Ф. Паскевіча. З цягам часу вытворчасць была перанесена ў Добруш. У пачатку 1880-х гг. захаваныя пабудовы цукровага завода ў Гомелі былі пераабсталяваны пад паркавыя аб’екты, сярод якіх і комін, пераўтвораны ў аглядную вежу[1]. Краязнавец Л. А. Вінаградаў (1900) называў яе «мясцовай „Эйфелевай трубой“», апісваючы наступным чынам: «…тонкая са шкляной макушкай і вельмі падобная на прыморскі маяк»[2]. Невядома, бытавала прыведзеная ім назва сярод гамяльчан або была яго аўтарскім наватворам. У нарысе І. А. Сербава, Д. І. Даўгялы, Ф. А. Жудро (1911) адзначалася: «Далей на высокім стромкім беразе Сожа, між кветнікаў, стаіць высокая каменная труба-вежа, з верхняй пляцоўкі якой адкрываецца далягляд вёрст на 25 у акружыне»[3]. Верхняя пляцоўка не раз служыла для фатаграфавання наваколляў, пра што сведчаць адпаведныя здымкі, найбольш раннім прыкладам якіх з’яўляецца панарама гістарычнага цэнтра Гомеля 1918 г.[4] Адна з першых вядомых фотавыяў уласна вежы адносіцца да 1897 г. і належыць аўтарству французскага навукоўцы Ж. дэ Бая. Вежа выконвала функцыю паркавага аб’екта цягам усяго савецкага перыяда. Падчас Вялікай Айчыннай вайны пацярпела ад абстрэлаў (сляды ад асколкаў і куляў захоўваюцца дагэтуль), але зруйнавана не была. У паваенны час эксплуатацыя вежы працягвалася аж да пачатку 2000-х гг. З прычыны аварыйнага стану лесвічных маршаў у 2007 г. вежу зачынілі на рамонт. Адбылася замена металічных канструкцый, умацаванне і рэстаўрацыя элементаў цаглянай кладкі, наладжана электразабеспячэнне. Абноўленая вежа была ўрачаста адкрыта 26 лістапада 2015 г.[1] Разам з будынкам «Зімовага саду» складае аб'ект, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь[5]. Галерэя
У культурыУ гарадскім фальклоры
У літаратуры
Зноскі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia