Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Малдовы вызначаецца Канстытуцыяй і законам Рэспублікі Малдова № 764-XV ад 2001/12/27 г. «Аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле Рэспублікі Малдова», і быў сфарміраваны 29 студзеня 2002 года. Закон вылучае 2 узроўні адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу. На першым узроўні знаходзяцца 32 раёны, 13 муніцыпіі, аўтаномнае тэрытарыяльнае ўтварэнне Гагаузія і адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі левабярэжжа Днястра, якім можа быць нададзены асаблівы статус. Муніцыпій Бендэр і адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі Левабярэжжа Днястра знаходзяцца пад фактычным кантролем непрызнанай дзяржавы Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспублікі. На другім узроўні адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу Малдовы знаходзяцца гарады, сёлы і камуны, якія аб’ядноўваюць некалькі сёл.
Тыпы адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу
Адміністрацыйна-тэрытарыяльнымі адзінкамі мінімальнага ўзроўню з’яўляюцца сёлы, камуны і гарады. Вёска з’яўляецца адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай, якая аб’ядноўвае сельскае насельніцтва на аснове агульнасці тэрыторыі, геаграфічных умоў, эканамічных і сацыяльна-культурных сувязяў, традыцый і звычаяў. Некалькі вёсак, у залежнасці ад эканамічных, сацыяльна-культурных, геаграфічных і дэмаграфічных умоў, могуць аб’яднацца і ўтварыць адну адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку другога ўзроўню — камуну. Вёска, у якой размешчаны савет вёскі ці камуны, мае назву вёскі-рэзідэнцыі. Таксама вёскі могуць быць часткай горада і не ўтвараць асобна адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі другога ўзроўню.
Горад з’яўляецца больш развітай у параўнанні з вёскай ў эканамічным і сацыяльна-культурных адносінах адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай, якая аб’ядноўвае гарадское насельніцтва, мае адпаведную інфраструктуру, прамысловыя і гандлёвыя структуры. Большая частка гарадскога насельніцтва занята ў прамысловай вытворчасці, сферы абслугоўвання насельніцтва, розных галінах інтэлектуальнай дзейнасці, культурнага і палітычнага жыцця. Горад, у якім размешчаны раённы савет, называецца горадам-рэзідэнцыяй.
У адпаведнасці з малдаўскім заканадаўствам, некаторыя гарады могуць быць прызнаныя муніцыпіямі. Муніцыпій з’яўляецца населеным пунктам гарадскога тыпу, што адыгрывае асаблівую ролю ў эканамічным, сацыяльна-культурным, навуковым, палітычным і адміністрацыйным жыцці краіны і дзе размешчаны прамысловыя і гандлёвыя структуры, установы адукацыі, аховы здароўя і культуры. Статус муніцыпія ў Малдове маюць 13 гарадоў.
Раён з’яўляецца адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай, у якую ўваходзяць сёлы (камуны) і гарады, аб’яднаныя тэрыторыяй, эканамічнымі і сацыяльна-культурнымі сувязямі. Горад, у якім размешчаны раённы савет, з’яўляецца горадам-рэзідэнцыяй. Раён носіць найменне горада-рэзідэнцыі.
У складзе Рэспублікі Малдова вылучаецца аўтаномнае тэрытарыяльнае ўтварэнне Гагаузія, статус якога рэгулюецца асобным законам. Гагаузія ўключае ў сябе адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі першага ўзроўню муніцыпій Камрат, гарады, вёскі і камуны. У законе «Аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле Рэспублікі Малдова» адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел левабярэжжа Днястра ўстаноўлены аналагічна адміністрацыйна-тэрытарыяльныму падзелу Гагаузіі. Пры гэтым адзначана, што ён будзе ўдакладнены ў выпадку ўрэгулявання Прыднястроўскага канфлікту і вызначаны асобным законам.
Адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі першага ўзроўню