Альфонс Козел-Паклеўскі
Альфонс Козел-Паклеўскі (польск.: Alfons Koziełł-Poklewski, руск.: Альфонс Фомич Поклевский-Козелл; 1809, Быкаўшчына, Лепельскі павет, Віцебская губерня — 28 жніўня 1890, Быкаўшчына, Лепельскі павет) — прамысловец, мецэнат. БіяграфіяПаходзіў са шляхецкага роду Козел-Паклеўскіх уласнага герба «Козел». Нарадзіўся ў 1809 г. у маёнтку Быкаўшчына Лепельскага павета Віцебскай губерні, цяпер вёска ў Полацкім раёне Віцебскай вобласці. Скончыў Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча і працягнуў адукацыю ў Віленскім універсітэце, але не скончыў вышэйшую адукацыю, бо з прычыны беспасрэднага ўдзелу або ўскоснай датычнасці студэнтаў і выкладчыкаў да вызваленчага паўстання 1831 года імператар Мікалай I сваім рэскрыптам ад 1 мая 1832 года зачыніў універсітэт. Пасля чаго пераехаў у Санкт-Пецярбург, дзе працаваў чыноўнікам. Яшчэ будучы чыноўнікам, ён заняўся прыватнай справай, наладзіўшы рэгулярнае суднаходства па Об і Іртышы, першае суднаходства такога роду ў Заходняй Сібіры. У 1845 (паводле іншых звестак у 1846) купіў і спусціў на ваду першы параход, абсталяваўшы яго сучасным рухавіком, прывезеным са Швецыі. Параходства ў асноўным займалася перавозкай дзяржаўных манапольных прадуктаў (алкаголь, соль, тытунь), размеркаванне якіх падпарадкоўвалася Козел-Паклеўскаму. У 1852 годзе ён падаў у адстаўку з дзяржаўнай пасады, цалкам прысвяціўшы сябе гандлю і будаўніцтву фабрык і шахт. Галоўнай крыніцай яго багаццяў было пасрэдніцтва і вытворчасць для забеспячэння войска (асабліва збожжам і мукой) і пасрэдніцтва ў пастаўках для войска, а таксама гандаль манапольнымі прадуктамі, асабліва вытворчасць і гандаль алкаголем. Ён практычна манапалізаваў вытворчасць і распаўсюджанне гарэлкі ў большасці паветаў Заходняй Сібіры і Пермскай губерні, з’яўляючыся арандатарам, а з 1860 г. уладальнікам большасці буйнейшых вінакурных заводаў. Яго часта называюць «гарэлачным каралём Урала», ён таксама вырабляў значную колькасць піўных дрожджаў, піва, віна і іншыя алкагольныя напоі. Вялікія аб’ёмы алкаголю прадаваў у Пецярбург і еўрапейскую частку Расіі. Адкрыў першы фосфарны завод у Расіі, завод сернай кіслаты на Урале, шкляны завод (даваў 50 % вытворчасці шкла і посуду ў Заходняй Сібіры), фарфоравую фабрыку, дзевяць чыгунных заводаў і некалькі шахт, у тым ліку для здобычы золата і срэбра. У 1878—1882 гадах арандаваў адну з найбуйнейшых у Расіі смарагдавых шахт на Урале. На той момант ён быў найбуйнейшым прыватным горным прадпрымальнікам на Урале. Ён таксама пабудаваў у 1866 годзе сучасны вялікі паравы млын, які вырабляў 1150 тон у год, стаўшы найбуйнейшым вытворцам мукамольных вырабаў у Заходняй Сібіры. Быў адным з асноўных акцыянераў будаўніцтва чыгункі Цюмень — Екацярынбург і Сібірскага камерцыйнага банка. Ён развіў сетку крам і складоў, асабліва корчмаў, але таксама адкрыў буйныя ўнівермагі ў Табольску і Цюмені. Ён пашырыў сваю флатылію на Обі і Іртышы да трох параходаў і дзясяткаў барж і вяслярных лодак, з’яўляючыся лідарам транспарту на абедзвюх рэках да канца 1950-х гадоў. Галоўным цэнтрам і месцам жыхарства Казелаў-Паклеўскіх было мястэчка Таліца на Урале. Там ён жыў з жонкай Анэляй з Рымшаў, з якой меў чатырох дзяцей: Альфонса, Вінцэнта, Яна, Ганну. Козел-Паклеўскі ахвяраваў значныя сумы на сацыяльныя мэты, асабліва ахвяраваў вялікай польскай грамадзе ў Сібіры. Ён заснаваў некалькі дзясяткаў бальніц і школ, таксама бясплатную ядальню для бедных у Табольску ў 1868 г., якая дапамагала галоўным чынам сыльным (у тым ліку паўстанцам з 1863—1864 гадоў), заснаваў таксама дзіцячы прытулак у Омску. Ён быў галоўным фундатарам каталіцкіх касцёлаў у Табольску, Пермі (1875), Томску, Екацярынбургу (1884) і Омску. У 1890 годзе ён заснаваў праваслаўную царкву ў вёсцы Дзямарына пад Чалябінскам. Ён прымаў на свае фабрыкі ссыльных паўстанцаў, выратоўваючы іх ад цяжкай працы. Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia