Андрэй Мікалаевіч Казакевіч
Андрэй Мікалаевіч Казакевіч (англ.: Andrei Kazakevich; нар. 31 студзеня 1980, Мінск, Беларуская ССР) — беларускі палітолаг, доктар палітычных навук. Дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера»[1], заснавальнік і старшыня Арганізацыйнага камітэта Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі[2][3], галоўны рэдактар часопісаў «Палітычная сфера»[4] і «Belarusian Political Science Review»[2][5], аўтар Youtube-канала «Казакевіч. Палітыка»[6]. БіяграфіяАдукацыяУ 1997—2002 гадах вучыўся на аддзяленні паліталогіі юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Юрыст-палітолаг»[2]. Потым, у 2002—2005 гадах вучыўся ў аспірантуры таго ж факультэта[2]. У 2009 годзе атрымаў ступень доктара палітычных навук (PhD in Political Science) ва Універсітэце Вітаўта Вялікага ў Каўнасе (Літва)[2]. Тэма доктарскай дысертацыі: судовая ўлада ў палітычнай сістэме Рэспублікі Беларусь[2][7]. Прафесійная дзейнасцьУ сферы палітычных даследаванняў пачаў працаваць на пачатку 2000-х гадоў. Сярод прафесійных інтарэсаў — знешняя палітыка Беларусі, развіццё палітычных інстытутаў і палітычнай гісторыі Беларусі і краін Усходняй Еўропы, гісторыя палітычных ідэй, судовая ўлада, знешняя палітыка, палітычнае развіццё СССР перыяду позняй Перабудовы (1988—1991)[8][7]. Андрэй Казакевіч — адзін з заснавальнікаў часопіса палітычных даследаванняў «Палітычная сфера»[4] (Мінск, ISSN 1819-3625), з 2003 года займае пасаду галоўнага рэдактара часопіса[2]. Часопіс публікуе навуковыя даследаванні з розных галін палітычнай навукі і сумежных дысцыплін. Мэтай выдання з’яўляецца задавальненне патрэб шырокай акадэмічнай супольнасці ў публікацыі вынікаў тэарэтычнай і эмпірычнай навуковай дзейнасці. Хоць ніякіх заяву пра закрыццё часопіса не было, фактычна ён не выдаецца з 2016 года[4]. У 2006—2009 гадах займаў пасаду дырэктара бакалаўрскай праграмы «Паліталогія і еўрапейскія даследаванні» Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (Вільня, Літва)[2][9], аднак у 2009 годзе разам з іншымі маладымі выкладчыкамі ўніверсітэта прыняў удзел у страйку[10] і сышоў з універсітэта ў знак пратэсту супраць парушэння кіраўніцтвам універсітэта акадэмічных свабод[9]. Пасля зыходу з Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Андрэй Казакевіч у 2009 годзе стаў сузаснавальнікам і ўзначаліў Інстытут палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» — беларускую даследчую і экспертную ўстанову, асновай якой стала група маладых даследчыкаў, якую аб’яднаў заснаваны раней часопіс «Палітычная сфера». Акрамя Казакевіча, заснавальнікамі інстытута таксама былі Андрэй Асадчы, Дзяніс Мельянцоў, Андрэй Ягораў, Аляксей Ластоўскі і іншыя. Галоўнымі мэтамі дзейнасці інстытута былі анансаваныя інтэграцыя беларускіх навукоўцаў у міжнародную акадэмічную супольнасць, фарміраванне прафесійнай супольнасці даследчыкаў палітыкі ў Беларусі, мадэрнізацыя выкладання палітычных дысцыплін[1]. Асноўнымі напрамкамі дзейнасці Інстытута з’яўляюцца даследаванні і экспертная дзейнасць, выдавецкая дзейнасць і арганізацыя публічных мерапрыемстваў. У межах інстытута Андрэй Казакевіч як галоўны рэдактар працягнуў выдаваць часопіс «Палітычная сфера», а ў 2010 годзе заснаваў штогоднік «Belarusian Political Science Review» і таксама стаў яго галоўным рэдактарам[2]. У 2010 годзе Казакевіч стаў адным з заснавальнікаў міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі — штогадовага акадэмічнага і экспертнага форума даследчыкаў Беларусі, у якім прымаюць удзел больш за 500 даследчыкаў, аналітыкаў, журналістаў і грамадскіх дзеячаў. Ініцыятарамі стварэння Кангрэса таксама выступілі прадстаўнікі беларускай і літоўскай акадэмічных супольнасцяў, у прыватнасці, Інстытут «Палітычная сфера», Інстытут Вялікага Княства Літоўскага[11][12]. З моманту стварэння Кангрэса Андрэй Казакевіч займае пасаду старшыні арганізацыйнага камітэта[2], таксама да аргкамітэта ў залежнасці ад сітуацыі і месца правядзення Кангрэса далучаюцца розныя беларускія, літоўскія, польскія арганізацыі[11]. Як казаў Казакевіч, галоўнымі мэтамі Кангрэса з’яўляюцца стварэнне прасторы для акадэмічнай камунікацыі тых, хто прафесійна займаецца Беларуссю, а таксама імкненне зрабіць беларускую экспертную супольнасць больш згуртаванай[13]. Пасля другога Кангрэсу ў 2012 годзе арганізацыйны камітэт заснаваў штогадовую прэмію за найлепшую навуковую публікацыю пра Беларусь у галіне сацыяльных і гуманітарных навук[14]. «Цяпер гуманітарныя дысцыпліны знаходзяцца ў складаным становішчы. Наша задача павысіць цікавасць да гуманітарных навук, садзейнічаць папулярызацыі і палепшыць якасць публікацый», — тлумачыў неабходнасць заснавання прэміі Андрэй Казакевіч[14]. З 2012 года Казакевіч з’яўляецца старшым навуковым супрацоўнікам (Research Fellow) Універсітэта Вітаўта Вялікага[2]. Таксама некалькі год выкладаў у Лятучым ўніверсітэце, чытаў курс «Уводзіны ў сучасную еўрапейскую палітыку» ў Беларускім калегіюме[15]. У 2021 годзе стварыў Youtube-канал «Казакевіч. Палітыка»[6], дзе ён размяшчае кароткія відэа з тлумачэннем актуальных тэм ва ўнутранай і знешняй палітыцы Беларусі, а таксама публікуе інтэрв’ю з гісторыкамі ў межах рубрыкі «Няпростая гісторыя»[6]. Акрамя таго, Андрэй Казакевіч рэгулярна каментуе падзеі вакол Беларусі, дае інтэрв’ю беларускім і замежнымі медыя па пытаннях беларускай палітыкі. Таксама з’яўляўся пастаянным аўтарам часопісаў «Белорусский ежегодник», «Arche», «Палітычная сфера» і інш. У 2024 годзе завочна асуджаны ў Беларусі да 10 гадоў пазбаўлення волі па справе «аналітыкаў Святланы Ціханоўскай»[16]. БібліяграфіяАндрэй Казакевіч з’яўляецца аўтарам і суаўтарам вялікай колькасці палітычных даследаванняў, навуковых артыкулаў, публікацый і аналітычных распрацовак па тэме палітычнага развіцця Беларусі. Ніжэй прыведзены некаторыя з яго публікацый:
Крыніцы
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia