Андрэй Мікалаевіч Сухі
Андрэй Мікалаевіч Сухі (псеўданім: Мікола Мокры; 25 жніўня 1892, Вязынь — 1980) — беларускі аграном-землямер, пісьменнік, публіцыст, сябар Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх. БіяграфіяНарадзіўся ў сям’і Мікалая Андрэевіча і Аляксандры Восіпаўны, малазямельных сялян. Атрымаў імя ў гонар дзеда. Скончыў народнае вучылішча ў Вязыні, гарадское вучылішча ў Вілейцы (1909). Адзін год працаваў настаўнікам у народнай школе ў вёсцы Кобузі. У 1910-16 вучыўся ў Горацкім земляробчым вучылішчы. Спачатку пазнаёміўся з Максімам Гарэцкім, а ў 1914 годзе з яго меншым братам Гаўрылам. Адыграў важную ролю ў вучнёўскім гуртку беларускай літаратуры, да якога далучыліся таксама Іван Аўчыннікаў, Віталь Белахвосцікаў. Пад уздзеяннем Максіма пачаў пасылаць невялікія заметкі з жыцця роднай вёскі і ваколіц у «Нашу Ніву». Упершыню выступіў у друку ў 1912 годзе. Атрымліваў ад Максіма лісты з Магілёва, Сібіры. Ад 1 ліпеня да 10 кастрычніка 1916 працаваў тэхнікам у другой паволжскай разведвальна-будаўнічай партыі па арашэнні самарскіх стэпаў, упраўленне знаходзілася ў горадзе Саратаве. У верасні стаў студэнтам Маскоўскага сельскагаспадарчага інстытута. Але 12 кастрычніка яго прызвалі ў войска. Быў у падрыхтоўчым батальёне ў Ніжнім Ноўгарадзе. Ад 1 студзеня да да 1 ліпеня 1917 года — у Сергіеўскім артылерыйскім вучылішчы ў Адэсе, якое скончыў у званні прапаршчыка. Вывучыў украінскую мову. Служыў малодшым афіцэрам 4-га сібірскага артылерыйскага дывізіёна на Заходнім фронце. Пасля кастрычніцкай рэвалюцыі быў пакінуты ў дывізіёне радавым, у снежні абраны і зацверджаны на пасадзе старэйшага памочніка Камандзіра Парка дывізіі. 18 студзеня 1918 года разам з дывізіёнам выехаў у Сызрань, быў звольнены нароўні з салдатамі 29 студзеня 1918 года. На гаспадарцы бацькоў у Вязыні. Са жніўня 1918 года служыў у мінскім лясным упраўленні, працаваў у Бабруйскім павеце. У Мінску сустрэўся з Максімам Гарэцкім. Па вызваленні Мінска ад нямецкай акупацыі — працягваў служыць у лясным аддзеле. Вясной 1919 года памочнік ляснічага ў Куранцы. У чэрвені тэрыторыю займаюць польскія войскі, Андрэй Сухі з гэтага часу працуе на гаспадарцы свайго цесця Фамы Лукіча Адамовіча ў вёсцы Васюльках. Па заняцці Вілейскага павета Чырвонай арміяй у чэрвені 1920 года да сканчэння вайны ў кастрычніку — ляснічы Ільскага лясніцтва. На гаспадарцы цесця. З вясны 1921 прыватны землямер у Княгініне. Часта бываў у Вільні, дзе некалькі разоў сустракаўся з Максімам Гарэцкім. Апошняя сустрэча адбылася ў 1923 годзе, пасля выхаду Максіма Гарэцкага з турмы на Лукішках. У 1923 годзе з сям’ёй пасяліўся ў Вілейцы. Праз два гады пабудаваў свой дом (цяпер вул. Сацыялістычная, 28). Чарціў план дома, а сын дапамагаў. Пасадзіў сад, меў гарод і кавалак сенакосу ў 4 га. У гаспадарцы была карова. Працаваў у Вілейцы і ў Валожынскім павеце. У польскіх дзяржаўных установах працаваць не мог, бо лічыўся палітычна ненадзейным. У 1930 годзе ў Варшаве здаў экзамен на званне прысяжнага землямера. У 1938-39 працаваў каля Ломжы, Чанстаховы. Ад 22 верасня 1939 года, з прыходам саветаў у Заходнюю Беларусь, член часовага ўпраўлення Вілейскага павета і старэйшы землямер зямельнага аддзела. У пачатку вайны застаўся з большым сынам у Вілейцы, неўзабаве яны эвакуяваліся ў Сібір, жонка з меншымі дзецьмі раней у Казахстан. Пасля вайны вярнуліся ў Вілейку. Калі будавалася Вілейскае вадасховішча, планавалася затапіць вёску Пахомава, дзе нарадзіўся і быў пахаваны яго дзед Андрэй Аляксеевіч разам з дзвюма сёстрамі. Астанкі сваякоў Андрэй Сухі перахаваў на могілках у Вязыні. Яшчэ ў Вілейскім вучылішчы, у 1908 годзе, ад настаўніцы французскай мовы Алены Кульковай да Андрэя Сухога трапіў сшытак з рэвалюцыйнымі вершамі Якуба Коласа. Вершы ён прывёз у Горкі. Асабліва падабаўся яму верш «Нашым ворагам». Па спіску Сухога Максім Гарэцкі надрукаваў яго ў сваёй «Гісторыі беларускай літаратуры» (1920). Аўтар успамінаў. Біяграфію даследавалі Генадзь Каханоўскі, Анатоль Рогач. Сям’яАжаніўся пасля заканчэння вучобы ў Горках. Жонка — Вера Фамінічна Сухая (Адамовіч). Нарадзілася ў Княгініне. Заўсёды гаварыла па-руску, хоць муж не пагаджаўся з гэтым. Дзеці — Мікалай, Георгій, Аляксей і Таццяна. Роднага брата Сяргея, які разам з яшчэ адным братам Мікалаем выехаў у Маскву, пасадзілі ў лагер на Калыме на 10 год. Вярнуўся ён толькі пасля вайны. Другога брата Юзіка, салдата польскага войска, захапілі ў палон і забілі бальшавікі. Стрыечны брат Павел Сухі. Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia