Афара-самалійскія сутыкненні
Афара-самалійскія сутыкненні — тэрытарыяльны канфлікт паміж эфіопскімі штатамі Афар і Самалі. ПерадумовыУ 2010-х гадах паміж штатамі паўсталі супярэчнасці адносна прыналежнасці трох вясковых абшчын (самыя дробныя адзінкі адміністрацыйнага падзела Эфіопіі, якія аб’ядноўваюць групы вёсак) населеных этнічнымі самалійцамі з клана Іса. Спрэчнымі сталі паселішчы Адайту (афар.: Qadaytu, самал.: Cadayto) абшчыны Міле, Кундуфо (афар.: Qundafaqo, самал.: Cundhufo), Геваі і Гедамайту (афар.: Gadamaytu, самал.: Garba-Ciise) абшчыны Амібара[1][4]. У 2014 годзе федэральны ўрад на чале з Рэвалюцыйна-дэмакратычным фронтам эфіопскага народа перакраіў мяжу паміж двума рэгіёнамі. У выніку рэгіён Самалі саступіў Афару тры вёскі[5]. СутыкненніПершыя сутыкненні адбыліся ў кастрычніку 2020 года, забраўшы з сабой жыцці 27 чалавек[6]. Наступная буйная сутычка здарылася 2 красавіка 2021 года, калі былі забіты 100 пастухоў[7]. 24 ліпеня ўспыхнулі баі ў горадзе Гарбаіса, у выніку якіх загінулі 300 чалавек. Услед рушылі масавыя пратэсты ў самалійскім рэгіёне. Адзіная дарога, якая вядзе са спрэчнага паселішча, была заблакавана, а чыгуначная лінія, якая вядзе ў Джыбуці (па ёй праходзіць 95% марскога гандлю Эфіопіі), была часткова разбурана[8]. 1 жніўня канфлікт распаўсюдзіўся на Джыбуці, дзе адбыліся сутыкненні паміж афарцамі і самалійцамі ў прыгарадзе горада Джыбуці Бальбала[9]. Пасольства ЗША паведамляла аб беспарадках таксама ў раёне Архіба[10]. Сутычкі прывялі да гібелі двух чалавек[9]. 15 мая 2022 года рэгіёны Самалі і Афар пагадзіліся вывесці свае ўзброеныя апалчэнні са спрэчнай тэрыторыі і падтрымаць вяртанне перамешчаных асоб[11]. Тым не менш, 9 лістапада таго ж года па меншай меры 18 чалавек былі забіты і каля 28 атрымалі раненні ў абшчыне Дхеймід, зона Сіты[3]. 27 сакавіка 2023 года пратэстоўцы ў Самалі заблакавалі чыгунку Эфіё—Джыбуці, мяркуючы, што сілы нацыянальнай абароны Эфіопіі «ўскосна падтрымліваюць» рэгіён Афар у памежнай спрэчцы. Мясцовыя ўлады пераканалі натоўп разблакаваць дарогу, але неўзабаве пасля гэтага вайскоўцы «раптам адкрылі агонь» і забілі траіх пратэстоўцаў, параніўшы яшчэ 6[12]. Праз некалькі дзён, 30 сакавіка, з’явіліся паведамленні, што групы апалчэнцаў сутыкнуліся ў раёнах, прылеглых да чыгункі[13]. Зноскі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia