Баляслаў Русецкі
Баляслаў (Міхаіл Юрый) Канутавіч Русе́цкі (23 лістапада 1824, Рым — 31 студзеня 1913) — жывапісец, графік. Творчасць звязана з мастацкім жыццём Літвы і Беларусі. БіяграфіяСын Канута Русецкага і Антаніны з Чарвінскіх. Вучыўся ў Віленскім дваранскім інстытуце, дзе выкладаў бацька. Там сама вучыўся будучы мастак Альфрэд Ізідор Ромэр, з якім Баляслаў Русецкі сябраваў на працягу жыцця[3], сведчаннем чаму захаваныя іх узаемныя партрэты. У 1841 годзе разам з бацькам наведваў Белавежскую пушчу, дзе рабіў копіі яго прац. Пачаў навучанне на медыцынскім факультэце Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, у 1843—1850 гадах вольным слухачом вучыўся ў Акадэміі мастацтваў у Карла Брулова і Фёдара Бруні (пакінуў партрэты сваіх настаўнікаў). Быў сталым супрацоўнікам альманаха «Rocznik Literacki», які выдаваў у Пецярбургу Рамуальд Падбярэскі, зрабіў для альманаха літаграфічны партрэт Канута Русецкага і копіі некаторых яго прац[4]. У 1850 годзе за напісаны з натуры партрэт князя Гедройця яму было прысвоена званне свабоднага мастака, у 1853 годзе за алегарычнае палатно «Упадзенне ракі Віліі ў Нёман» („Połączenie Willi z Niemnem“) — званне акадэміка[5][6]. На жаль, само палатно не захавалася, апроч эскізаў, але ёсць наступнае апісанне:
3 ліпеня 1854 года жаніўся на Стэфаніі з Карповічаў (шлюб адбыўся ў касцёле ў Заблудаве) і некаторы час жыў у маёнтку Янавічы непадалёк Беластока, які належаў бацькам яго жонкі. Але ў 1854 годзе ён атрымаў двухгадовую стыпендыю ад пецябургскай акадэміі для ўдасканалення мастацкіх навыкаў за мяжою. Разам з жонкай ён выехаў за мяжу, наведаў Варшаву, Кракаў, Дрэздэн, Прагу, Вену, Трыест, у 1858—1861 гадах жыў у Рыме, куды не раз вяртаўся[5]. У Рыме падчас наведвання кляштара капуцынаў ён сустрэў старога манаха, які паказаў яму гадзіннік, які належаў Адаму Міцкевічу, і акварэльны партрэт паэта. Выкананыя Русецкім копіі гэтых рэліквій захаваліся ў архівах Асалінеума[8]. ![]() Вярнуўшыся ў Вільню, выкладаў рысунак у прагімназіі. У 1887 годзе набыў частку гістарычнага будынка на вуліцы Святога Яна (д. 11) ў Вільні[9], яму таксама належаў невялікі фальварак Кернуўка пад Вільняй, які пазней прадаў кнігавыдаўцу Феліксу Завадскаму[5]. Збіраў творы мастацтва, у тым ліку італьянскіх майстроў, адмыслова збіраў творы Францішка Смуглевіча і Вінцэнта Дмахоўскага, быў адным з лепшых знаўцаў гісторыі віленскай мастацкай школы. Вывучаў і замалёўваў помнікі гісторыі і культуры Віленшчыны, пакінуў некалькі пейзажаў Вільні і ваколіц, у тым ліку для манаграфічнага апісання Ашмянскага павета Чэслава Янкоўскага зрабіў малюнак касцёла ў Ашмянах. Рэдка браў удзел у выставах, яго аўтапартрэт дэманстраваўся ў 1894 годзе на выставе польскага мастацтва ў Львове, у 1897 годзе выстаўляў дзве працы ў Вільні («Аўтапартрэт» і невялікая акварэль). У 1880 годзе прычыніўся да рамонту магілы Яўсебія, бацькі паэта Юліюша Славацкага, на могілках Росы ў Вільні. Уваходзіў у арганізаваны прамыслоўцам З. Нагродскім у 1897 годзе камітэт па ўзвядзенні помніка паэту Адаму Міцкевічу ў Вільні і набыў у Кракаве ў графа Зыгмунта Пуслоўскага адзін з трох асобнікаў бюста Міцкевіча, адлітых у Парыжы (аўтар — кракаўскі скульптар Марцэлі Гуйскі). Праект помніка падрыхтаваў кракаўскі архітэктар Тадэвуш Стрыенскі. Працамі па мантажы помніка ў касцёле Святых Янаў у Вільні займаўся варшаўскі скульптар Ян Рудніцкі. Дзень сотай гадавіны нараджэння Міцкевіча 12 (24) снежня 1898 года быў адзначаны ўрачыстай памінальнай імшой з удзелам мноства віленчукоў. Помнік быў без агалоскі адкрыты 6 (18) чэрвеня 1899 года. Перад незадаволенай мясцовай адміністрацыяй настаяцель касцёла Казімір Пацінка апраўдваўся тым, што помнік узведзены па просьбе сына паэта і гэта яго прыватная справа.[10] Завяшчаў Віленскаму таварыству сяброў навукі сваю бібліятэку, архіў, калекцыю мастацкіх твораў і ахвяраваў 10 тысяч рублёў на ўзвядзенне дом таварыства ў Вільні. Пахаваны на Бернардзінскіх могілках у Вільні побач з магілай свайго бацькі, маці, братоў, сястры і жонкі Стэфаніі, народжанай Карповіч (1829—1866). Аўтар надмагільнага помніка — Альгерд Кухарскі, які назваўся ў надпісе на надмагілле яго ўнукам, у рэчаіснасці ж далёкі сваяк (у Баляслава Русецкага не было ўнукаў і пляменнікаў). У 2024 годзе ў Віленскай карціннай галерэі адкрылася манаграфічная выстаўка, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння мастака[11]. Творчасць![]() Працаваў пераважна ў жанры партрэта, пісаў пейзажы, кампазіцыі на рэлігійныя тэмы. У пачатку XX ст. удзельнічаў у афармленні перыядычных выданняў на Беларусі. Сярод твораў: «Жаночы партрэт» (1850), «Партрэт сенатара Навасільцава з сынам», «Партрэт Карповіча» (абодва 1851), «Партрэт Паўлоўскага», аўтапартрэт (абодва 1852), «Партрэт генерала Бібікава» (1854), «Партрэт жанчыны ў белым», алегарычная кампазіцыя «Упадзенне ракі Віліі ў Нёман» (1853), алтарная карціна «Св. Казімір» (1857) для фарнага касцёла ў Гродне. Выканаў шэраг фрэскавых размалёвак у касцёлах Гродна і ў Турчанах (Беласточчына). Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia