Беларуская сфрагістыкаБеларуская сфрагістыка: нацыянальны падраздзел сфрагістыкі. На землях сучаснай Беларусі тэарэтычнай сфрагістыкі не існавала да пач. 19 ст., асноўным кірункам ведаў у гэтай галіне быў практычны. Першай навуковай працай, якая тычылася прадмету дысцыпліны на беларускіх землях, быў «Збор літоўскага права» Цітуса Дзялынскага («Zbiór praw Litewskich…», Познань, 1841), дзе былі паданы 12 табліц з пячаткамі 14—16 ст. Наступным аўтарам стаў Т. Жэброўскі з працай «Аб пячатках старажытнай Польшчы, Літвы» (1865), дзе даў агульны агляд сфрагістыкі як навукі, і разгледзеў пячаткі каралёў польскіх і вялікіх князёў літоўскіх. Адзначаецца[1], што праца ў пэўнай ступені тэндэнцыйная ў дачыненні да пячатак з кірылаўскімі легендамі і наогул, не цалкам навуковая. П. І. Іваноў выдаў у 1858 першы расійскі альбом пячатак з 500 выявамі пячатак 16—18 ст. («Сборник снимков с древнейших печатей, приложенных к грамотам и другим юридическим актам, хранящимся в Московском архиве Министерства юстиции»), у т. л., пячатак, якія не належаць строга да расійскай сфрагістыкі. Дз. І. Празароўскі выпусціў у 1881 «Збор пячатак…» («Собрание польских и других печатей, принадлежавших императорской академии наук»), дзе значная частка г. зв. «польскіх» пячатак паходзяць з Беларусі. У 1882 быў выпушчаны наступны зборнік «Здымкаў старажытных рускіх пячатак» («Снимки древних русских печатей государственных, присутственных мест и частных лиц»). Беларускія гарадскія пячаткі ў якасці ілюстрацыйнага матэрыялу былі выкарыстаны ў кнігах М. Балінскага і Т. Ліпінскага «Старажытная Польшча», А. Сапунова «Віцебская старына». У пач. 20 ст. з'явіўся першы сфрагістычны альбом, аўтарства В. Віттыга, прысвечаны гарадскім пячаткам (выйшлі толькі 3 сшыткі, на літары А—К: 1905, 1907, 1914). Перад 1-й сусв. вайной Я. Обст і Т. Дмахоўскі надрукавалі ў віленскіх штоквартальніках шэраг артыкулаў, прысвечаных гербам і пячаткам. Адзначаецца[2], што ў малюнках Дмахоўскага сустракаюцца аўтарскія выдумкі пры недахопе фактычнага матэрыялу. У міжваенны перыяд у Польшчы быў выпушчаны рад артыкулаў з разглядам помнікаў сфрагістыкі наогул, і ў прыватнасці, беларускіх. У гэтых пубікацыях, аднак, дэнамінацыя «беларускі» не ўжывалася, а заўсёды замянялася на «польскі» або «літоўскі», відаць, з палітычных меркаванняў[2]. ЗноскіЛітаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia