Бязоднае балота![]() Бязоднае балота — балота, якое да сярэдзіны ХХ ст. існавала на паўночны ўсход ад былой вёскі Прудок у Гомелі. Пачало асушацца для пашырэння тэрыторыі пад жылую забудову, а таксама з мэтай ліквідаваць небяспеку, якая сыходзіла ад балота (там нярэдка танулі людзі і свойская жывёла). Было засыпана разам з невялікім азярцом. На вызваленым ад балота абшары паступова сфармавалася цяперашняя вуліца Юнацкая і іншыя вуліцы Прудка[1]. Рэшткі дрэнажнай сістэмы дагэтуль прысутнічаюць на ўчастку вуліцы Ніжняй, паралельным 2-му завулку Крупскай[2]. Былое балота доўга давалася прудкоўцам у знакі, асабліва вёснамі і падчас моцных дажджоў. Здаралася, што не толькі на вуліцах, але і ў дамах стаяла вада. Па звестках старажылаў, найбольш адчувальнай была паводка 1966 г.[3] Фарманта «Бязоднае» ў тапоніме ўказвае на ўяўленні жыхароў аб надзвычайнай глыбіні балота. Між тым, супаставіць азначаны тапонім з гістарычна вядомымі праблематычна. Балота ў раёне Прудка без указання назвы зафіксавана «Генеральным планам Беліцкага павета» 1784 г. У яго раёне тады працякала невялікая рачулка Камсіна, утвараючы азярцо[4]. Апошняе, па ўсім відаць, мела сугучную назву. Прынамсі, у «Рэестры рэвізіі гаспадарскай Гомельскай воласці» 1560 г. згадваецца аб’ект Камсін (без тлумачэння яго спецыфікацыі), які разам з зямлёй Токарава поле трымаў святар валатаўской Мікольскай царквы[5]. Назва «Камсін» («Камсіна») можа разглядацца як рэлікт старажытнай балцкай гідраніміі, бо знаходзіць апелятывы ў літоўскай і латышскай мовах: «kamšà» (літ.), «kamsa» (лат.) — 1) суччам і галлём высланая дарога, гаць; 2) багністае месца; 3) запруда ў рацэ; «kamšỹnė» (літ.) — 1) гразкае балоцістае месца; 2) гаць[6]. Зноскі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia