Вадзім Валер’евіч Урублеўскі
Вадзім Валер’евіч Урублеўскі (нар. 30 кастрычніка 1986, Мінск) — беларускі гісторык, генеалог, архівіст. Кандыдат гістарычных навук (2014), дацэнт (2024). БіяграфіяСкончыў СШ № 167 г. Мінска (2004), гістарычны факультэт БДУ па спецыяльнасці «гісторыка-архівазнаўства» (2009), аспірантуру БДУ па спецыяльнасці «гістарыяграфія, крыніцазнаўства, метады гістарычнага даследавання» (2012). Працоўную дзейнасць пачаў на пасадзе вядучага архівіста аддзела публікацыі дакументаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі 2 лютага 2008 года. З 05.01.2009 — вядучы навуковы супрацоўнік, з 02.12.2012 — галоўны архівіст, з кастрычніка 2017 года — галоўны архівіст, загадчык сектара рэдакцыйна-выдавецкай працы таго ж аддзела, з 12.02.2019 — загадчык сектара выставачнай дзейнасці, тэматычных і генеалагічных даследаванняў аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі. З 07.12.2021 — старшы навуковы супрацоўнік сектара навуковай апрацоўкі рукапісаў аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа НАН Беларусі, з 05.02.2023 — загадчык аддзела даследавання рукапісаў Цэнтра даследаванняў старадрукаваных выданняў і рукапісаў той жа ўстановы. Навуковая дзейнасцьПрымаў удзел у складанні і рэдагаванні зборніка навуковых артыкулаў і паведамленняў «Архіварыус» (2008—2019), адказным рэдактарам якога быў з лістапада 2014 да лютага 2019 года. Адзін з аўтараў «Гербоўніка беларускай шляхты» (Т. 4. — 2016, Т. 5. — 2018, Т. 7. — 2020), зборнікаў навуковых артыкулаў «Витебская губерния» (2009), «Могилевская губерния» (2014). Займаўся даследаваннем гісторыі і функцыянавання магістратаў гарадоў Горадня і Віцебск у XVII—XVIII стст. у кантэксце планавай тэмы «Гісторыя дзяржаўных устаноў Вялікага Княства Літоўскага». У 2008 г. перамог у конкурсе студэнцкіх прац БДУ па сацыяльна-гуманітарных дысцыплінах з тэмай: «Крыніцы па генеалогіі маёнтка Цялякава Ігуменскага павета Мінскай губерні канца XVIII — пачатку ХХ ст.». У 2014 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Крыніцы па гісторыі штодзённасці сялянскага насельніцтва Беларусі ў XVIII ст.» (пастанова ВАК аб зацвярджэнні ў ступені кандыдата гістарычных навук ад 26.11.2014). Займаецца даследаваннямі ў сферы гісторыі штодзённасці, архіўнага крыніцазнаўства, генеалогіі, антрапанімікі. Аўтар больш за 80 навуковых артыкулаў, у тым ліку аб радаводах Уладзіміра Караткевіча і Васіля Быкава. Займаўся археаграфіяй — пошукам і апісаннем гістарычных дакументаў у калекцыях рэлігійных устаноў і прыватных асоб. Сябар «Беларускага таварыства архівістаў». Асветніцкая дзейнасцьНамеснік старшыні гуртка даследчыкаў генеалогіі «Радавод» гістарычнага факультэта БДУ (2009—2019), ініцыятар заснавання і кіраўнік першай у Беларусі Школы практычнай генеалогіі — асабістага асветніцкага праекта (2013—2023). Заснавальнік і куратар партала навін у сферы генеалогіі «Радавод» (2014—2024). Кіраўнік Акадэміі маладых генеалогаў пры Цэнтральнай навуковай бібліятэцы (2023—2024). Аўтар ідэі і арганізатар штогадовых канферэнцый пад назвай «Генеалогія і сямейная гісторыя Беларусі» на базе Цэнтральнай навуковай бібліятэкі (з 2023). Крыніцы
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia