Валерый Гур’евіч Ціхіня
Вале́рый Гу́р’евіч Ціхі́ня (нар. 1 кастрычніка 1940, Капаткевічы, Петрыкаўскі раён, Гомельская вобласць) — беларускі юрыст, член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар юрыдычных навук, прафесар, заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь. БіяграфіяНарадзіўся 1 кастрычніка 1940 года ў в. Капаткевічы Петрыкаўскага раёна ў сям’і служачага. Скончыў школу ў в. Зеляночы Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці[2]. Працоўны шлях пачаў у 1956 годзе справаводам народнага суда Васілевіцкага раёна. Пасля заканчэння ў 1963 годзе Белдзяржуніверсітэта працаваў навуковым супрацоўнікам Мінскага НДІ судовых экспертыз, загадчыкам крыміналістычнай лабараторыі БДУ, з 1966 года — у органах пракуратуры. Пасля абароны кандыдацкай дысертацыі са снежня 1974 года займаўся навуковай і педагагічнай дзейнасцю. У красавіку 1983 года выбраны дэканам юрыдычнага факультэта БДУ, у снежні 1986 года прызначаны прарэктарам па навуковай рабоце БДУ. На сесіі Вярхоўнага Савета БССР у кастрычніку 1989 года выбраны Міністрам юстыцыі БССР. У 1990—1991 гадах — сакратар ЦК КПБ. У 1990—1996 гадах — дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, намеснік старшыні Вышэйшай атэстацыйнай камісіі, Старшыня Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь. 3 1996 па 1999 гады займаўся педагагічнай дзейнасцю, з’яўляўся прэзідэнтам Беларускага фонду прававога супрацоўніцтва. У верасні 1999 года абраны загадчыкам кафедры грамадзянска-прававых дысцыплін і міжнароднага права Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта і на гэтай пасадзе працаваў да 2002 года, пасля чаго быў прызначаны загадчыкам кафедры Мінскага інстытута кіравання[3]. З 2010 па 2019 — загадчык кафедры прававых і гуманітарных дысцыплін Прыватнага інстытута кіравання і прадпрымальніцтва[4][5]. УзнагародыЗа вялікія заслугі ў галіне юрыспрудэнцыі ўзнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1986) і трыма медалямі. Навуковая дзейнасцьНавуковыя працы прысвечаны ўдасканаленню нацыянальнага заканадаўства. Прымаў удзел у падрыхтоўцы законапраектаў (праект Грамадзянскага кодэкса, праект Кодэкса законаў аб працы і інш.). Асноўны навуковы напрамак — праблемы фарміравання дэмакратычнай прававой дзяржавы ў Рэспубліцы Беларусь, міжнароднае прыватнае права, грамадзянскі працэс. Аўтар каля 400 навуковых прац, у тым ліку 29 манаграфій і 15 падручнікаў. Пад яго навуковым кіраўніцтвам працуюць 15 кандыдатаў і саіскальнікаў. БібліяграфіяКрыніцы
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia