Волма (прыток Іслачы)
Во́лма, Валмянка[1] — рака ў Дзяржынскім і Валожынскім раёнах Мінскай воласці Беларусі, левы прыток ракі Іслач (басейн Нёмана). НазваНазва Волма балцкага паходжання. Па іншы бок нёманска-дняпроўскага водападзелу другая Волма, прыток бярэзінскай Свіслачы. Па розныя бакі гэтага водападзелу таксама разнесеныя рэкі з назвамі Уса, Уша, Свіслач. Калі не ў сувязі з прускім тапонімам Wolmen[2] (< *Valm-), дык устаўное В- як у назвах дняпроўскай ракі Вопь (< *Ap- / *Up-), дзесенскай ракі Ворміна[3] (< *Arm-). Аснова *Alm- ад літоўскага almėti, elmėti «сачыцца, струменіць; памалу цячы», далей да карацейшага alėti «памалу цячы, сачыцца». Ад індаеўрапейскага *el- / ol- «забалочвацца, зарастаць»[4]. Гідранімічныя аналагі — літоўскія водныя назвы тыпу Almajas, Almenas, Elmė, Ilmas, прускія Elme, Elmone, Ylme, Ilmena[5], стараеўрапейскія гідронімы тыпу Almo, Ilm[6]. Яшчэ адна Волма — на паўночнай перыферыі старабалцкай прасторы, на ўсходзе ад буйнога возера Ільмень[7]. Гэтыя два суседнія гідронімы найімаверней аднаго паходжання, з шэрагу асноў Alm- : Elm- : Ilm-. З вялікай вадой такія гідронімы суадносяцца і на сумежжы Літвы і цяперашняй Беларусі (Аўкштойцкае Паазер’е — Браслаўскія азёры): недалёка адно ад аднаго возера Ільмёнак (каля Браслава) і літоўскія азёры Almajas, Almenas. У азёрных назвах аснова Alm- : Elm- : Ilm- перадае значэнне павольнай запаўняльнасці возера вадой. У рачных назвах — значэнне нешматводнасці і няхуткаплыннасці. Значэнне назвы Волма можна перадаць як «Струмяністая (рака)» (нешматводная бы струмень). ВодаапісаннеДаўжыня ракі складае 44 кіламетры. Плошча вадазбору — 177 км². Сярэдні нахіл воднай паверхні — 3 м/км. Сярэдні расход вады — 1,3 м³/с. Рака пачынаецца ў напрамку на паўднёвы ўсход ад вёскі Шчэпкі Дзяржынскага раёна. Упадае ў Іслач каля хутара Рудня (Валожынскі раён). Вадазбор на заходніх схілах Мінскага ўзвышша. Даліна ракі ў вярхоўі звілістая, трапецападобная, ніжэй вёскі Дудка Валожынскага раёна скрынкападобнай формы. Шырыня даліны складае 0,5—0,7 км. Схілы даліны спадзістыя і ўмерана стромкія, вышынёй 10—20 метраў. Пойма ракі пад лугам. Шырыня поймы складае 20—50 метраў у вярхоўі і 120—200 метраў у ніжнім цячэнні. Рэчышча звілістае, каналізаванае ў верхнім цячэнні. Шырыня ракі ў межань складае 6—10 метраў. Берагі стромкія і абрывістыя. Рака выкарыстоўваецца ў якасці водапрыёмніка меліярацыйных сістэм. На рацэ гарадскі пасёлак Івянец. Каля ракі аграгарадок Волма, вёскі Зуёўка, Дзянісаўшчына, Валмечка (Дзяржынскі раён), Вірлавічы (Стаўбцоўскі раён), Дудка, Шыкуці, Замасцяны, Старынкі (Валожынскі раён). Каля аграгарадка Волма на рацэ плаціна і сажалка. Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia