Свіслач (прыток Бярэзіны)
Сві́слач — рака ў Мінскай і Магілёўскай абласцях, правы прыток ракі Бярэзіны (басейн Дняпра). Даўжыня 285 км. Плошча вадазбору 5,2 тыс. км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці каля 40—50 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,5 ‰. НазваНазва Свіслачы меркавана балцкага паходжання, пра гэта кажа другая аснова ў гэтай двухасноўнай назве — Ak-[1]. Корань Ak- звязаны з лат. aka «калодзеж», літ. aka(s) «палонка ў лёдзе», лат. akata «вір у рацэ; вочка ў балоце; палонка ў лёдзе». Такая семантыка развілася са значэння «вока» (індаеўрапейскае *okṷ(e)s-)[2]: вока > палонка, калодзеж, бачажына > вада, рака. У двухасноўных гідронімах тыпу Свіслач ці Нарач[1] ak- займае тую ж другую пазіцыю, якую ў іншых выпадках займаюць балцкае up- / ap- (літ. upė, пруск. api «рака»)[3] або яцвяжскае -da (ад яцвяжскага *udā «вада, рака»)[4], як у гідронімах Няропля або Грыўда. Першая аснова Свісл- у назве Свіслачы дагэтуль вычарпальна не вытлумачаная. Прысутнасцю элемента -s-l- яна збліжаецца з балцкімі назвамі рэк Іслач і Ясельда, у якіх другая аснова ўзаемаперакладальная і аднолькава значыць «рака, вада», а першая аснова — фанетычная варыяцыя аднаго і таго ж кораня (*ei-s- : *i̯ā-s-). Узаемнае размяшчэнне рэк Іслач, Ясельда і дзвюх Свіслачаў арыентаванае на нёманска-дняпроўскі водападзел. Па розныя бакі ад водападзелу знаходзяцца дняпроўская (бярэзінская) Свіслач і нёманская Іслач, а ў іншым месцы — нёманская Свіслач і дняпроўская (прыпяцкая) Ясельда. ГідраграфіяПачынаецца на схіле гары Маяк (Мінскае ўзвышша), на тэрыторыі садоўніцкага таварыства «Аір», ў 1,6 км на поўдзень ад вёскі Шапавалы Валожынскага раёна. Вусце знаходзіцца на паўднёва-ўсходняй ускраіне гарадскога пасёлка Свіслач Асіповіцкага раёна. Цячэ па цэнтральнай частцы Мінскага ўзвышша і па заходняй ускраіне Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Прыродны рэжым ракі зарэгуляваны каскадам вадасховішчаў (Заслаўскае, Крыніца, Дразды, Камсамольскае возера, Чыжоўскае, Асіповіцкае). На сцёк уплывае перапампоўка вады з ракі Віліі па Вілейска-Мінскай воднай сістэме. З вадасховішча Дразды частка сцёку паступае ў Сляпянскую водную сістэму, у перспектыве паступіць у Лошыцкую водную сістэму, што дасць магчымасць стварыць воднае кола ў Мінску агульным працягам каля 50 км. Лядовы рэжым значна змяніўся пасля будаўніцтва Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Да яе будаўніцтва рака замярзала ў сярэдзіне снежня, крыгалом у 2-й палове сакавіка, найбольшыя ўзроўні вады ў 1-й дэкадзе красавіка, працяг разводдзя 50 сутак; пасля будаўніцтва рэжым ракі мала вывучаны. Даліна ў вытокавай частцы У-падобная і скрынкападобная, у сярэднім цячэнні пераважна трапецападобная, у ніжнім — невыразная або трапецападобная, шырыня яе ў вярхоўі 0,4—0,6 км, у сярэднім і ніжнім цячэнні 1—2 км. Схілы ў верхнім і сярэднім цячэнні ўмерана стромкія, радзей спадзістыя (вышыня 10—12 м), парэзаныя далінамі прытокаў. Пойма двухбаковая (радзей аднабаковая), чаргуецца па берагах, парэзаная старыцамі і меліярацыйнымі каналамі, пераважна адкрытая. Шырыня яе 0,3—0,5 км у верхнім і 0,8—1 км у ніжнім цячэнні. У вярхоўі ад вёскі Векшыцы, дзе рака з’яўляецца часткай канала Вілейска-Мінскай воднай сістэмы, шырыня рэчышча да Заслаўскага вадасховішча 20—25 м. Рэчышча ў межах Мінска і ніжэй да вёскі Каралішчавічы Мінскага раёна на 7 невялікіх участках агульнай працягласцю 7,9 км каналізаванае. У межах Мінска рака ўтварае 8 лукавін. У цэнтры горада берагі забетаніраваны, добраўпарадкаваны. У сярэднім і ніжнім цячэнні рэчышча меандруе, глыбокаўрэзанае, звілістае, шырынёй 25—30 м, ніжэй плаціны Асіповіцкага вадасховішча — да 50 м. Берагі ў ніжнім цячэнні вышынёй 2—3 м, месцамі 6—8 м. Асноўныя прытокіСправа: Няміга, Цітаўка, Жалязянка, Сіняўка, Талька, Сіняя. Злева: Вяча, Волма, Балачанка, Жыцінка. На рацэ![]() Гарады: Мінск, Заслаўе. Гарадскія пасёлкі: Свіслач. Водзяцца: акунь звычайны, плотка, шчупак, карась, лінь (ніжэй Мінска, з-за забруджання, рыбы амаль няма). У творчасціРацэ Свіслачы прысвечаная паэма «Свіслачанка», якую па-польску напісала менская шляхцянка Гэлена Цэпрынская. Паэма надрукаваная ў 1909 годзе ў віленскай польскамоўнай літуанафільскай газеце «Litwa»[5]. У паэме аўтарка творча перапрацавала сюжэт балады Адама Міцкевіча «Свіцязянка», перанёсшы яго на берагі Свіслачы: перад нашчадкам старалітоўскіх рыцараў Веславам са свіслацкіх водаў паказваецца дух ракі ў дзявочым абліччы, заклікаючы яго быць годным вялікіх спраў высакародных продкаў, у адказ на гэта Веслаў прызнаецца ў сваёй слабасці і «Свіслачанка» расчаравана знікае ў водах ракі. Крыніцы
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia