Вольга Аляксандраўна Класкоўская
Вольга Аляксандраўна Класкоўская (нар. 30 студзеня 1982) — беларуская журналістка і актывістка, працавала ў газеце «Народная воля», на радыёстанцыях «Deutsche Welle» і «Еўрапейскага радыё для Беларусі» (Euroradio). Палітычная зняволеная, двойчы абвінавачаная і асуджаная падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе[1]. БіяграфіяБацька — журналіст і палітолаг Аляксандр Класкоўскі, маці — Людміла. Навучалася на журфаку БДУ у Мінску. Ужо падчас студэнцтва працавала журналісткай газеты «Народная воля», агулам супрацоўнічала з газетай з 1997 па 2005 год. З 2005 года працавала карэспандэнтам радыёстанцыіі «Deutsche Welle» у Польшчы (руская і беларуская службы), была таксама карэспандэнтам «Еўрапейскага радыё для Беларусі» (Euroradio)[2]. Адлічана з трэцяга курсу пасля выбарчай кампаніі на пасаду прэзідэнта ў 2006 годзе. Падставай была «акадэмічная запазычанасць», але сакурснікі сцвярждалі, што адлічэнне было палітычна матываваным (Вольга ўдзельначала ў дзейнасці руху «Малады фронт»), напісалі заяву дэкану Сяргею Дубовіку з патрабаваннем спыніць пераслед студэнтаў за іх погляды. Ініцыятар напісання заявы ў падтрымку Вольгі, Алёна Андрэева, затым сышла з універсітэта і стала інфармацыйным каардынатарам Асамблеі няўрадавых арганізацыяў Беларусі. Вольга Класкоўская пасля адлічэння папрасіла палітычнага прытулку ў Польшчы, дазвол на які неўзабаве атрымала, з’ехала з Беларусі ў статусе палітычнага ўцекача разам з непаўнагадовай дачкой Міраславай[3]. Бацька Міраславы, Віталь Навумовіч, абвінаваціў Вольгу ў выкраданні дачкі, у Беларусі Вольга была пазбаўлена бацькоўскіх правоў. 7 лістапада 2007 польская паліцыя паведаміла пра ўзброены напад, у выніку якога Вольга Класкоўская атрымала нажавыя раненні. Была распачата крымінальная справа[4]. У канцы жніўня 2010 разам з 9-гадовай Міраславай з’ехала з Польшчы ў Швецыю, дзе таксама запрасіла палітычны прытулак. Свой ад’езд у Швецыю Вольга Класкоўская аргументавала ціскам з боку міграцыйных улад Польшчы[2][5]. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года і падзей на Плошчы 19 снежня 2010 быў затрыманы брат Вольгі, Аляксандр Класкоўскі, былы міліцыянт, на якога была распачата крымінальная справа. Дзеля падтрымкі брата вярнулася ў Беларусь, адмовілася ад міжнароднай абароны. 5 траўня 2011 года Вольгу затрымалі ў яе кватэры, даставілі ў міліцыю Ленінскага раёна Мінска, дзе збілі[6]. У жніўні 2011 году Вольга Класкоўская вярнулася ў Швецыю. Тут пазнаёмілася са сваім будучым мужам Гёканам Безгінам, з якім у студзені 2012 году пабралася шлюбам. У ліпені 2012 нарадзіла сына Адама. Пазней у яе ўзніклі праблемы з міграцыйнымі службамі Швецыі праз заканчэнне візы[7]. 6 лютага 2013 прадстаўнікі сацыяльных служб адабралі ў яе малалетняга сына[8][9]. 30 сакавіка 2013 года Вольгу Класкоўскую затрымалі па абвінавачанні ў замаху на забойства ўжо былога мужа Гёкана Безгіна. 23 жніўня 2013 ёй быў прызначаны турэмны тэрмін у восем гадоў і выплата кампенсацыі памерам 110 тысяч шведскіх крон[10]. Пасля апеляцыі прысуд быў зменшаны да 7 гадоў турмы, праз тое, што Вольга доўгі час жыла ў стане псіхалагічнага стрэса і прэсінга[7]. У лістападзе 2014 Вярхоўны суд Швецыі дазволіў экстрадыцыю Вольгі Класкоўскай у Беларусь[11], але працэдура зацягнулася з-за хваробы Вольгі, яна была накіравана на лячэнне ў неўралагічную клініку, і тэхнічных складанасцяў. Генпракурор Беларусі Аляксандр Канюк таксама адзначаў, што не хапае пісьмовай просьбы Вольгі на экстрадыцыю ў Беларусь[12]. У выніку ўвесь час зняволення Вольга правяла ў турме ў Швецыі і выйшла з турмы па працэдуры ўмоўна-датэрміновага вызвалення. 29 лістапада 2017 года Вольга Класкоўская вярнулася ў Беларусь[13]. Вольга Класкоўская была затрымана 14 кастрычніка 2020 у Мінску. Начальнік Ленінскага РАУС Віталь Капілевіч заявіў, што затрыманная ўвечары 13 кастрычніка правяла разам з іншымі акцыю з перакрыццём руху транспарту на скрыжаванні праспекта Ракасоўскага і вуліцы Пляханава, дзе ў іх узнікла сутычка з адным з кіроўцаў[14]. Затрымка ў руху транспарту склала каля хвіліны[15]. Да крымінальнай адказнасці ў выніку былі прыцягнуты Вольга Класкоўская, а таксама Максім Бабіч і Артур Булаўскі[15]. Вольгу затрымалі праз некалькі гадзін пасля здарэння, яна адмовіла следчым ў паказаннях, пасля знаходжання ў Ленінскім РАУС Мінску была перавезена ў шпіталь, дзе лекары дыягнаставалі страсенне мозгу. Нягледзячы на стан здароўя, яе перавялі ў ізалятар на Акрэсціна[16]. 5 лістапада 2020 шэрагам беларускіх праваабарончых арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі Хельсінскі камітэт і Беларускі ПЭН-цэнтр, была прызнана палітычнай зняволеннай[17][18]. У лістападзе-снежні 2020 Вольга Класкоўская ўтрымлівалася ў СІЗА Жодзіна. Шмат чытала. З аповедаў маці Вольгі, Людмілы: «Яна адкрыла для сябе, што па двух лініях у яе сям’і былі рэпрэсаваныя. Напрыклад, яе прапрадзед па бацькоўскай лініі, Вацлаў Францавіч Класкоўскі, дваццаць гадоў адбываў пакаранне ў Сібіры, а продкі па маёй лініі ваявалі супраць фашыстаў»[16]. 17 снежня 2020 разгляд справы пачаў суд Ленінскага раёна Мінска. Пацярпелыя паказалі, што на дарозе яе не бачылі, што таксама Вольга спрабавала спыніць бойку, а не ўдзельначала ў ёй[15]. 18 снежня пракурор запрасіў два гады пазбаўлення волі па артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Адзначалася, што рэальны тэрмін быў запатрабаваны праз наяўнасць непагашанай судзімасці. Падчас разгляду справы «арганізацыя і падрыхтоўка» былі прыбраныя пракурорам з абвінавачвання, «актыўны ўдзел» быў пакінуты. Падсудная віну не прызнала і адмовілася даваць сведчанні[19]. 22 снежня суддзя Марына Запаснік[20] вынесла прысуд у два гады пазбаўлення волі ў калоніі. У апошнім слове Вольга Класкоўская сведчыла аб выкарыстаных да яе катаваннях, закончыла словамі «Жыве Беларусь!»[21]. З 3 сакавіка знаходзілася ў гомельскай калоніі, дзе больш за месяц правяла ў штрафным ізалятары, перанесла хваробу, была пазбаўлена сустрэч з роднымі[22]. У жніўні 2021 яе змясцілі ў памяшканне крытага тыпу на тры месяцы[23]. Да лістапада 2021 года Вольга Класкоўская правяла 40 дзён ў штрафным ізалятары[24]. Тым часам распачалі другую справу: яе абвінавацілі ў абразе супрацоўніка Ленінскага РАУС Брэста Андрэя Хвесюка паводле артыкула 369 Крымінальнага кодэксу (Абраза прадстаўніка ўлады)[25][26]. У канцы лістапада 2021 года Вольгу этапавалі ў брэсцкі СІЗА № 7 для правядзення следчых дзеянняў, этапаванне заняло два тыдні[27]. У СІЗА № 7 у Брэсце была пастаўлена на ўлік як «схільная да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці» і «схільная да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю і хуліганскіх праяваў». Таксама яна была накіравана для псіхічіятрычнай экспертызы. Праз гэта ў яе адбыўся доўгі этап: з брэсцкага СІЗА-7 перавялі ў баранавіцкае СІЗА-6, далей ў СІЗА-1 на Валадарскага ў Мінску, і толькі тады ў Навінкі, дзе Вольга правяла тыдзень. Пасля этап паўтарыўся ў адваротным парадку[25][28]. На паседжанні ў судзе Маскоўскага раёна ў Брэсце 19 студзеня 2022 года Вольга Класкоўская адмовілася ўставаць, назваць сваё імя і прозвішча, таксама заявіла хадайніцтва аб сваім выдаленні з залы пасяджэнняў, праз тое, што «суд над ёй незаконны і несправядлівы і ўдзельнічаць ў гэтым яна не збіраецца». Суддзя Марыя Аліферук[29] задаволіла хадайніцтва. Тым часам пракурор запрасіў для падсуднай два з паловай гады калоніі, што і было 20 студзеня зацверджана судом (де-юрэ было запрошана 1,5 гады «хатняй хіміі», але праз складанне тэрмінаў прысуд складае два з паловай гады калоніі агульнага рэжыму). Свой прысуд Вольга Класкоўская слухала седзячы, пасля агучвання тэрміну звярнулася да суддзі са словамі: «Як вам не сорамна? Гэты рэжым хутка абрынецца! Жыве Беларусь!». Пасля суда паведаміла аб парушэнні яе працэсуальных правоў[25][30]. 14 сакавіка 2022 года Брэсцкім абласным судом была разгледжана апеляцыя, але прысуд быў пакінуты без зменаў. Зняволеную вярнулі ў жаночую калонію ў Гомелі[30][31]. Адбыла ў зняволенні 791 дзень, вызвалілася 14 снежня 2022 года. Зноскі
Спасылкі |
Portal di Ensiklopedia Dunia