Вульф Абрамавіч Нодэль
Вульф Абрамавіч Нодэль (15 снежня 1897, Дзвінск, Віцебская губерня — 2 красавіка 1938, Бутаўскі палігон[d], Маскоўская вобласць) — савецкі партыйны і дзяржаўны дзеяч. БіяграфіяНарадзіўся 15 снежня 1897 года ў горадзе Дзвінску Расійскай імперыі ў яўрэйскай сям’і Абрама Юдалевіча Нодэля. Скончыў ніжэйшае гандлёвае вучылішча і Петраградскае камерцыйнае вучылішча. З 1914 года — канторшчык-прыказчык Электратэхнічнай канторы ў Дзвінску. Пачаўшы займацца палітычнай дзейнасцю, у 1914—1915 гадах быў членам бюро, старшыня Дзвінскага нелегальнага Бундаўскага прафсаюза прыказчыкаў. Член Бунда ў 1915—1920 гадах.[1] З 1916 года Нодэль жыў у Петраградзе, быў вольным слухачом Псіханеўралагічнага інстытута (цяпер Санкт-Пецярбургскі навукова-даследчы псіханеўралагічны інстытут). У 1917 годзе стаў сакратаром заводскага камітэта Сямяннікаўскага завода (цяпер Неўскі завод). З мая 1917 года жыў і працаваў у Дзвінску і Мінску, займаючыся партыйнай працай у Бундзе. У Дзвінску быў арыштаваны нямецкімі акупацыйнымі ўладамі і прысуджаны да двух гадоў турмы. Пасля вызвалення Дзвінска — вярнуўся да працы Бунда і быў сакратаром Віцебскага губернскага камітэта гэтай партыі. У 1919—1920 гадах — старшыня Гомельскага губкама Бунда, а таксама рэдактар яго розных газет.[1] З красавіка 1920 года — член УКП(б). З гэтага года знаходзіўся на партыйна-дзяржаўнай працы ў Беларусі: працаваў у прафсаюзных арганізацыях, у ЦК Саюза працаўнікоў асветы Беларусі, ЦК Беларускай Кампартыі і ў ЦК ЛКСМ Беларусі. З верасня 1922 па май 1924 года В. А. Нодэль — наркам працы Беларусі. Працаваў у рэдкалегіі часопіса «Полымя» і быў галоўным рэдактарам газеты «Звязда». З 1925 года Вульф Абрамавіч быў накіраваны на працу ў Туркменскую ССР, дзе з’яўляўся галоўным рэдактарам газеты «Туркменская іскра», працаваў у агітацыйна-прапагандысцкім аддзеле ЦК Кампартыі Туркменістана і ў аргаддзеле Мервскага акруговага камітэта Кампартыі Туркменістана. З верасня 1926 па канец 1928 года працаваў рэдактарам газеты «Праўда Усходу» і адначасова кіраваў аддзелам друку СярэдАзбюро. Стаў кандыдатам у члены Сярэднеазіяцкага бюро ЦК УКП(б).[1] З 1929 года Вульф Абрамавіч Нодэль займаўся ў Маскве рэдактарскай і выкладчыцкай дзейнасцю.[1] У 1934—1937 гадах працаваў рэктарам Усесаюзнага камуністычнага інстытута журналістыкі імя «Праўды». У 1936 годзе — член прэзідыума Цэнтрасаюза СССР. У 1937 годзе, на момант арышту, з’яўляўся рэдактарам газеты «Савецкі гандаль». Быў арыштаваны 9 верасня 1937 года, абвінавачаны ва ўдзеле ў контррэвалюцыйнай тэрарыстычнай арганізацыі і асуджаны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР. Расстраляны 2 красавіка 1938 года на палігоне Бутава ў Маскве. Рэабілітаваны 25 чэрвеня 1955 года.[2] Сям’я
У Беларусі Вульф Нодэль пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай — Соняй Фрай, з якой працаваў у Сярэдняй Азіі, дзе ў 1927 годзе ў Ташкенце нарадзілася іх першы сын — Міхаіл.[2] У Маскве, дзе сям’я жыла ў 1-м Ніколашчапоўскім завулку[3], у сярэдзіне 1930-х гадоў нарадзіўся другі сын Віктар.[2] Крыніцы
Зноскі
Спасылкі |
Portal di Ensiklopedia Dunia