Вялікі гістарычны атлас Беларусі
Вялі́кі гістары́чны а́тлас Белару́сі — шматтомны атлас на беларускай мове, які прысвечаны гісторыі Рэспублікі Беларусь. Атлас складзены і падрыхтаваны Рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам «Белкартаграфія» Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь. Навукова-метадычную дапамогу ў распрацоўцы Атласа аказалі Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Дэпартамент па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Бібліяграфія
Першы том асвятляе перыяд ад з’яўлення чалавека на беларускіх землях і да 1569 года, калі ў выніку Люблінскай уніі беларускія землі ўвайшлі ў склад Рэчы Паспалітай. У выданні прадстаўлены 67 гістарычных карт, якія адлюстроўваюць гісторыю не толькі Беларусі, але і ўсяго ўсходнееўрапейскага рэгіёна. Нароўні з гэтым прысутнічаюць карты асобных рэгіёнаў, планы гарадоў, схемы ваенных бітваў, буйнамаштабная Генеральная карта «Беларускія землі ў ХVІ стагоддзі», рэпрадукцыі 22 старажытных карт. Утрыманне дапоўнена 7 тлумачальнымі нарысамі, ілюстрацыямі і гісторыка-геаграфічным паказальнікам да Генеральнай карты. Планавалася, што другі том выйдзе ў 2012 годзе, але адбылося гэта толькі ў 2013 годзе. Ён ахоплівае больш чым два стагоддзі існавання Вялікага Княства Літоўскага ў складзе Рэчы Паспалітай (1569—1795): ад Люблінскай уніі да трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай. Першапачаткова планаваліся да выдання толькі тры тамы, але падчас працы быў сабраны багаты гістарычны і картаграфічны матэрыял, таму з’явілася неабходнасць падзяліць другі том і адбіць у ім больш падрабязна перыяд да 1795 года. Адпаведна, трэці том гістарычнага атласа, які ўбачыў свет у 2015 годзе, уключае перыяд да 1917-га, чацвёрты (2018) — савецкі перыяд і гісторыю незалежнай Рэспублікі Беларусь[1]. 21 лістапада 2018 года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі быў прэзентаваны чацвёрты том[2]. АцэнкіУ 2010 годзе ў часопісе «ARCHE» (№6, с. 298—322) была змешчана рэцэнзія Алега Латышонка і Генадзя Семянчука на першы том атласа[3]. У ёй звяртаецца ўвага на вялікую колькасць дапушчаных гістарычных памылак. Таксама адзначаецца, што ў выданні недастаткова ўвагі надаецца тэрыторыі Падляшша, Смаленшчыны, Браншчыны, Віленшчыны, колішніх Невельскага, Себежскага і Суражскага паветаў. Гэтыя тэрыторыі часткова ці зусім не адлюстраваныя на генеральнай карце «Беларускія землі ў XVI ст.»[4] Пры гэтым галоўны рэдактар атласа Вячаслаў Насевіч прызнае, што аўтары свядома пакінулі па-за ўвагай атласа прылеглыя абшары Беларусі, якія населены этнічнымі беларусамі[5]. У 2013 годзе кандыдат гістарычных навук Яўген Анішчанка напісаў адкрыты ліст «Жульніцтва за картамі». У ім ён падрабязна апісаў працэс стварэння Генеральнай карты «Беларускія землі ў канцы XVIII ст.» да другога тома выдання. З яго слоў атрымліваецца, што Вячаслаў Насевіч у выніку прысвоіў калектыўную працу і тым самым парушыў афіцыйны дагавор наконт аўтарскага права. У сувязі з гэтым у знак пратэсту Анішчанка адмовіўся атрымліваць апошні ганарар[6]. Зноскі
Спасылкі |
Portal di Ensiklopedia Dunia