Вёска (фільм, 2004)

ВёскаM:
англ.: The Village
Постар фільма
Жанры драматычны фільм, фільм жахаў, трылер[d] і фільм-містэрыя[d]
Рэжысёр
Прадзюсары
Сцэнарыст
У галоўных
ролях
Аператар
Кампазітар
Кінакампаніі Blinding Edge Pictures[d] і Touchstone Pictures[d]
Працягласць 108 хв.
Зборы 256 700 000 $[2]
Краіна
Мова англійская
Год 26 ліпеня 2004, 9 верасня 2004[1], 30 ліпеня 2004 і 2004
IMDb ID 0368447
Афіцыйны сайт
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

«Вёска» (англ.: The Village), таксама вядомы як «Таямнічы лес» — амерыканскі мастацкі фільм 2004 года сцэнарыста, рэжысёра і прадзюсара М. Найта Ш’ямалана. Галоўныя ролі выканалі Брайс Далас Ховард[en], Хаакін Фенікс, Эдрыен Броўдзі, Уільям Хёрт, Сігурні Уівер, Брэндан Глісан[3].

Прэм’ера фільма адбылася 26 ліпеня 2004 года ў Нью-Ёрку. Карціна атрымала змяшаныя водгукі гледачоў і крытыкаў. Пры бюджэце ў 60–71.7 мільёнаў долараў фільм сабраў 256.7 мільёнаў долараў у сусветным пракаце[4][5][6]. Стужка была намінавана на прэмію «Оскар» за найлепшую музыку да фільма.

Сюжэт

Пенсільванія, восень 1897 года. Невялікая аддаленая вёска жыве ў страху перад безымяннымі чалавекападобнымі істотамі, якія насяляюць навакольныя лясы. Некалі даўно з ляснымі істотамі — «тымі, пра каго не гаворым» — было заключана пагадненне аб непарушэнні межаў. Аднак, на выпадак атакі па перыметры вёскі стаяць вышкі з вартавымі ў жоўтых плашчах, а тэрыторыя абнесена высокімі слупамі з алейнымі лямпамі і жоўтымі сцягамі. Лічыцца, што жоўты колер адпужвае істот, тым часам як чырвоны — прываблівае. Таму чырвоны колер у вёсцы пад забаронай. Лясамі жыхары вёскі цалкам адрэзаны ад навакольнага свету, але гэта іх не засмучае, бо ў «гарадах» людзі загразлі ў грахах і распусце. Там усім кіруюць грошы, з-за якіх людзі забіваюць адзін аднаго, у той час як натуральная гаспадарка іх паселішча забяспечвае жыхароў ежай, адзеннем і ўсім неабходным.

Жыццё вёскі азмрочвае смерць сына аднаго са старэйшын. Хлопчыка не атрымалася ўратаваць з-за адсутнасці лекаў, і малады жыхар вёскі Люцый Хант просіць у старэйшын дазволу прайсці праз лес у «гарады», каб здабыць лекі і прадухіліць магчымасць новых смерцяў. На яго думку, лясныя істоты пагражаюць толькі людзям з кепскімі намерамі, і, ведаючы аб мэтах парушэння межаў, не зробяць яму зла. Каб не падвяргаць пагрозе жыццё ўсіх жыхароў паселішча, старэйшыны адмаўляюць. У гэты ж час у вёсцы пачынаюць з’яўляцца страшныя сведчанні з’яўлення істот — трупы жывёл з цалкам садранай скурай.

Адзін з жыхароў вёскі, Ной Персі, у якога не ўсё ў парадку з галавой, але цалкам адсутнічае містычны страх перад ляснымі істотамі, прыносіць аднекуль ягады «кепскага» чырвонага колеру. На наступны дзень падчас абыходу ахоўнай паласы Люцый Хант на некалькі крокаў заглыбляецца ў лес і знаходзіць там такія ж ягады. Аднак амаль адразу ён заўважае, што за ім назіраюць, і спешна пакідае лес. Ён прыходзіць да высновы, што Ной Персі хадзіў у лясы, але так, як яго намеры былі чыстымі, яго не кранулі. Люцый прадпрымае новую спробу пераканаць старэйшын адпусціць яго ў гарады, але яны зноў адмаўляюць.

Адна з істот уначы пранікае ў паселішча і дэманстратыўна праходзіць па вуліцах, пакідаючы на дзвярах меткі чырвонай фарбай. Жыхароў вёскі ахоплівае смяротны жах. Люцый Хант вырашае, што менавіта парушэнне ім мяжы лесу пацягнула за сабой гэтыя падзеі. Ён прызнаецца ў гэтым старэйшынам і пакідае свае спробы атрымаць дазвол адправіцца ў гарады.

Дачка старэйшыны Эдварда Уокера, Кіці, захапляецца Люцыусам і прызнаецца яму ў пачуццях, але той адмаўляе, бо таемна кахае яе сляпую малодшую сястру Айві. Расчараваная Кіці неўзабаве выходзіць за іншага, што дае магчымасць Люцыусу і Айві заручыцца. Аднак апынаецца, што і псіхічна нездаровы Ной таксама кахае Айві. Даведаўшыся пра будучае вяселле, ён прыходзіць у дом да Люцыуса і з рэўнасці спрабуе яго зарэзаць. Ноя замыкаюць у доме і спрабуюць аказаць дапамогу Люцыусу. Хлопец застаецца жывы, але ў яго раны трапляе інфекцыя, і мясцовыя лекары нічым не могуць яму дапамагчы.

Старэйшына Уокер не можа бачыць роспач сваёй дачкі Айві і ідзе супраць іншых старэйшын. Ён раскрывае дачцэ таямніцу вёскі і дае ёй дазвол адправіцца ў гарады за лекамі. Апынаецца, што ніякіх лясных істот не існуе — гэта ўсяго толькі маскарад, да якога прыбягаюць старэйшыны, каб напалохаць маладых жыхароў вёскі і не даць ім сысці. Уокер апавядае, што яго бацька быў вельмі багатым чалавекам, і яго забілі. Тады разам з групай іншых гараджан, якія пацярпелі ад злачынстваў і страты родных, ён рашыў заснаваць вёску, у якой не будзе месца злу.

Са сляпой Айві ў лес адпраўляюцца двое праважатых, аднак сярод лесу яны палохаюцца і пакідаюць Айві адну. Не гледзячы на слепату яна працягвае шлях. Раптам да яе набліжаецца адна з лясных істот. Дзяўчына не ведае, як гэта разумець, і спрабуе ўцячы. Калі гэта не ўдаецца, яна падманьвае істоту да глыбокай ямы і хітрасцю прымушае яе туды ўпасці. Істотай апынаецца пераапрануты Ной, які знайшоў у доме схаваны касцюм і, выбраўшыся са зняволення, адправіўся следам за Айві. Пашкодзіўшы пры падзенні пазваночнік Ной гіне. Аднак Айві нічога гэтага не бачыць.

Айві дасягае края лесу і ўпіраецца ў зарослую плюшчам агароджу. Перабраўшыся праз яе, яна трапляе ў свет канца XX стагоддзя. На джыпе да яе пад’язджае адзін з патрульных, які ахоўвае перыметр прыродаахоўнай зоны. Спачатку ён прымае яе за простага абывацеля, які спрабуе пракрасціся ўнутр запаведніка. Аднак даведаўшыся, што дзяўчына прыйшла з лясоў і прачытаўшы ліст старэйшыны, ахоўнік згаджаецца выканаць просьбу Айві — ён дастае на адным з пастоў аховы патрэбныя лекі і перадае іх дзяўчыне. Нічога не сказаўшы начальніку, ён дапамагае Айві перабрацца праз сцяну назад у лес.

Старэйшыны рашаюць, што цяпер спакойнае жыццё вёскі скончана, бо хутка ўсе даведаюцца праўду. Айві вяртаецца ў вёску з лекамі і апавядае, што забіла аднаго з жыхароў лесу. Старэйшыны здагадваюцца, што гэта быў Ной Персі. Тады заснавальнік вёскі Эдвард Уокер прапануе старэйшынам зірнуць на гэтыя падзеі, як на яшчэ адзін шанец. Псіхічна хворы Ной загінуў, гісторыя з нападзеннем на Айві толькі ўзмоцніць праўдападобнасць легенды аб «тых, пра каго не гаворым», а Айві і Люцый — якраз тыя людзі, якія змогуць пасля смерці немаладых ужо старэйшын павесці жыхароў вёскі за сабой.

Акцёрскі склад

Вытворчасць

Першапачаткова фільм павінен быў называцца «Лясы» (англ.: The Woods), але назва была зменена, бо адначасова быў у распрацоўцы іншы фільм з той жа назвай[en][7]. Праца над фільмам вялася ў вялікай сакрэтнасцю, каб не стаўся вядомы галоўны сюжэтны паварот карціны. Нягледзячы на гэта, сцэнарый быў скрадзены больш чым за год да выхаду фільма, што стала крыніцай для шэрагу «папярэдніх аглядаў» фільма на сайтах, прысвечаных кіно[8][9], і выклікала шматлікія спекуляцыі фанатаў аб дэталях сюжэту.

На пачатку меркавалася, што галоўную ролю ў фільме сыграе Кірстэн Данст. Аднак у канцы мая 2003 года яна пакінула праект на карысць фільма Камерана Кроў[en] «Элізабэттаўн[en]». Замест яе Ш’ямалан вырашыў (нават без папярэдняга праслухоўвання) узяць Брайс Далас Ховард[en], дачку рэжысёра Рона Ховарда, для якой гэтая роля — дэбют у вялікім кіно. Роля ж Люцыя Ханта пісалася спецыяльна пад акцёра Хаакіна Фенікса, які яе і сыграў. Роля Ноя Персі павінна была дастацца Эштану Кутчэру, але з-за канфліктаў з кіраўніцтвам яго знялі з праекту, таму роля дасталася Эдрыену Броўдзі.

Вёска, у якой адбываюцца падзеі фільма, была цалкам пабудавана на адным полі за межамі Чэдс-Форда, штат Пенсільванія[en]. На суседнім полі была размешчана часовая гукавая сцэна[10]. Вытворчасць фільма пачалася ў кастрычніку 2003 года з затрымкамі, бо некаторыя сцэны, якія патрабавалі восеньскай лістоты, не маглі быць зняты з-за позняй восені. Асноўныя здымкі былі завершаны ў сярэдзіне снежня таго ж года. У красавіку і маі 2004 года некалькі выканаўцаў галоўных роляў былі выкліканы на здымачную пляцоўку. У справаздачах адзначалася, што гэта, падобна, было звязана са зменай канцоўкі фільма[11], і сапраўды канчатковая версія фільма адрозніваецца фіналам ад скрадзенай версіі сцэнарыя, якая з’явілася годам раней; сцэнарная версія заканчваецца пасля таго, як Айві пералазіць праз сцяну і атрымлівае дапамогу ад кіроўцы грузавіка, а ў кінаверсіі Айві сустракаецца з наглядчыкам запаведніка і ёсць сцэна, дзе яна вяртаецца ў вёску[12]

Саўндтрэк

Музычнае суправаджэнне да фільма напісаў кампазітар Джэймс Ньютан Ховард[13][14].

Назва Працягласць
1. «Noah Visits» 2:35
2. «What Are You Asking Me?» 6:01
3. «The Bad Color» 3:57
4. «Those We Don't Speak Of» 3:59
5. «Will You Help Me?» 2:34
6. «I Cannot See His Color» 1:31
7. «Rituals» 2:01
8. «The Gravel Road» 4:31
9. «Race to Resting Rock» 1:16
10. «The Forbidden Line» 2:17
11. «The Vote» 6:03
12. «It Is Not Real» 3:36
13. «The Shed Not to Be Used» 2:03

Выхад

Прэм’ера фільма адбылася 26 ліпеня 2004 года ў Нью-Ёрку. Карціна атрымала змяшаныя водгукі гледачоў і крытыкаў. Пры бюджэце ў 60–71.7 мільёнаў долараў фільм сабраў 256.7 мільёнаў долараў у сусветным пракаце[4][5][6].

Узнагароды

Паводле рэсурса «Internet Movie Database» фільм быў адзначаны 4 кінаўзнагародамі і яшчэ 24 намінацыямі[15]. Сярод найбольш значных узнагарод: намінацыя на прэмію «Оскар» за найлепшую музыку да фільма.

Крыніцы

  1. Person Profile // Internet Movie Database — 1990. Праверана 14 красавіка 2017.
  2. Box Office Mojo — 1999. Праверана 7 сакавіка 2019.
  3. The Village (2004) — IMDb (англ.). Internet Movie Database. Праверана 27 мая 2025.
  4. а б The Village (2004) (англ.). Box Office Mojo. Праверана 27 мая 2025.
  5. а б The Village (2004) (англ.). The Numbers. Праверана 27 мая 2025.
  6. а б Wesley Morris. Plot Twist! Why 2004 Was a Surprising Year for Movies (англ.). The New York Times (24 жніўня 2020). Праверана 27 мая 2025.
  7. Scott W. Davis. The Village (англ.). HorrorExpress. Архівавана з першакрыніцы 5 снежня 2024. Праверана 5 снежня 2024.
  8. Script Reviews(недаступная спасылка). Geocities. Архівавана з першакрыніцы 26 кастрычніка 2009. Праверана 12 сакавіка 2013.
  9. The Village Script (англ.). HorrorLair.com (18 лютага 2007). Праверана 27 мая 2025.
  10. The Village (2004) — FAQ (англ.). Internet Movie Database. Праверана 27 мая 2025.
  11. Notes from a Chadds Ford Redneck(недаступная спасылка). Geocities. Архівавана з першакрыніцы 20 жніўня 2009. Праверана 12 сакавіка 2013.
  12. The Village Script – Dialogue Transcript (англ.). Script-o-rama. Праверана 27 мая 2025.
  13. The Village (Original Score) — James Newton Howard (англ.). AllMusic. Праверана 27 мая 2025.
  14. James Newton Howard Featuring Hilary Hahn – The Village (Original Score) (англ.). Discogs. Праверана 27 мая 2025.
  15. The Village (2004) — Awards (англ.). Internet Movie Database. Праверана 27 мая 2025.

Спасылкі

Prefix: a b c d e f g h i j k l m n o p q r s t u v w x y z 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9

Portal di Ensiklopedia Dunia

Kembali kehalaman sebelumnya