Віцебскі царкоўна-археалагічны музей
Віцебскі царкоўна-археалагічны музей — колішні музей у Віцебску. Царкоўна-археалагічныя музеі пачалі з’яўляцца на Беларусі ў 1890—1910-х г. Утвараліся яны як епархіяльныя музеі духоўнага ведамства праваслаўнага веравызнання з мэтай збірання і захавання прадметаў мясцовай рэлігійнай даўніны. Такія музеі раней ці пазней былі створаны ва ўсіх епархіяльных гарадах тагачаснага Паўночна-Заходняга края: Віцебску, Магілёве, Гродне, Мінску і Вільні. Першае старажытнасховішча было адчынена ў Віцебску. ГісторыяЗ ініцыятывай стварэння царкоўна-археалагічнага музея ў Віцебску выступіў інспектар народных вучылішчаў Еўдакім Раманаў. У чэрвені 1892 г. ён накіраваў архіепіскапу Полацкаму і Віцебскаму Антаніну спецыяльную запіску, у якой выказаў думку наконт неабходнасці збірання па цэрквах епархіі помнікаў царкоўнай даўніны, якія ўжо не ўжываліся пад час набажэнстваў, аднак уяўлялі «не толькі мясцовы, але і агульны царкоўна-археалагічны інтарэс». На ўвазе мелася старажытнае царкоўнае адзенне, начынне, абразы, старадрукі і рукапісныя кнігі, званы, старадаўнія планы ўжо не існуючых храмаў — усё тое, што, на думку Раманава, заслугоўвала «руплівага захавання ад знішчэння часам і нявопытнасцю асобаў, бліжэйшаму назіранню якіх яны былі давераны»[1]. Запіска Раманава была ўхвалена архіепіскапам, які на чарговым сходзе Віцебскага Свята-Уладзімірскага брацтва прапанаваў размясціць новы музей у адным з пустых пакояў архірэйскага дома пры Мікалаеўскім кафедральным саборы (колішнім езуіцкім касцёле ў Святога Іосіфа). Адкрыццё Віцебскага царкоўна-археалагічнага музея адбылося 2 верасня 1893 г. Да гэтага часу быў скончаны рамонт аднаго з пакояў архірэйскага дома. Загад жа Сінода з дазволам на адкрыццё Віцебскага царкоўна-археалагічнага музея і зацвярджэнне ягонага статута выйшаў толькі 27 кастрычніка 1895 г.[2]. Росквіт Віцебскага царкоўна-археалагічнага музея прыпаў на першае дзесяцігоддзе ягонага існавання. У гэты час ён асабліва актыўна папаўняўся новымі матэрыяламі, што паступалі ад дабрадзеяў з розных акругаў епархіі. Аднак першыя экспанаты для музея былі сабраны падчас наведвання віцебскіх храмаў: Дабравешчанскай, Ільінскай, Петрапаўлаўскай і цэркваў Маркава манастыра. У кастрычніку 1893 года епіскап Полацкі і Віцебскі звярнуўся да настаяцеляў усіх цэркваў Віцебска з прадпісаннем «Аб перадачы прадметаў, што не ўжываюцца пад час набажэнстваў і маюць царкоўна-археалагічную каштоўнасць, у Віцебскі царкоўна-археалагічны музей»[3]. У 1898 г. супрацоўнікамі музея былі агледжаны 17 цэркваў Лепельскага павета, чатыры царквы і тры капліцы ў Гарадоцкім павеце Віцебскай губерні. Сумесна гэтыя краязнаўцы даследавалі тры храмы ў Віцебску, а таксама зрабілі апісанне Свята-Мікалаеўскай царквы ў мястэчку Бешанковічы. Вынікі апошняй працы былі надрукаваны спачатку ў «Полацкіх Епархіяльных ведамасцях», а пазней — у выглядзе асобнай брашуры[4]. Збор Віцебскага музея ў 1905 г. налічваў 1247 экспанатаў[5], пасля чаго папаўненне музея новымі прадметамі істотна замарудзілася. У 1916 г. музей пераназваны ў Віцебскае царкоўна-археалагічнае таварыства. У 1917 г. музей разрабаваны. Царкоўна-археалагічны музей у Віцебску існаваў да 1919 г., пасля чаго ягоныя зборы былі перададзены Віцебскаму губернскаму музею. ЗборУ музеі канцэнтраваліся рэчы пераважна рэлігійнага ўжытку. Сярод нецаркоўных прадметаў можна адзначыць невялікую калекцыю манет, медалёў, фотаздымкаў, некалькі дзесяткаў драўляных формаў для вырабу крашаніны. У сувязі з тым, што гістарычна-рэлігійнае жыццё края не было аднародным, то збіраліся прадметы, якія належалі прадстаўнікам розных хрысціянскіх канфесій. У музеі апроч праваслаўных захоўваліся стараверскія рэчы, такія, як складні, васьміканцовыя крыжы, «абразы стараверскія, апакрыфічнага пісьма», святцы, «рукапісны зборнік твораў хадзячай стараверскай літаратуры» і г.д. Былі тут і «абразы каталіцкага тыпу», антымінсы, манстранцыі, крыжы з распяццямі, больш за чатыры дзесяткі драўляных разьбяных выяваў — статуй Хрыста, Маці Божай, анёлаў, святых і г.д. Найбольшую колькасць складалі культавыя прадметы уніяцкага веравызнання, бо асноўнае папаўненне музея ішло праз ахвяраванне святарамі культавых рэчаў, якія ўжо не ўжываліся пад час набажэнстваў і вялі сваё паходжанне з XVII або XVIII ст., больш раннія рэчы ў цэрквах захоўваліся вельмі рэдка з прычыны частага разрабавання. У збор музея трапіла шмат уніяцкіх абразоў, святарскага адзення — рызы, фелоні, мітры ўніяцкага архіепіскапа Антонія Сялявы, уніяцкага царкоўнага начыння — чашы, мірніцы, паціры, келіхі, падсвечнікі, харугвы, антымінсы, уніяцкіх богаслужбовых кніг, партрэтаў іерархаў уніяцкай царквы. У музей быў поўнасцю перавезены іканастас з уніяцкай Свята-Мікалаеўскай царквы ў мястэчку Бешанковічы, драўляныя царскія вароты з царквы Святога Юр’я ў Віцебску, 18 абразоў з царквы ў вёсцы Латыгава, напісаныя ў XVIII ст. мясцовым майстрам, частка з якіх захавалася да нашага часу[6][7][8]. Меўся таксама цэлы комплекс прадметаў, звязаных з асобай Іасафата Кунцэвіча. Тут захоўваліся «абраз Іасафата Кунцэвіча, маляваны алейнымі фарбамі на палатне», драўляная скульптура святога, пацір з рэльефнай выявай Кунцэвіча ў архірэйскім адзенні, друкаваная кірыліцай у Супраслі ў XVIII ст. «Месяца септембрия в 16 день служба Святому Священномученику Иосафату»[9]. Сярод экспанатаў музея можна было знайсці сапраўдныя рарытэты беларускай культуры: Евангелле Напрастольнае, выдадзенае ў Вільні ў 1575 г.; Евангеллі, выдадзеныя ў Куцейне ў 1651 і 1654 г.; кнігу «Апостал», надрукаваную Спірыдонам Собалем у 1638 г. у Магілёве; рукапісны «зборнік прыпеваў і кантаў у гонар Хрыста, Богамаці, некаторых святых і анёлаў на беларускай і польскай мовах (усяго 40 п’ес)»; батлейку (або жлоб) з ваколіц Веліжа; рукапісную «Кнігу прывілеяў горада Віцебска»; рукапіснае Евангелле Віцебскай Петрапаўлаўскай царквы 1671 г. і шмат іншых рэчаў[10]. Зноскі
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia