Гластанберскае абацтва
Гластанбэ́рскае аба́цтва (англ.: Glastonbury Abbey) — колішні кляштар у Гластанберы, Сомерсет, Англія. Рэшткі кляштару занесеныя ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны Вялікабрытаніі і адкрытыя для наведвання. ГісторыяІснуе сярэдневяковае паданне, нібыта абацтва было заснавана ў I стагоддзі адным з вучняў або прыхільнікаў Хрыста Іосіфа Арымафейскага. Гэтая неверагодная легенда шчыльна звязаная яшчэ з адной версіяй, прапанаванай паэтам Робертам дэ Баронам у XII стагоддзі, нібыта тут знаходзіцца Авалон, месцазнаходжанне Святога Граалю і пахавання караля Артура[1]. Абацтва заснаванае брытамі на пачатку VII стагоддзя. Пасля бітвы пад Пеонумам яно перайшло ў рукі саксонцаў. У X стагоддзі гластанбергскі абат святы Данстан разбудаваў царкву і ўсталяваў у абацтве Статут святога Бенедыкта[2]. Пасля заваёвы Англіі нарманамі ў 1066 новы нарманскі абат Тэрстын заняўся дабудовай царквы. Аднак у 1077 годзе ён быў зняты з пасады за забойствы манахаў, учыненыя яго ўзброенымі слугамі непасрэдна ля алтару. Кляштар быў значна пашкоджаны падчас пажару ў 1184 годзе[2]. Амаль неадкладна пачалася пабудова новае царквы, і ўжо ў 1186 адбылася кансекрацыя Марыінскай капліцы[3][4]. Набажэнствы ў рэкансекраванай Вялікай царкве пачаліся на Ражство 1213 года. У XIV стагоддзі Гластанбергскае абацтва саступала па заможнасці і магутнасці толькі Вэстмінстэрскаму. Падчас вайны ружаў яго ваколіцы былі абкружаны мурамі дзеля аховы. ![]() Падчас секулярызацыі Генрыха VIII абацтва было разрабавана, апошні абат Рычард Уайтынг у 1539 быў павешаны, выпатрашаны і чацвяртаваны як здраднік[5]. Камяні і волава з руінаў абацтва былі расцягнуты на пабудову іншых будынкаў. Да XIX стагоддзя мясцовасць пераходзіла да розных уласнікаў, якія таксама выкарыстоўвалі руіны як будаўнічы матэрыял і нават як каменаломню. Урэшце парламенцкі акт 1882 года спыніў далейшы заняпад і адкрыў шлях да першых археалагічных і гістарычных даследаванняў абацтва[6]. У 1908 годзе рэшткі Гластанбергскага абацтва былі набыты дыяцэзіяй Бата і Уэльса і з тае пары належаць царкве Англіі. З 1924 сюды ладзяцца пілігрымкі; набажэнствы ладзяцца ў англіканскай, каталіцкай і праваслаўнай традыцыях[7]. Зноскі
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia