Гогалеўскі сад (Гомель)![]() Гогалеўскі сад (або Гогалеўскі сквер, Гогалеўскі парк) — сквер у Гомелі пачатку ХХ ст. Закладзены не пазней за 1909 г. на невялікім пляцы між вуліцай Мільённай (сёння — Білецкага) і Саборным спускам каля будынка гарадской думы і гарадской управы[1][2]. Стаў вынікам добраўпарадкавання цэнтральнай часткі Гомеля ў прэстыжным раёне «Свісток». Разбіты на голай пустцы, дзе ў вільготнае надвор’е панавала гразь. Сваёй асаблівасцю меў пэўны «шахматны парадак» арганізацыі прасторы. Станам на 1911 г. краязнаўцамі адзначалася перавага ў садзе хвойных дрэў[1], хаця па тагачасных здымках гэтая перавага перад ліставымі дрэвамі невідавочная. Быў абнесены ўзорыстай металічнай агароджай. На яго плошчы знаходзіўся фантан з лаўкамі вакол яго. Характарызаваўся як «цудоўны гарадскі садок у памяць паэта (sic!) М. В. Гогаля»[1], бюст якому ўрачаста адкрылі 23 красавіка (6 мая) 1912 г.[3][4] Пасля падзей Стракапытаўскага паўстання 1919 г. у садзе былі пахаваны забітыя паўстанцамі гомельскія камунары, што прадвызначыла далейшы мемарыяльны статус мясціны і наданне новай назвы — сквер 25-га сакавіка[5][6]. З канца 1940-х гг. прастора былога Гогалеўскага сада была перафарматавана пад сквер імя Ф. Э. Дзяржынскага[7]. Галерэя
Зноскі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia