Кіеўскі спуск — спуск у гістарычным цэнтры Гомеля, пралягае ад пачатку вуліцы Савецкай да набярэжнай ракі Сож[1].
Паходжанне і назва
Кіеўскі спуск з’яўляецца фрагментам яра, утворанага адной ці некалькімі рэчкамі, якія бралі свой пачатак з возера ледавіковага паходжання, вядомага ў ХІХ — сярэдзіне ХХ ст. як Гарэлае балота (знаходзілася ў раёне цяперашняга чыгуначнага вакзала). Гістарычныя назвы яра не захаваліся[2]. У адной з прац Еўдакім Раманаў называў яго «пароходным рвом»[3], бо спуск вёў да параходных прыстаней. Гэтая ж матывацыйная база паслужыла для акрэслення мясцовасці ў пераліку аб’ектаў, якія ўваходзілі ў склад 1-й паліцэйскай часці Гомеля па стане на 1914 г. — «Спускъ к пристани»[4]. Сталая назва, якая замацавалася за ім у пачатку ХХ ст. — Саборны спуск — узнікла з прычыны блізкасці да Петрапаўлаўскага сабора. У 1923 г. на хвалі савецкіх перайменаванняў яна была зменена на цяперашнюю[5]: кіеўскі кірунак быў адным з папулярных для тагачаснага суднаходства па р. Сож. У перыяд нацысцкай акупацыі (1941—1943 гг.) Кіеўскі спуск пазначаўся захопнікамі як «Hafenstr(aße).», г.зн. «Партовая вуліца» або «вуліца Прыстаней»[6].
Гістарычныя выявы
Прыстані р. Сож пры Кіеўскім (Саборным) спуску, пачатак ХХ ст.
Прыстані пры Саборным (Кіеўскім) спуску (злева), пачатак ХХ ст.
Набярэжная ў раёне Кіеўскага (Саборнага) спуску, пачатак ХХ ст.
Над Кіеўскім (Саборным) спускам, пачатак ХХ ст.
Пачатак Кіеўскага (Саборнага) спуску каля будынка гарадской думы (справа), пачатак ХХ ст.
Забудова паабапал Саборнага спуску з вышыні вадацяжнай вежы, 1918 г.
Кіеўскі спуск у 1930-я гады (выгін знізу).
Над Кіеўскім спускам, 1937 г.
Нямецкая пераправа праз Сож у раёне Кіеўскага спуску, 1941 г.
Кіеўскі спуск (злева ад калоны), 1942 г.
Сучасныя здымкі
Студзень 2010 г.
Пачатак Кіеўскага спуску, 2018 г.
Пешаходны мост над Кіеўскім спускам, 2012 г.
Скульптурная кампазіцыя «Лодачнік» («Першы гамяльчанін») на набярэжнай р. Сож пры Кіеўскім спуску, пачатак ХХІ ст.
↑Гомель. Атлас. / Справоч. изд. Ред. В. А. Змачинская. — Минск : РУП «Белкартография», 2014. — С. 15.
↑Спробы філолага і краязнаўца Аляксандра Рогалева прыпісаць мясціне «даўнешыя» назвы «Чачора» ці «Чачэрскі яр» выглядаюць беспадстаўнымі, бо абапіраюцца выключна на дапушчэнні, не падмацаваныя сведчаннямі гістарычных крыніц. Гл.: Рогалев, А. Ф. Топонимический словарь Гомеля и Гомельского района [Текст] / А. Ф. Рогалев. — Гомель : Барк, 2012. — С. 262—263.
↑Романов, Е. Археологический очерк Гомельского уезда / Е. Романов // Записки Северо-Западного отдела Императорского Русского географического общества. — Вильна : тип. А. Г. Сыркина, 1910. — Кн. 1. — С. 110.