Гродзенская мужчынская гімназія
Гродзенская мужчынская гімназія — колішняя сярэдняя навучальная ўстанова ў Гродне. Дзейнічала ў 1834—1915 гадах. Падпарадкоўвалася Віленскай навучальнай акрузе. Гісторыя16 жніўня 1833 года была зачынена дамініканская гімназія і на яе базе адкрыта Гродзенская губернская мужчынская гімназія[1]. 3 студзеня 1834 года расійскі імператар зацвердзіў штаты гімназіі. 6 красавіка 1834 года адбылося яе ўрачыстае адкрыццё. Указам імператара ад 23 лістапада 1835 года Гродзенская мужчынская гімназія атрымала статус губернскай, а Свіслацкая была пераведзена ў павятовую[1]. Дзейнічала як класічная гімназія з 8-гадовым тэрмінам навучання. Утрымлівалася за кошт дзяржаўных сродкаў, платы за навучанне і інш[2]. Гімназія месцілася ў будынку былой дамініканскай. Ён быў пераабсталяваны з улікам патрабаванняў, якія дыктаваліся задачамі, што ставіліся ўладамі перад гэтай навучальнай установай. Галоўная задача, як яе фармулюе Я. Ф. Арлоўскі[3], зводзілася да закрыцця ў губерні сярэдніх школ з польска-каталіцкім кірункам (у тым ліку і Гродзенскай дамініканскай гімназіі) і заснавання новых, з рускім кірункам і рускай мовай выкладання. Для рэалізацыі гэтай задачы выдаткоўваліся значныя сродкі, дзякуючы чаму праз пэўны час Гродзенская губернская гімназія мела ўсё неабходнае для арганізацыі навучальнай і выхаваўчай працы гімназістаў[1]. Фундаментальная бібліятэка мела 4131 найменне кніг у 9393 тамах. Значную частку фонду бібліятэкі складалі кнігі былой дамініканскай гімназіі, у ліку якіх было шмат каштоўных выданняў XVI стагоддзя. З 1896 года ў бібліятэцы быў адкрыты «местный отдел», у якім былі сканцэнтраваны кнігі па гісторыі і этнаграфіі Паўночна-Заходняга краю і Гродзенскай губерні. Бібліятэка мела чытальную залу для выкладчыкаў з багата прадстаўленай расійскай і замежнай перыёдыкай. Вучнёўская бібліятэка была больш сціплай. У 1891—1892 навучальным годзе яе фонд складаў 1039 тамоў. Гімназія мела добры фізічны кабінет, у якім было 392 прыборы і кабінет прыродазнаўчых навук, які налічваў 2394 заалагічных і мінералагічных экспанатаў[1]. У 1915 годзе ў гімназіі навучаўся 621 навучэнец. Вучэбныя прадметы: закон божы, лацінская і грэчаская мовы (41 % навучальнага часу), фізіка, матэматыка, прыродазнаўчыя навукі, руская мова і літаратура, гісторыя, геаграфія і інш. У 1915 годзе гімназія эвакуіравана ў г. Ліпецк Тамбоўскай губерні[2]. Крыніцы
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia