Дом афіцэраў (Полацк)
Дом афіцэраў — будынак у Полацку, размешчаны па вуліцы Талстога, 8. Узведзены ў 1937-1940 гг. Гісторыя![]() Будаўніцтва Дома Чырвонай Арміі стала часткай вялікага плана па мадэрнізацыі гарадской прасторы. План быў распрацаваны ў 1936 годзе групай мінскіх архітэктараў і інжынераў «Белдзяржпраекта» з улікам прапаноў гарадскіх уладаў. Праект быў зацверджаны навукова-тэхнічнай радай Народнага камісарыята камунальнай гаспадаркі БССР і прыняты замоўцам – Полацкай гарадской радай. Будаўніцтва Дома Чырвонай Арміі было зацверджана 19 студзеня 1936 года ў рамках Плана сацыялістычнай рэканструкцыі горада Полацка. Згодна з данымі матэрыялаў фонду Полацкага акруговага выканаўчага камітэта на пасяджэнні прэзідыума Полацкага гарсавета 19 сакавіка 1937 года слухалі заяву Упраўлення ваенна-будаўнічых работ № 51 аб адводзе зямельнага ўчастка для будаўніцтва Дома Чырвонай Арміі. У 1940 годзе полацкі Дом Чырвонай Арміі быў здадзены ў эксплуатацыю і паступіў ва ўпраўленне палітаддзела часцей полацкага гарнізона. Агульная плошча будынка склала 4308,3 кв. У гады Другой сусветнай вайны ў перыяд нямецкай акупацыі горада Полацка (ліпень 1941 – ліпень 1944 гадоў) у будынку Дома Чырвонай Арміі ў розны час размяшчаліся: нямецкая вайсковая часць, ваенны шпіталь, камендатура і іншыя адміністрацыйныя органы і службы акупацыйных улад. Пры вызваленні Полацка ў ліпені 1944 года будынак моцна пацярпеў, яго разбурэнні складалі да 70% – унутраная частка была практычна поўнасцю знішчана пажарам. Паводле звестак «Дакладной запіскі аб разбурэннях і злачынствах, учыненых нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў горадзе Полацку і раёнах Полацкай вобласці» Дом Чырвонай Арміі ў ліку многіх значных аб'ектаў горада быў спалены пры адступленні. На першым пасля вызвалення горада пасяджэнні выканкама Полацкага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных 29 ліпеня 1944 года разглядалася пытанне аб аднаўленні камунальных аб'ектаў, якія мелі першачарговае значэнне для гараджан, у жніўні-верасні 1944 гады на пасяджэннях выканкама заслухоўваліся пытанні аб мабілізацыі працоўнай сілы для ўзнаўлення прамысловых прадпрыемстваў, устаноў адукацыі і культуры. Дом Чырвонай Арміі быў у іх ліку. Усё працаздольнае насельніцтва горада прыцягвалася на работы па разборы завалаў, прывядзенні ў парадак тратуараў і дарожнага пакрыцця, пасадцы дрэў. Пасля перайменавання ў Дом афіцэраў аб'ект быў здадзены ў эксплуатацыю ў 1947 годзе, паступіўшы ў падпарадкаванне палітупраўленню акругі. На працягу многіх гадоў Дом афіцэраў з'яўляўся адным з важнейшых культурных цэнтраў горада Полацка, тут праходзілі шматлікія гарадскія мерапрыемствы[1]. У пачатку 2000-х гадоў Дом афіцэраў, які ўжо не належаў вайсковым, планавалася перадаць Полацкаму гісторыка-культурнаму музею-запаведніку. У абноўлены будынак павінны былі перасяліцца Краязнаўчы музей, Музей баявой славы, тут хацелі ўладкаваць выставачныя залы і рэстаўрацыйныя майстэрні. Праект не быў рэалізаваны, а будынак пачаў разбурацца[2]. 21 красавіка 2021 г. Дом афіцэраў перададзены з раённай формы ўласнасці ў рэспубліканскую на баланс Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай. У чэрвені 2023 года пачаліся работы па рэканструкцыі помніка архітэктуры. У чэрвені 2024 года работы па аднаўленні будынка былі завершаныя. Сёння Дом афіцэраў з'яўляецца адным з карпусоў Полацкага ўніверсітэта[1]. АрхітэктураТрохпавярховы П-падобны ў плане будынак. Узведзены ў традыцыях класічнай архітэктуры і ўяўляе сабой знешне парадны рэпрэзентатыўны аб’ём. Ніжні ярус вонкавых сцен па ўсяму перыметру мае рустоўку з разрывамі ў месцах знаходжання прамавугольных аконных праёмаў. Аконныя праёмы другога яруса дэкарыраваны сандрыкамі. Галоўны ўваход выдзелены порцікам са складанараскрапаваным антаблементам і атыкам. У афармленні галоўнага фасада выкарыстаны дэкаратыўныя скульптурныя элементы: вазы, гірлянды, багаты раслінны арнамент. Прысутнічаюць элементы савецкай сімволікі ў выглядзе пяціканцовых зорак. Уваходная частка акцэнтавана калонамі стылізаванага карынфскага ордара. Галерэя
Зноскі
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia