Дробная пластыкаДробная пла́стыка — галіна скульптуры малых формаў[1], адзін з самых распаўсюджаных і асабліва папулярных відаў скульптурнага мастацтва[2]. Вылучаецца невялікімі памерамі, дэталёвай прапрацоўкай формы і ярка выяўленымі дэкаратыўнымі якасцямі[2]. Дробная пластыка шырэйшая за іншыя віды скульптуры і выкарыстоўваецца з найстаражытнейшых часоў у паўсядзённым жыцці чалавека. Да яе належаць фігуркі людзей і жывёл (у тым ліку рытуальнага прызначэння), творы карапластыкі, гліптыкі, медальернага мастацтва, медальёны, плакеткі, амулеты, японскія нецке, часткова — цацкі і іншыя вырабы[1]. Дробная пластыка ўзнікла яшчэ на самым раннім этапе развіцця чалавечай цывілізацыі. Яе ўзоры выяўлены падчас археалагічных раскопак старажытных паселішчаў. Гэта, у першую чаргу, вырабы з абпаленай гліны, а таксама разьба па дрэве, косці і камені, якія адрозніваюцца мініяцюрнасцю і выразнай дэкаратыўнасцю[2]. У сучасным выяўленчым мастацтве дробная пластыка можа прадстаўляць сабой статуэтку, жанрава-побытавую кампазіцыю, настольны партрэтны бюст, выяву жывёльнага свету або спецыяльна выкананую мадэль помніка ў маштабе (у тым ліку як сувенір)[2]. АсаблівасціДробная пластыка выкарыстоўвае ўвесь спектр матэрыялаў, уласцівых скульптурнаму мастацтву: гліна (у тым ліку тэракота і кераміка), дрэва, камень, косць, металы і іх сплавы (напрыклад, бронза, чыгун і інш.), шкло і многае іншае[1]. Яна ахоплівае надзвычай шырокі спектр вырабаў па функцыянальным прызначэнні, што вызначае вялікую разнастайнасць мастацкіх тэхналогій і матэрыялаў. Маленькія памеры скульптур уплываюць на спецыфіку іх выяўленчай мовы[2]. Камерныя памеры і магчымасць шматбаковага ўспрымання з блізкай адлегласці набліжаюць дробную пластыку да станковага мастацтва, а дакладная прапрацоўка дэталяў і дэкаратыўнае выкарыстанне колеру і фактуры — да дэкаратыўна-прыкладнога і ювелірнага мастацтва[1]. Творы гэтага віду пластычнага мастацтва могуць размяшчацца ў любым асяроддзі і пры розным асвятленні — напрыклад, фарфор ці народныя цацкі часта стала прысутнічаюць у дэкаратыўным афармленні выставачных прастораў, сярод рэчаў дамашняй абстаноўкі і г. д[2]. КрыніцыСпасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia