Медальернае мастацтва

Пізанела. Абарот медалю з партрэтам Чэчыліі Ганзага

Медалье́рнае маста́цтва — разнавіднасць дробнай пластыкі, мастацтва вырабу форм для адліўкі і штэмпеляў для чаканкі манет і медалёў[1].

Творы медальернага мастацтва вырабляюцца з медзі, срэбра, золата, бронзы і іншых матэрыялаў, якія дазваляюць перадаваць дакладныя выявы і дэталі ў дробным фармаце[1]. Асноўнымі тэхнікамі медальернага мастацтва з’яўляюцца ліццё і чаканка[2]. Дэкаратыўныя і выставачныя медалі могуць вырабляцца ў тэхніцы керамікі[1].

Медальернаму мастацтву ўласцівыя пошукі пластычных, ясных і лаканічных кампазіцыйных вырашэнняў, шырокае выкарыстанне сімвалаў, эмблем і алегорый, арганічнае спалучэнне выяў і надпісаў, устойлівасць асноўных іканаграфічных прыёмаў і тыпаў, звязаных з неабходнасцю ўпісаць рэльефную мініяцюру ў зададзеную стандартную форму[1].

Гісторыя

Антычнасць

Узнікненне медальернага мастацтва звязана з вытворчасцю металічных манет у Лідыі і Старажытнай Грэцыі ў VII—VI стагоддзях да н.э. У антычнасці пераважала чаканка манет штэмпелямі з загартаваных металаў з гравіраванымі негатыўнымі выявамі, хоць буйныя манеты часам адліваліся ў формах. Антычным манетам уласцівыя прастата і гарманічнасць вобразаў бостваў і міфалагічных сцэн[1].

Афінская тэтрадрахма, 454—404 гг. да н.э.

Манеты архаічнай Грэцыі VII—VI стагоддзяў да н.э., што вырабляліся з электра і срэбра, былі невялікімі і аднабаковымі. Рэльефныя выявы галоў або фігур жывёл, змешчаныя на іх, вызначаліся лаканічнасцю і дакладнасцю, імкненнем да стылізацыі і арнаментальнасці. У класічны перыяд, з V па IV стагоддзі да н.э., манеты павялічваюцца ў памеры, на іх аверсе з’яўляецца профільная выява галавы боства, а на рэверсе — шматфігурныя кампазіцыі на міфалагічныя тэмы. У канцы V стагоддзя да н.э. у Сіракузах з’яўляюцца манеты з фасавым і трохчацвяртным адлюстраваннем галавы боства[3].

Шэдэўры старажытнагрэцкага медальернага мастацтва — манеты V—IV стагоддзяў да н.э. гарадоў Сіцыліі і Вялікай Грэцыі (некаторыя з іх падпісаны імёнамі разьбяроў — Кімон, Эвенет, Тэадот). Іх адрозніваюць дасканалая прастата кампазіцыі, класічная выразнасць вобразаў, мяккасць градацый рэльефу і скрупулёзнасць у распрацоўцы дэталяў[3].

У эліністычны перыяд, з канца IV па І стагоддзе да н.э., на аверсе манет упершыню з’яўляюцца партрэты кіраўнікоў, на рэверсе — фігуры багоў сярод надпісаў. Побач з ідэалізаванымі партрэтамі (манеты Аляксандра Македонскага) сустракаюцца і праўдзівыя (манеты Понта і Бактрыі)[3].

Для манет Парфіі і Сасанідаў (II стагоддзе да н.э. — VII стагоддзе н.э.) з ідэалізаваным партрэтам цара характэрныя вычварны арнамент і асаблівая трактоўка царскіх аксесуараў (адзення, кароны)[3].

Сярэбраны рымскі дэнарый з выявай галавы Ромы ў шлеме з аднаго боку і Дыяскураў — з іншага

У Старажытным Рыме буйныя літыя медныя манеты, якія хадзілі V—IV стагоддзях да н.э., у III стагоддзі да н.э. замяняюцца чаканымі срэбранымі дэнарыямі з выявай галавы Ромы (боства горада Рыма) на аверсе і вершнікаў Дыяскураў — на рэверсе. Пазней, побач з выявамі багоў, на рымскіх манетах з’яўляюцца складаныя міфалагічныя сцэны, выявы статуй і храмаў[3].

У імперскі перыяд, з I па V стагоддзі н.э., распаўсюджваюцца і залатыя манеты, узнікае новы тып манеты з выявай імператара або членаў яго сям’і ўнутры кругавога надпісу. На рэверсах, побач з выявамі багоў і алегорыямі, з’яўляюцца адлюстраванні трыумфаў і сцэн ахвярапрынашэнняў. Выконваныя ў нізкім рэльефе профільныя напаўфігурныя партрэты імператараў, што вызначаюцца строгім адабраннем найбольш істотных партрэтных рыс і скрупулёзнасцю мадэлявання форм, не саступаюць па мастацкіх якасцях творам рымскай круглай скульптуры[3].

Асаблівасці схематызму і графічнай умоўнасці, якія пачалі праяўляцца ў рымскім медальерным мастацтве з пачатку III стагоддзя н.э., узмацняюцца ў візантыйскіх манетах, дзе, побач з абстрактна-схематызаванымі партрэтамі імператараў, з’яўляюцца хрысціянскія сімвалы, а з VII стагоддзя — выявы Хрыста, Багародзіцы і святых[3].

Сярэдневякоўе

Аўгустал Фрыдрыха II Гогенштаўфена

Сярэднявечныя манеты Заходняй Еўропы ў цэлым сведчаць пра заняпад медальернага мастацтва[3]. У кампазіцыях пераважалі арнаментальнасць і геральдычны характар, пашырыліся партрэтныя выявы[1]. У IX—XII стагоддзях пашырэнне атрымлівае дробная сярэбраная манета — дэнарый — з плоскаснымі партрэтамі, выявамі храмаў, святых і да т.п., што часта нясуць у сабе водгукі рымскіх і візантыйскіх традыцый. Асаблівай стараннасцю і вытанчанасцю выканання вылучаюцца чэшскія дэнарыі XII стагоддзя. У Італіі каля 1231 года, у перайманне рымскім манетам, чаканіліся залатыя «аўгусталы» імператара Фрыдрыха II Гогенштаўфена. Тонкія сярэбраныя аднастароннія манеты (брактэаты), што з’явіліся ў Цэнтральнай Еўропе напрыканцы XII — пачатку XIV стагоддзя, найчасцей змяшчалі простыя выявы геральдычнага характару. Некаторыя германскія брактэаты вылучаюцца складанасцю і графічнай вытанчанасцю плоскарэльефных выяў і надпісаў — на іх сустракаюцца выявы феадала на троне, ваяра-конніка, краявіды гарадоў і манастыроў[3].

Першыя манеты краін мусульманскага Усходу (манеты Амеядаў VII—VIII стагоддзяў) былі падобныя да візантыйскіх і сасанідскіх узораў. Аднак пазней тут пашырыліся сярэбраныя манеты з вытанчанымі калiграфiчнымі надпiсамі, што складаліся ў арнаментальныя кампазіцыі[3][1].

У Кітаі, дзе з VIII стагоддзя да н.э. бытавалі літыя медныя манеты ў форме рэальных прадметаў (матыкі, нажа, ключа), у сярэднявеччы шырока распаўсюдзіліся круглыя манеты з квадратным адтулінай у цэнтры і іерагліфічнымі надпісамі[3].

Эпоха Адраджэння

Пізанела. Медаль з выявай Іаана VIII Палеалога. 1438—1439. Нацыянальная галерэя мастацтва, Вашынгтон.

З XIV—XVI стагоддзя вядомы выраб памятных медалёў[1]. Мастацтва вырабу медалёў як асаблівых мастацкіх аб’ектаў, дыскаў з каляровых металаў (золата, срэбра, электрум, бронза, медзь, свінец) з выявамі і надпісамі на абодвух баках, узнікла ў Італіі ў эпоху Адраджэння. Першапачаткова медалі мелі мемарыяльнае значэнне[2].

У 1438 годзе Пізанела, верагодна, з удзелам Л. Б. Альберці, стварыў медаль з выявай візантыйскага імператара Іаана VIII Палеалога ў гонар яго візіту ў Ферару. У далейшым ён жа выканаў 26 медалёў для гуманістычна адукаванага двара Ферары, Мантуі, Рыміні і Неапаля. На аверсе яны змяшчалі партрэтную выяву і часта дэвіз, на рэверсе — дадатковыя эмблемы і алегарычныя выявы. Першыя медалі былі літымі і вырабляліся ў адзіным экзэмпляры[2]. Творам Адраджэння былі ўласцівыя індывідуальныя партрэтныя рысы і пластычная дасканаласць алегарычных фігур[1].

Сандра Бацічэлі. Партрэт невядомага з медалём Козіма Медычы Старэйшага. 1474—1475. Галерэя Уфіцы, Фларэнцыя.

У другой палове XV стагоддзя медальернае мастацтва распаўсюдзілася па многіх цэнтрах Італіі, а ў XVI ст. — і ў іншых еўрапейскіх краінах[2].

Буйнейшыя італьянскія медальеры XV—XVI стст. — М. дэ Пасці, Н. Ф’ярэнціна, С. Савелі, К. Джэрэмія, Л. Леоні, Б. Чэліні і інш. Медалі адлюстроўваліся на партрэтах знакамітых асоб, як на знакамітым «Партрэце невядомага з медалём Козіма Медычы Старэйшага» С. Бацічэлі (1474—1475)[2].

Італьянскі ўплыў вызначыў развіццё медальернага мастацтва ў Англіі, дзе ім, у прыватнасці, займаўся Н. Хіліярд, Нідэрландах і Францыі, дзе галоўным цэнтрам гэтага мастацтва з пачатку XVI ст. стаў Ліён. Пры каралі Генрыху II пачаўся выпуск медалёў на каралеўскім манетным двары пад кіраўніцтвам Ж. Пілона, які ствараў для іх партрэтныя выявы. Адным з найлепшых твораў нідэрландскага медальернага мастацтва стала медаль К. Масейса з выявай Эразма Ратэрдамскага (1519)[2].

У Германіі, дзе галоўнымі цэнтрамі медальернага мастацтва былі Нюрнберг і Аўгсбург, медалі адліваліся паводле мадэляў, выразаных прафесійнымі разьбярамі з каменю і дрэва, яны вызначаліся дакладнасцю малюнка і рэалістычнасцю партрэтаў[2].

Квенцін Масейс. Медаль з выявай Эразма Ратэрдамскага. 1519. Нацыянальная галерэя мастацтва, Вашынгтон.

Вынаходніцтва ў XVI стагоддзі вінтавога прэса для чаканкі прывяло да шырокага распаўсюджання чаканных медалёў, што ў значнай ступені страцілі мастацкія вартасці[2].

Эпоха барока і класіцызму

У эпохі барока і класіцызму з’явіліся стальныя штэмпелі, што дазваляла дасягнуць у гераізаваных кампазіцыях ювелірнай дакладнасці апрацоўкі дэталяў[1].

Акрамя партрэтаў, на медалях з’явіліся сюжэтныя выявы — ваенныя і рэлігійныя канфлікты ў творах Г. ван Бейлара, марскія бітвы паміж Англіяй і Нідэрландамі ў працах В. Мюлера (Галандыя); падзеі часу кіравання Карла II Сцюарта ў серыі Дж. Рутырса, сутыкненні католікаў і пратэстантаў у працах Дж. Баўэра (Англія). У Францыі ў канцы XVII ст. па заказе Малой акадэміі пачаўся выпуск серый медалёў, прысвечаных падзеям перыяду кіравання Людовіка XIV. Вядомымі майстрамі ў Францыі былі Ж. Варэн, Г. Дзюпрэ, П. Рэньё; у Германіі — І. Гён. Стварэнне медалёў усё часцей станавілася прывілеем дзяржаўных манетных двароў[2].

З XVIII стагоддзя медалі выкарыстоўваліся як знакі ўзнагароды і дыпламатычныя падарункі. Медальернае мастацтва атрымала афіцыйнае прызнанне, яго ўзоры экспанаваліся на парыжскіх Салонах і выставах Каралеўскай акадэміі мастацтваў у Лондане. Пачалі ўзнікаць кабінеты медалёў, дзе захоўваліся багатыя калекцыі: у імператара Фрыдрыха II Вялікага ў Прусіі, французскага караля Людовіка XV, англійскага караля Георга III. Медалі імітавалі класічны стыль эпохі Адраджэння. У XVIII стагоддзі медальернае мастацтва пранікла ў краіны Усходняй Еўропы, а таксама ў Паўночную і Лацінскую Амерыку.

XIX стагоддзе

Бенедэта Пістручы. Каранацыйны медаль караля Георга IV, Вялікабрытанія, 1821 г.

На пачатку XIX стагоддзя медальернае мастацтва адчувала ўплыў ампіру: да гэтага стылю належыць серыя з выявай эпізодаў Напалеонаўскіх войнаў (каля 90 медалёў, 1804—1814), выпушчаная пад кіраўніцтвам Д. Дэнона ў Парыжы; працы Дж. М’юдзі, У. Уаяна, Б. Пістручы ў Англіі; Х. Крыстэнсена ў Даніі[2].

Жан-Батыст Даніэль-Дзюпюі. Медальён Пенсільванскай акадэміі прыгожых мастацтваў. Каля 1893. Нацыянальная галерэя мастацтва, Вашынгтон

У XIX стагоддзе прымяненне паравога прэса дазволіла механізаваць працэс чаканкі і наладзіць масавую вытворчасць медалёў з танных металічных сплаваў, а вынаходніцтва штэмпелерэзнай машыны дало скульптарам магчымасць абыходзіцца без гравёра і вырабляць штэмпелі непасрэдна са сваіх мадэляў. У канцы XIX стагоддзя скульптары пачалі ствараць медалі як дэкаратыўныя аб’екты без мемарыяльнага зместу. У той жа час у XIX стагоддзі адрадзілася тэхніка ліцця медалёў[2].

На мяжы XIX—XX стст. многія медальеры, у тым ліку Ф. Панкарм, Ж. Шаплен і А. Раці ў Францыі і А. Шарф у Аўстра-Венгрыі, шукалі новыя сродкі выразнасці, пад уплывам імпрэсіянізму выкарыстоўвалі прыёмы святлацені і мяккай лепкі[2].

XX стагоддзе

У XX стагоддзі ўзмацніліся пластычныя эксперыменты: майстры дасягалі фактурных і жывапісных эфектаў, выкарыстоўвалі контррэльеф, паглыблены контур, чарненне і эмаль, звярталіся да дынамічнай асіметрыі кампазіцыі і інш[2].

У медальернае мастацтва пранікаюць прыёмы кубізму і экспрэсіянізму. Новыя тэхнічныя сродкі выкарыстоўваюцца і пры вырабе манет. Сярод еўрапейскіх медальераў вылучаюцца А. Л. Галцье, Р. Дэламар, Ж. Лей, А. Ж. Адам у Францыі; Д. Ледэль у Бельгіі; О. Шпаніэль, Я. Т. Фішэр, І. Прадлер, Р. Прыбіш, Я. Куліх у Чэхаславакіі, Е. Капчуньскі, Б. Хромы, З. Дзямкоўская, В. Кавалік у Польшчы. Лепшым сучасным еўрапейскім мемарыяльным медалям, пры фактурнай выразнасці, лаканізме і вастрыні кампазіцыі, часта ўласцівая яскравая публіцыстычнасць мастацкага вобраза ў цэлым[3].

Карл Гёц. Медаль з выявай затаплення «Лузітаніі». 1915. Брытанскі музей, Лондан.

У 1910-я гг. медальернае мастацтва набыло асаблівае значэнне ў Германіі. Мастакі, такія як Ё. Гангль, К. К. Гёц, Л. Гіс і інш., стваралі творы, блізкія да экспрэсіянізму, адраджаючы традыцыйныя еўрапейскія вобразы «Скокаў смерці» і «Жахаў вайны», надаючы ім антываенны сэнс. У міжваенны перыяд у медальерным мастацтве пераважаў стыль ар-дэко, у якім працавалі П. Турэн у Францыі; Ж. Дзюпон у Бельгіі; Р. Джонсан, П. Меткаф у Англіі[2].

Для другой паловы XX стагоддзя характэрныя, з аднаго боку, масавая вытворчасць немастацкіх медалёў, а з другога — пашырэнне межаў гэтага віду мастацтва. Сучасныя медальеры выкарыстоўваюць шкло, эмаль і іншыя матэрыялы[2].

Расійская імперыя

У Расіі першыя медалі былі выкананы на мяжы XVII—XVIII стагоддзяў і прысвячаліся ваенным перамогам. Росквіт медальернага мастацтва адбыўся ў перыяд класіцызму другой паловы XVIII — пачатку XIX стагоддзя. Медальеры С. Ю. Юдзін, Ц. І. Іваноў, К. А. Леберэхт, А. А. Клепікаў, А. П. Лялін, П. П. Уткін прысвячалі свае працы найважнейшым гістарычным падзеям у гісторыі Расіі, вялікім палкаводцам, дзеячам навукі і культуры. Строгай прастатой кампазіцыі, пластычнай мадэліроўкай і тэхнічнай дасканаласцю вылучаліся медалі Ф. П. Талстога. У канцы XIX — пачатку XX ст. расійскае медальернае мастацтва перажывала спад[2].

Савецкі Саюз

Савецкія медальеры 1920-1930-х гг., такія як А. Ф. Васюцінскі, М. А. Сакалоў, Д. К. Сцяпанаў, С. А. Мартынаў, І. І. Цыганкоў) імкнуліся знайсці новую мову для медальернага мастацтва і адлюстраваць дух эпохі. Іх творам былі ўласцівыя прастата кампазіцыі, плакатнасць мастацкай мовы, імкненне да дакументальнасці выявы. З 1950-х гг. выпуск мемарыяльных медалёў набыў рэгулярны характар[2].

Беларусь

На тэрыторыі Беларусі медальернае мастацтва развівалася ў рэчышчы асноўных мастацкіх эпох і стыляў. З канца XV стагоддзя манеты вырабляліся на Віленскім манетным двары. З пачатку XVI стагоддзя вядомы медалі, прысвечаныя польскім каралям, вялікім князям літоўскім і членам іх сямейства — у тым ліку Жыгімонту I Старому, Жыгімонту II Аўгусту, Боне Сфорцы і іншым. Іх стваралі замежныя медальеры, такія як Г. Шварц, Дж. М. Моска Падавана, Д. Венетус і іншыя[1].

З сярэдзіны XVI стагоддзя на Віленскі манетны двор пачаўся пастаянны выпуск медалёў, пашырылася іх тэматыка — з’явіліся медалі з нагоды ваенных перамог. Паводле замовы князёў Радзівілаў вырабляліся медалі ў гонар прадстаўнікоў іх роду. Сярод вядомых віленскіх медальераў былі Г. Кель, Г. Трыльнер, манаграміст «HD»[1].

З XVIII стагоддзя пашырыўся выраб медалёў і жэтонаў на рэлігійную тэматыку, прысвечаных важным дзяржаўным і грамадскім падзеям. Найбольш вядомы медальер XVIII стагоддзя — Ёган Філіп Гольцгаўзер[1].

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай творы медальернага мастацтва, звязаныя з беларускай тэматыкай, ствараліся ў Расійскай імперыі. За межамі імперыі было выраблена шмат медалёў, прысвечаных паўстанням 1830—1831 і 1863—1864 гадоў, Адаму Міцкевічу, Тадэвушу Касцюшку і іншым[1].

У 1960-я гады беларускае медальернае мастацтва аднавілася. Ствараюцца памятныя, юбілейныя і сувенірныя медалі, прысвечаныя падзеям Вялікай Айчыннай вайны, гадавінам беларускіх гарадоў, навуковых устаноў, прадпрыемстваў, культурных падзей і знакавым асобам Беларусі. Унікальныя музейна-выставачныя медалі адліваюць з бронзы ці сілуміну. Вырабляюць таксама медалі з фарфору і гліны, са шкла ў тэхніцы маліравання і інш[1].

Да медальернага мастацтва ў сваёй творчасці звяртаюцца Г. Асташонак, М. Байрачны, С. Вакар, Г. Гаравая, С. Гарбунова, А. Зіменка, А. Кашкурэвіч, В. Ларчанка, У. Лятун, У. Слабодчыкаў, Л. Талбузін, А. Фінскі і іншыя. Творы медальернага мастацтва экспануюцца на выстаўках[1].

Крыніцы

  1. а б в г д е ё ж з і к л м н о п Медальернае мастацтва // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. — 544 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0169-9 (т. 10).
  2. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р Медальерное искусство (руск.). Большая российская энциклопедия (21 ліпеня 2023). Праверана 19 ліпеня 2025.
  3. а б в г д е ё ж з і к л Медальерное искусство. www.booksite.ru. Праверана 19 ліпеня 2025.

Літаратура

Спасылкі

Prefix: a b c d e f g h i j k l m n o p q r s t u v w x y z 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9

Portal di Ensiklopedia Dunia

Kembali kehalaman sebelumnya