Засечная лінія

Падрабязней гл. таксама: Крымскае ханства, Гісторыя Расіі

«Засечная лінія», таксама «засечная паласа» і «засечная рыса» (руск.: засечная черта) — лінія памежных умацаванняў у Маскоўскай дзяржаве XVI—XVII стст. Такія лініі будаваліся на паўднёвых межах дзяржавы («у полі») дзеля абароны ад татарскіх набегаў — Тульская ў сярэдзіне XVI ст., Белгародская ў 1630-я—1640-я гг.

Засечная паласа складалася з паасобных апорных пунктаў ― крэпасцяў[1], паміж якімі будаваліся засекі і валы. Для назірання і папярэджання наперад ад лініі ўмацаванняў высоўваліся «старожы» ― вартавыя пасты, часам з назіральнымі вышкамі, і «станіцы» ― конныя раз’езды-патрулі[2]. Месцы для ўмацаванняў і вартавых пунктаў прымяркоўваліся да тых шляхоў і дарог, якімі карысталіся татары. Самі дарогі і падыходы да брадоў перагароджваліся інжынернымі ўмацаваннямі, а на важных іх вузлах ставіліся крэпасці.

Сталы гарнізон засечных ліній складалі паселеныя ў памежных гарадах «служылыя людзі» і казакі. У пэўныя поры году, у якія звычайна адбываліся вялікія крымскія набегі, у крэпасцях адмыслова збіраліся шматлікія дадатковыя войскі. Наогул, памежныя гарады, называныя тады «украінскімі» (ускраіннымі) і «польскімі» (палявымі), будаваліся і засяляліся пераважна людзьмі з іншых памежных гарадоў; узаемасувязі паміж такімі гарадамі былі самымі цеснымі, што падмацоўвалася не толькі агульнымі для іх ваенна-адміністрацыйнымі распараджэннямі, але і ўсім ладам іх жыцця, падпарадкаваным патрэбам памежнай («берагавой», «польнай») службы. На думку С. Ф. Платонава, увесь поўдзень Расіі фактычна ўяўляў тады сабою «адну добра арганізаваную ваенную акругу», а з 1571 існавала і сістэма планавых, узгодненых мераў па абароне мяжы, створаная маскоўскай нарадай знаўцаў справы пад кіраўніцтвам баяраў М. І. Варатынскага і Н. Р. Юр’ева. На працягу XVI—XVII стст. з тым, як расла сіла Расійскай дзяржавы, новыя памежныя ўмацаваныя лініі будаваліся ўсё далей на поўдзень. Канчаткова патрэба ў іх адпала пасля заваявання Крыму расійскімі войскамі ў 1783.

Зноскі

  1. Пазней такія крэпасці маглі ператварацца ў гандлёва-рамесніцкія гарады, як, напрыклад, Арол, Кромы, Курск, Барысаглебск. Гл.: История государства и права России / под ред. Чибиряева.
  2. Назвы «старожа» і «станіца» ― паводле С. Ф. Платонава.

Літаратура

  • История государства и права России: Учебник для вузов / Под ред. С. А. Чибиряева. — М., 1998. — 528 с. (руск.)
  • С. Ф. Платонов. Полный курс лекций по русской истории. (руск.)
Prefix: a b c d e f g h i j k l m n o p q r s t u v w x y z 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9

Portal di Ensiklopedia Dunia

Kembali kehalaman sebelumnya