Зінаіда Антонаўна Астаповіч-Бачарова
Зінаіда Антонаўна Астаповіч-Бачарова (10 верасня 1898, Мінск — 26 верасня 1993, Віцебск) — беларуская мастачка. Сястра вядомага графіка Аркадзя Астаповіча. БіяграфіяУ 1900 годзе пасля прызначэння бацькі настаўнікам-інспектарам чатырохкласных вучылішч сям’я пераехала ў Рэчыцу, у 1906 — у Гродна. Вучылася ў Марыінскай жаночай гімназіі ў Гродне. Пасля смерці бацькі, у 1914 годзе сям’я перасялілася да сваякоў у Петраград. У 1915 годзе скончыла Аляксандраўскую жаночую гімназію з правам на сярэбраны медаль. У 1915—1919 гадах займалася ў Рысавальнай школе пры Імператарскім таварыстве заахвочвання мастацтваў (цяпер Санкт-Пецярбургскае мастацкае вучылішча імя М. К. Рэрыха), наведвала графічнае аддзяленне І. Я. Білібіна, вывучала жывапіс у П. С. Навумава, рысунак у А. Р. Эберлінга. З 1917 года выкладала маляванне ў школе Таварыства спажыўцоў пры Абухаўскім заводзе і ў Аляксандра-Неўскім гарадскім пачатковым вучылішчы ў Петраградзе. Ратуючыся ад голаду, у 1919 годзе пераехала на лецішча бацькоў у Навасёлкі (Ігуменскі павет Мінскай губерні), дзе да 1922 года працавала настаўнікам малявання школы ў Мар’інай Горцы[1]. У 1923—1925 гадах працягнула навучанне ў У. Н. Лявіцкага і А. Р. Эберлінга ў І Дзяржаўным мастацка-прамысловым тэхнікуме ў Ленінградзе. У 1923—1928 гадах працавала ў часопісе «Ленінград» і прыватных выдавецтвах, у 1927—1928 гадах — выконвала заказы Беларускага дзяржаўнага музея. У 1927 годзе ўзяла шлюб і пераехала ў Наваржэў (Пскоўская вобласць) — месца працы мужа. У 1930 годзе вярнулася ў Ленінград, выкладала маляванне і чарчэнне ў сярэдніх школах, на рабфаку Ленінградскага ветэрынарнага інстытута. У 1941 годзе эвакуіравалася ў Заазер’е (Пермскі раён Свярдлоўскай вобласці), працавала па спецыяльнасці ў мясцовай школе, з 1945 года — пасля вяртання ў Ленінград — у СШ № 320 і № 322. У 1955 годзе пераехала да дачкі ў Рыбнае (Разанская вобласць), у 1963 годзе разам з дачкой — у Віцебск[2]. ТворчасцьУ 1911—1990 гадах Зінаіда Астаповіч-Бачарова пісала амаль штодзень. Значная частка работ 1930-х — 1940-х гадоў згубілася ў блакадным Ленінградзе і ў час пераездаў. Малявала акварэллю, алеем, алоўкамі, вугалем, гуашшу, пастэллю і іншым. Працавала ў жанрах: партрэт («Аўтапартрэт» (1923), «Партрэт Н. Р. Якубовіч» (1923), «Партрэт прыяцелькі» (1925), «Жаночы партрэт» (1926) і інш.), пейзаж («Асіны і елка» (1915), «Сасна» (1916), «Вечар у лесе» (1968) і інш.), агітацыйны плакат («Авалодвайце паветрам і часам» (1926) і інш.), кніжная ілюстрацыя (да казкі «Жылі-былі стары ды старая» (1922), да кніг-казак у вершах паэтаў У. І. Эрліха і Я. Л. Шварца) і інш. Удзельнічала ў выстаўках, у тым ліку прац самадзейных мастакоў-рабочых, служачых і іх сямей (Ленінград, 1952), «Аркадзь Антонавіч Астаповіч і Зінаіда Антонаўна Астаповіч-Бачарова» (Дзяржаўны мастацкі музей БССР, 1989), «Аркадзь Антонавіч Астаповіч і Зінаіда Антонаўна Бачарова-Астаповіч» (Арт-цэнтр Марка Шагала, Віцебск, 1990), «Драма и удача художника. Зинаида Антоновна Бочарова-Астапович» (Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя С. М. Кірава, 1993)[2]. Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia