Казімір Мікалай Міхалкевіч
Казімір Мікалай Міхалкевіч (польск.: Kazimierz Mikołaj Michalkiewicz; 1 лютага 1865, Гапенішкі — 16 лютага 1940) — рымска-каталіцкі і польскі дзеяч, біскуп. З шляхецкага роду Ковенскай губерні, сын Юстына Міхалкевіча. У 1884 паступіў у Магілёўскую каталіцкую семінарыю ў Пецярбургу. 23 кастрычніка 1886 высвечаны на святара. Пасля заканчэння семінарыі ў 1888 служыў у віцебскім парафіяльным касцёле Св. Антонія, а з 1890 у розных парафіях Віцебскай губерні. У 1896 яго прызначылі на пасаду пробашча Кранштацкага рымска-каталіцкага ваенна-марскога касцёла і адначасова ваеннага капелана марскіх і сухапутных войскаў Расійскай імперыі. У 1900 стаў пробашчам мінскага касцёла Святой Тройцы. Адразу пачаў актыўна займацца гаспадарчымі справамі і ў першую чаргу рамонтам парафіяльных будынкаў. На яго ініцыятыву ў 1903 у горадзе стварылі камітэт, які распачаў працу па падрыхтоўцы будаўніцтва навага парафіяльнага храма на Залатой Горцы. Для распрацоўкі праекта новай святыні з Варшавы быў запрошаны вядомы архітэктар Юзаф Дзяконскі. Займаўся асветніцкай дзейнасцю — навучаннем польскай мовы, гісторыі і культуры. З'яўляўся прыхільнікам уключення Віленшчыны ў склад Польшчы. 11 студзеня 1907 года быў абраны старшынёй (1907—1907) Польскага Таварыства «Асвета» у Мінску. Аднак праз некалькі месяцаў (у кастрычніку 1907) ксёндз Казімір Міхалкевіч пакінуў гэту пасаду, паехаўшы ў Вільню. Прычынай пераезду Міхалкевіча ў Вільню было тое, што пасля высылкі ў кастрычніку 1907 г. віленскага біскупа Эдварда Ропа, мінскі дэкан Казімір Міхалкевіч пачаў выконваць абавязкі адміністратара Віленскай дыяцэзіі[2], У 1907—1917 фактычна адміністатар Віленскай дыяцэзіі. 12 студзеня 1923 прызначаны тытулярным біскупам Фіятырскім і біскупам-суфраганам Віленскай дыяцэзіі. Кансекраваны 10 чэрвеня 1923.
Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia