Канаан Банана
Канаан Садзінда Банана (англ.: Canaan Sodindo Banana, 5 сакавіка 1936, Эсігадзіні, Паўднёвая Радэзія — 10 лістапада 2003, Лондан, Вялікабрытанія) — першы Прэзідэнт Зімбабвэ (18 красавіка 1980 — 31 снежня 1987). Дзеяч вызвольнага руху ў Радэзіі і Афрыканскага нацыянальнага саюза Зімбабвэ, пастар. БіяграфіяНарадзіўся ў сельскай камуне Эсігадзіні недалёка ад г. Булавая. Пасля заканчэння сярэдняй школы два гады вывучаў багаслоўе ў семінарыі і ў 1962 годзе атрымаў сан святара метадысцкай царквы. Некалькі гадоў служыў святаром. Пазней атрымаў ступень магістра тэалогіі. У 1974—1975 гадах вучыўся ў семінарыі ў ЗША. З канца 1960-х да 1975 года жыў у эміграцыі ў ЗША. У пачатку 1970-х гадоў уступіў у нацыяналістычную арганізацыю Аб’яднаны Афрыканскі нацыянальны савет (ААНС), якая змагалася супраць кіруючага рэжыму Яна Сміта легальнымі сродкамі. Быў віцэ-прэзідэнтам выканаўчага камітэта ААНС. У 1975 годзе быў арыштаваны. У канцы 1976 года пасля правалу Жэнеўскай канстытуцыйнай канферэнцыі па Радэзіі парваў з ААНС і публічна выступіў супраць палітыкі яе лідара біскупа А. Музарэвы. У 1977 годзе стаў сакратаром інфармацыйнага аддзела Руху народа — унутранага крыла апазіцыйнай кіруючаму рэжыму марксісцкай партыі ЗАНУ, якую ўзначальваў Р. Мугабэ. Актыўна ўдзельнічаў у барацьбе за звяржэнне расісцкага рэжыму. Пасля забароны Руху народа ў 1977 годзе быў арыштаваны і прабыў 2 гады ў зняволенні. Пасля абвяшчэння незалежнасці Зімбабвэ 11 красавіка 1980 года парламентам краіны быў абраны першым прэзідэнтам незалежнай дзяржавы. У 1982 годзе быў прыняты асобны закон, які забараняў грамадзянам краіны жарты, якія тычацца яго прозвішча[4]. Пасля сыходу з пасады прэзідэнта быў дыпламатам пры Арганізацыі афрыканскага адзінства (у прыватнасці, удзельнічаў у перамовах па спыненні крызісу ў Ліберыі) і ўзначальваў рэлігійны факультэт зімбабвійскага ўніверсітэта. З’яўляецца аўтарам афрыканскай версіі малітвы Ойча наш: «Ойча наш, навучы нас патрабаваць сваю долю золата і даруй нам за нашу кемнасць…»[5]. У 1997 годзе быў арыштаваны і ў 1998 годзе асуджаны па абвінавачванні ў сексуальным гвалце і садаміі, вылучаных у ходзе судовага працэсу аб забойстве яго былога целаахоўніка. Быў прызнаны вінаватым у адзінаццаці эпізодах. Вызвалены з-пад арышту пад заклад і збег у ПАР. Адмаўляў усе абвінавачванні, заявіўшы, што вылучаныя супраць яго абвінавачванні і паказанні былі «паталагічнай хлуснёй» з мэтай знішчыць яго палітычную кар’еру. Аднак пасля асабістай сустрэчы з прэзідэнтам ПАР Н. Мандэлай у снежні 1998 года вярнуўся на радзіму, дзе 18 студзеня 1999 года быў прысуджаны да 10 гадоў зняволення (з іх 9 гадоў — умоўна) і пазбаўлення царкоўнага сану. Знаходзіўся ў зняволенні 6 месяцаў (яго жонка ў 2000 годзе атрымала палітычны прытулак у Вялікабрытаніі). Памёр ад раку 10 лістапада 2003 года ў Лондане. Зноскі
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia