Каралеўскі палац (Варшава)
Каралеўскі замак у Варшаве (польск.: Zamek Królewski w Warszawie) быў пабудаваны ў 1598—1618 гадах каралём польскім і вялікім князем літоўскім Жыгімонтам Вазам на месцы сярэднявечнага замка мазавецкіх князёў. Палац быў узведзены на штучным ўзвышшы, меў форму пяцікутніка і вылучаўся на фоне гарадской забудовы 60-метровай Сігізмундавай вежай, правобразам якой, на думку некаторых аўтараў, паслужылі фартыфікацыйныя збудаванні Смаленска. Палац-замак падвяргаўся рабаванню падчас шведскага нашэсця сярэдзіны XVII стагоддзя і Паўночнай вайны. Хоць і Ян Сабескі, і Аўгуст III фінансавалі рамонтныя работы, поўнамаштабнае абнаўленне струхлелага будынка звязана з імем апошняга караля, Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Па яго ініцыятыве ўздоўж Віслы было пабудавана новае крыло з сучаснымі інтэр'ерамі ў стылі класіцызма, а стары замак быў забудаваны шэрагам новых залаў і будынкаў, уключаючы працяглы корпус каралеўскай бібліятэкі, якая злучала замак з барочным палацам «Пад бляхай». ![]() У прамежку паміж сусветнымі войнамі палац, які ўяўляў сабой мудрагелістую сумесь пабудоў і перабудоў розных эпох, быў старанна адрэстаўраваны, і тут пасяліўся прэзідэнт Ігнацы Масціцкі. З пачаткам Другой сусветнай вайны нацысты замініравалі палац і падвергнулі яго планамернаму і бязлітаснаму разбурэнню. Пасля вайны месца, дзе некалі стаяў замак, пуставала да 1971 г., калі сойм канчаткова адмовіўся ад планаў будаўніцтва сучасных урадавых будынкаў на яго месцы і прыняў рашэнне аднавіць палац па фрагментах і фатаграфіях, якія захаваліся, па магчымасці надаўшы яму тую форму, якую, як мяркуецца, ён меў у пачатку XVII стагоддзя. Аднаўленчыя работы працягваліся да 1988 года. Аркады Кубіцкага былі перададзеныя для карыстання ў 2009 годзе. Цяпер у палацы музей, дзе можна ўбачыць палотны Рэмбранта і Матэйкі («Стэфан Баторый пад Псковам»), старыя выгляды Варшавы пэндзля Белота, а таксама ўрну з прахам Тадэвуша Касцюшкі. Спасылкі
Інтэр'еры
|
Portal di Ensiklopedia Dunia