Карта Віда-ЛяцкагаКа́рта Віда-Ляцкага — першая вядомая геаграфічная карта, створаная і выдадзеная на тэрыторыі ВКЛ (першае выданне — Антверпен, 1542 (?), другое — Вільня, 1555). Паказвае ўсходнія раёны Маскоўскай дзяржавы і частку тэрыторыі ВКЛ, прызначалася для інфармавання заходнееўрапейскай аўдыторыі пра малавядомую Масковію. Гравёр і картограф Антоній Від разам з аселым у Літве былым акольнічым Васіля III Іванам Ляцкім працавалі над ёй у 1537—1542 гадах, скарыстаўшыся картаграфічнымі матэрыяламі, вывезенымі Ляцкім з Масквы ў 1534 годзе. Яшчэ да апублікавання Ляцкі рассылаў чарнавыя варыянты карты вядомым еўрапейскім вучоным, у тым ліку Себасціяну Мюнстэру (1540) і Сігізмунду Герберштэйну (1541). На карце нанесеныя стратэгічныя замкі памежжа ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы — Веліж, Віцебск, Гомель, Кіеў, Крычаў, Орша, Полацк, Смаленск, — на думку Міхася Ткачова, выявы замкаў добра стасуюцца з археалагічнымі і інвентарнымі звесткамі і зробленыя з натуры. Пададзеная інфармацыя пра Аршанскую бітву 1514 года з сімвалічным малюнкам. Некалькі дзесяцігоддзяў лічылася адной з самых верагодных карт Масковіі. У 1570 годзе яе перагравіраваў Франц Хогенберг, адзін з рэдактараў энцыклапедычнай серыі «Гарады зямнога шара». Карта з'яўляецца найбольш раннім вядомым помнікам старабеларускага свецкага кнігадрукавання, змяшчаючы тлумачальны тэкст на старабеларускай мове з вялікай колькасцю паланізмаў. Белая Русь, паводле карты Віда-Ляцкага — іншая назва Маскоўскай дзяржавы. Гл. таксама
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia