Касцёл Адведзін Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Мікелеўшчына)
Касцёл Адведзін Найсвяцейшай Дзевы Марыі — каталіцкі храм в. Мікелеўшчына Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці. Знаходзіцца на паўднёва-ўсходняй ускраіне вёскі. Дзейнічае. ГісторыяКасцёл пад тытулам Адведзін Найсвяцейшай Дзевы Марыі быў узведзены на мясцовых могілках у 1823 годзе з цэглы па фундацыі Багуміла Бутаўт-Андрэйковіча як філіяльны ад Мастоўскай парафіі. Касцёл кансэкравалі 8 верасня 1826 года. У 1878 святыня была рэканструявана. Тады да галоўнага аб’ёму былі дабудаваны вежа і нартэкс. У 1911 касцёл атрымаў статус цэнтра самастойнай парафіі. Колькасць парафіян перад Другой сусветнай вайной складала больш за 1300 вернікаў. Савецкія ўлады адабралі толькі будынак плябаніі, касцёл жа застаўся дзейнічаць і нават атрымаў статус помніка архітэктуры. Архітэктура![]() Касцёл пабудаваны з бутавага каменю і цэглы (цагляныя элементы знешняга дэкору — пілястры, ліштвы вокнаў, карнізы і г.д. — атынкаваны і пабелены) у стылі класіцызму. Святыня прамавугольная ў плане з прамавугольнай апсідай, у якой змешчана сакрыстыя, накрыта двухсхільным бляшаным дахам. Галоўны фасад завяршае антаблемент з невялікім трохвугольным франтонам, над якім узвышаецца чацверыковая вежа-званіца пад фігурным купалам у стылі позняга класіцызму. Уваходны партал па перыметры ўпрыгожаны сімваламі хрысціянства, а над дзвярыма знаходзіцца надпіс на лаціне: «ET VERBUM CARO FACTUM EST» («І Слова стала целам»). Касцёльны ўчастак разам з могілкамі абнесены невысокай бутавай агароджай з уваходнай брамай у выглядзе дзвюх цагляных і атынкаваных нізкіх слупоў. Па-за апсідай касцёла сярод надмагілляў знаходзіцца каплічка, пабудаваная ў ХIХ ст. з цэглы і атынкаваная; выразных стылёвых рысаў не мае, накрыта вальмавым дахам. Інтэр’ер![]() Інтэр’ер касцёла перакрыты плоскай атынкаванай столлю, з фрэскавай размалёўкай — архітэктурным карнізам з анёламі (верхняя частка сцен), кесонамі з разеткамі і медальёнамі з выявамі евангелістаў на столі. Архітэктурным роспісам у стылі класіцызму (пілястры, карнізы, фрызы) і тэхніцы грызайль распісаны сцены малітоўнай залы. У метопах фрыза знаходзіцца некалькі дзясяткаў аднолькавых выяваў анёлкаў, у кожнага з якіх у руках пэўная сакральная ці музычная прылада: манстранцыя, кубак, плашчаніца, мітра, труба, барабан і г. д. У касцёле тры двух’ярусныя алтары, намаляваныя на алтарнай сцяне ў выглядзе ілюзорнага жывапісу. У галоўным алтары змешчаны абраз Сустрэчы Дзіцятак — Яна Хрысціцеля і Езуса (наверсе — абраз Бога Створцы), у левым бакавым алтары — абраз св. Юды Тадэвуша і фігурка Маці Божай Фацімскай (наверсе — Маці Божая Чанстахоўская), у правым — абраз св. Антонія і фігура Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса (наверсе — Маці Божая Вастрабрамская). Паміж алтарамі намяляваны конхавыя нішы з фігурамі св. Пятра (злева) і св. Паўла. Арганныя хоры абапіраюцца на трохпралётную арку. Пад касцёлам была створана крыпта, але цяпер яна замуравана. Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia