Касцёл Святога Казіміра (Расна)
Касцё́л Свято́га Казімі́ра — мураваны каталіцкі храм у цэнтры аграгарадка Расны Дрыбінскага раёна Магілёўскай вобласці, адзін з яскравых прыкладаў класіцызма XIX стагоддзя на тэрыторыі Беларусі[1], помнік архітэктуры рэспубліканскага значэння. ГісторыяРасненская каталіцкая супольнасць упершыню згадваецца ў 1744 годзе, на той час яна адносілася да Аршанскага дэканата Віленскай дыяцэзіі. У 1747 годзе ў мястэчку засноўваецца езуіцкая місія (дзейнічала да 1773 года), якая падпарадкоўвалася Мсціслаўскаму калегіуму. У год заснавання місіі ўладальнік Расны, рагачоўскі староста граф Міхаіл Пацей перадаў езуітам 10 чвэрцяў ячменю, 4 – грэчкі, 3 – пшаніцы, 1 – аўса, 5 – канапель і гароху, 1 дзіка і 1 бочку солі. Праз чатыры гады пры падтрымцы Пацеяў на грошы прыхаджан быў узведзены драўляны касцёл Святога Казьмы, перададзены езуітам пад апеку. У выніку ўвахода паселішча ў склад Расійскай імперыі пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у верасні 1775 года храм быў зацверджаны парафіяльным[2]. Драўляны будынак першага касцёла згарэў падчас пажару 1804 года. Праз восем гадоў на яго месцы пачалося ўзвядзенне новага мураванага храма, якое вялося за кошт ахвяраванняў айцоў-езуітаў і Лявона Парчэўскага. Набажэнствы ў гэты перыяд адбываліся ў часовым памяшканні. У 1818 годзе будаўніцтва было амаль скончана, а ў наступным годзе завершаны касцёл асвяцілі ў гонар Святога Казіміра. Да 1868 года храм працягваў існаваць як парафіяльны, а пасля скасавання прыхода стаў філіяльным[3]. У 1843 годзе касцёл быў пашкоджаны бурай, у выніку чаго апынуўся зламаным дах будынка. У 1853 годзе ў храме непрацяглы час праводзіліся буйныя рэстаўрацыйныя працы. Па звестках 1849 года, касцёл адносіўся да Чавускага дэканата Магілёўскай архідыяцэзіі. Станам на 1886 год, у парафіі налічвалася 971 вернікаў, дзейнічала капліца ў Забалоцці[4]. Юзафат Жыскар у працы «Nasze kościoły» звяртаў ўвагу, што парафія невялікая, служыў толькі адзін ксёндз, а прыхаджанамі з’яўляліся, у асноўным, дробная шляхта і землеўладальнікі, беларусаў-вернікаў было толькі некалькі чалавек. Сам будынак пры гэтым знаходзіўся ў добрым стане і не патрабаваў рамонту[2]. Каля храма была пастаўлена драўляная званіца з 5 званамі, размяшчаліся цвінтар даўжынёй 14 і шырынёй 13 сажаняў, драўляная плябанія, свіран, лядоўня, стайня, пуня, вазоўня і іншыя пабудовы[5]. У 1923 годзе касцёл Святога Казіміра ўжо значыцца ў спісе парафій без адказнага святара, а ў 1930-я гады сам храм быў зачынены і пераўтвораны спачатку ў клуб, пасля — у склад. Падчас Другой сусветнай вайны будынак моцна пацярпеў ад абстрэлу і больш не аднаўляўся. На цяперашні момант у Расне існуе адроджаная каталіцкая парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і Святога Казіміра, дзейнічае часовая капліца. У 2007 годзе будынак былога касцёла быў унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей[5]. АрхітэктураПомнік архітэктуры класіцызму з шырокім выкарыстаннем ордарных элементаў. Уяўляе сабой трохнефавую базіліку з прамавугольнай у плане апсідай і дзвюма сакрысціямі. Будынак накрыты двухсхільным дахам, першапачаткова драўляным, пасля — бляшаным (не захаваўся). Галоўны фасад вылучаны чатырохкалонным дарычным порцікам, завершаным трохвугольным франтонам з развітым антаблементам (з трыгліфамі і метопамі). Па баках порціка знаходзіліся невялікія конхавыя нішы з трохвугольнымі сандрыкамі. Бакавыя фасады таксама падкрэслены рызалітамі з чатырохкалоннымі порцікамі і паўцыркульнымі нішамі. 18 аконных і дзвярных прамавугольных праёмаў аздоблены сандрыкамі. У алтарнай частцы знаходзілася адзінае паўкруглае акно. Бабінец быў падзелены дзвюма драўлянымі перагародкамі. На галоўным франтоне раней знаходзіўся драўляны крыж. Існавалі тры ганкі, да кожнага з якіх вялі па тры прыступкі[1][6]. Унутраная прастора падзелена дзвюма шэрагамі з шаснаццаці калон дарычнага ордэру на тры нефы, злучаныя цыліндрычнымі скляпеннямі. Падлога драўляная, з хваёвых дошак. Паводле інфармацыі з «Ведамасцяў аб касцёлах за 1831 год», у інтэр’еры вылучаліся чатыры алтары, а таксама арган. Галоўны алтар змяшчаў абраз Святога Казіміра ў поўны рост, зверху знаходзіўся другі абраз Сэрца Збаўцы. Пад абразом Св. Казіміра вісеў герб ахвярадаўцаў Ельяшэвічаў. Другі алтар, па правым баку, з Укрыжаваным Ісусам Хрыстом, утрымліваў у падножжы 3 абразы: Святога Апостала Пятра, Святой Марыі Магдалены і Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Трэці алтар, па левым баку, меў абраз Божай Маці ў срэбранай рызе і абраз-копію Божай Маці Чанстахоўскай. Зверху месцаваўся абраз Бога Саваофа са Збаўцам, які ўскладае карону на галаву Найсвяцейшай Дзевы Марыі. У чацвёртым алтары, па левым баку, былі выяўлены Збаўца і абраз Святога Антонія[5].
Зноскі
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia