Касцёл Узвышэння Святога Крыжа (Нароўля)

Каталіцкі храм
Касцёл Узвышэння Святога Крыжа
51°47′44″ пн. ш. 29°30′43″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Нароўля
Канфесія каталіцтва
Епархія Пінская дыяцэзія
Архітэктурны стыль эклетыка
Дата заснавання 1991
Будаўніцтва 19941998 гады
Стан дзейнічае
Map

Касцёл Узвышэння Святога Крыжарымска-каталіцкі храм у Нароўлі (Гомельская вобласць, Беларусь), цэнтр каталіцкай парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Нароўлі. Парафія заснавана 12 верасня 1991 г. і адносіцца да Мазырскага дэканата Пінскай дыяцэзіі Рымска-каталіцкага касцёлу Беларусі. Будаўніцтва касцёла пачалося восенню 1991 г., а ў верасні 1998 г. скончана, пасля чаго касцёл быў 20 верасня 1998 г. пасвечаны[1]. Выкананы ў архітэктурным стылі эклектыкі.

Гісторыя парафіі

Да кастрычніка 1917 г. у Нароўлі мелася невялікая колькасць насельніцтва каталіцкага веравызнання — сям’я мясцовага двараніна-маянткоўца (Аскеркі, Горваты) і яго некаторыя службіты, але не было ніякага касцёла — толькі прыгожая каталіцкая капліца-пахавальня сям’і Горватаў пры іх нараўлянскім палацы. Кожную нядзелю ў Нароўлю прыязджаў каталіцкі ксёндз дэкан з Мазыра, каб цэлебраваць імшу і займацца душпастырствам мясцовых католікаў[2]. Найбліжэйшым каталіцкім храмам быў касцёл у вёсцы Грушаўка, дзе мелася значная колькасць каталікоў[2].

Нараўлянскія Горваты пасля нацыяналізацыі іх нараўлянскай маёмасці (зямлі і палаца) у 1917 і 1920 г. савецкай уладай канчаткова выехалі ў Польшчу, а іх капліца была зачынена і набажэнстваў там не праводзілася.

У 1930-я гг. савецкія ўлады ўзарвалі каталіцкую капліцу роду Горватаў у Нароўлі, помнік архітэктуры XIX ст.[3] Паводле іншай інфармацыі, капліца-пахавальня з рэшткамі нябошчыкаў Горватаў была вымыта ракой Прыпяць у 1979 г. падчас паводкі і не захавалася да нашага часу[4]. У 1930-ыя гг. многія каталіцкія вернікі сталі ахвярамі сталінскіх рэпрэсій[2].

Пасля Другой сусветнай вайны нараўлянскія католікі для атрымання святых сакрамэнтаў былі вымушаны ездзіць за сотні кіламетраў у іншыя гарады (у Пінск, Кіеў і Жытомір), хоць часам у Нараўлянскі раён таемна прыязджалі каталіцкія святары, каб, нягледзячы на пераслед і пакаранні ад савецкіх улад, праводзіць сваю службу[2].

Толькі з пачаткам Перабудовы ў СССР пачалося аднаўленне грамадзянскіх свабод, у тым ліку свабоды адпраўлення рэлігійных культаў. 25 снежня 1989 г. католікам вёскі Грушаўка ўдалося зарэгістраваць грушаўскую каталіцкую парафію Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса. Вернікам быў перададзены стары медыцынскі пункт, дзе яны абсталявалі капліцу, куды да іх рэгулярна прыязджалі святары з іншых мясцін[2]. А 12 верасня 1991 г. ужо ў Нароўлі была зарэгістравана асобная супольнасць каталіцкіх вернікаў (нараўлянская парафія Узвышэння Святога Крыжа), якая атрымала ў Нароўлі драўляны будынак, дзе раней змяшчалася вязніца, аддзяленне міліцыі і пашпартны стол, — вуліца Камуністычная, 33[1][2][5]. З таго часу для каталіцкіх парафій Грушаўкі і Нароўлі звычайна прызначаецца адзін ксёндз-адміністратар. 12 верасня 1991 г. такім адміністратарам быў прызначаны ксёндз Станіслаў Салата (каля 1940—18.08.2016), які нарадзіўся каля горада Жэшаў (Польшча)[2].

14 верасня 1991 г. у Нароўлі быў благаслаўлёны драўляны крыж на прыкасцёльнай тэрыторыі, а ў 1994 г. пад кіраўніцтвам тагачаснага душпастыра абедзвюх парафій ксяндза Станіслава Салаты ў Нароўлі і ў Грушаўцы распачалося будаўніцтва касцёлаў[2]. Стараннямі ксяндза Станіслава Салаты і на ахвяраванні каталіцкіх вернікаў з Германіі і Польшчы быў пабудаваны сучасны прыгожы храм[5][6]. 20 верасня 1998 г. кардынал Казімір Свёнтак пасвяціў касцёл Сэрца Езуса ў Грушаўцы і касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Нароўлі[1].

18 чэрвеня 2022 г. упершыню ў гісторыі касцёла ў Нароўлі быў удзелены сакрамэнт канфірмацыі. Цэлебрацыю Эўхарыстыі ўзначаліў Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец. Сакрамэнт хрысціянскай сталасці з рук найстарэйшага беларускага каталіцкага іерарха прынялі не толькі нараўлянскія парафіяне, але і кандыдаты з іншых каталіцкіх парафій Мазырскага дэканату: Лельчыцаў, Мазыра, Калінкавічаў, Петрыкава, Брынёва, Хойнікаў, Ельска і Грушаўкі[7].

14 верасня 2022 г. у свята Узвышэння Святога Крыжа пробашч касцёла ксёндз Януш Чарнамораў благаславіў абноўлены драўляны крыж на прыкасцёльнай тэрыторыі, які быў упершыню пастаўлены 14 верасня 1991 г.[1] На адпустовую ўрачыстасць у той дзень у нараўлянскі касцёл прыбылі святары і вернікі Мазырскага дэканата. Узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ксёндз Дзмітрый Кернога[1].

У сакавіку 2022 г. Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец наведаў памежныя з Украінай беларускія каталіцкія парафіі ў Ельску, Нароўлі і Грушаўцы, дзе маліўся аб міры ва Украіне і літасці Божай для беларускай зямлі[8].

24 лютага 2023 г. у Нароўлі прайшлі першыя ў гісторыі мясцовай каталіцкай парафіі Святыя місіі, якія праводзіў ксёндз Юрый Жэгарын з Навагрудка[9].

15 і 16 верасня 2023 г. адпаведна ў Грушаўцы і Нароўлі адзначылі юбілейныя ўрачыстасці з нагоды 25-годзя з часу пасвячэння касцёла Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Грушаўцы і касцёла Узвышэння Святога Крыжа ў Нароўлі з удзелам каталіцкага біскупа Казіміра Велікасельца[2]. Ва ўрачыстым распачацці святкавання юбілейных урачыстасцяў узялі ўдзел святары, парафіяне і госці, сярод якіх былі таксама прадстаўнікі мясцовай улады: старшыня Нараўлянскага райвыканкама Уладзімір Пятровіч Антоненка і начальнік аддзела па ідэалагічнай рабоце Марына Альховік[2]. На ўрачыстасць прыбылі прадстаўнікі каталіцкіх парафій з Брынёва, Гомеля, Грушаўкі, Ельска, Калінкавіч, Лагішына, Мазыра, Петрыкава і Пінска. Прыбылі святары з розных мясцін Беларусі, у тым ліку былыя душпастыры нараўлянскай парафіі, а таксама сёстры місіянеркі міласэрнасці святой Маці Тэрэзы з Калькуты, якія нясуць служэнне ў Гомелі.

Архітэктура

Касцёл знаходзіцца на паўночна-ўсходняй ускраіне горада, непадалёк ад берага ракі Прыпяць. Пабудаваны ў стылі эклектыкі — у знешнім выглядзе касцёла гарманічна спалучаюцца рысы розных архітэктурных стыляў[5]. Храм пабудаваны з цэглы і патынкаваны. Будынак прадстаўляе сабой па форме выцягнуты прамавугольнік пад двухсхільным дахам. Плоскасныя фасады расчлянёны арачнымі адзінарнымі і ўбудаванымі патройнымі аконнымі праёмамі. На фасадзе асіметрычна ўзвышаецца 3-ярусная шатровая касцёльная званіца[5][10].

Пробашчы касцёла

  • 12.09.1991—2002 — ксёндз Станіслаў Салата (каля 1940—18.08.2016)[11]
  • ?-2009-? — ксёндз Аляксандр Канановіч
  • ?-2020—02.02.2021 — ксёндз Андрэй Аляксандравіч Шут
  • 02.02.2021—? — ксёндз Аляксандр Канановіч
  • ?-02.09.2022—2025-? — ксёндз Януш Чарнамораў

Адрас

Адрас рымска-каталіцкай парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў г. Нароўлі: 247802 Беларусь, Гомельская вобласць, г. Нароўля, вул. Камуністычная, 33[12].

Гл. таксама

Крыніцы

  1. а б в г д У цэнтры Нароўлі — аднаго з найбольш пацярпелых ад Чарнобыльскай катастрофы беларускіх гарадоў — благаславілі адноўлены крыж
  2. а б в г д е ё ж з і Юбілей 25-годдзя пасвячэння касцёла адзначылі ў Грушаўцы і ў Нароўлі
  3. н // Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5. С. 442.
  4. БАЦЬКАЎШЧЫНА. АЛЬТАНКА(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 19 верасня 2023. Праверана 24 лютага 2025.
  5. а б в г Прикоснуться к Святыням Наровлянщины
  6. н // Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5. С. 255.
  7. Упершыню ў гісторыі касцёла ў Нароўлі тут быў удзелены сакрамэнт канфірмацыі
  8. Біскуп Велікаселец наведаў памежныя парафіі Пінскай дыяцэзіі, дзе маліўся аб міры ва Украіне
  9. У Нароўлі прайшлі першыя ў гісторыі мясцовай парафіі Святыя місіі
  10. н // Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5. С. 256.
  11. Шчасце быць там, дзе патрэбны
  12. Рымска-каталіцкая парафія Узвышэння Святога Крыжа ў г. Нароўлі

Літаратура

  • Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с. — С. 442.
  • Прыпяці вечныя берагі: народная духоўная культура Нараўлянскага раёна / В. С. Новак [і інш.]. — Гомель : Рэдакцыя газеты «Гомельская праўда», 2023. — 243 с.
  • Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. / R. Aftanazy. — Wrocław — Warszawa — Kraków : Zaklad im Ossolinskich, 1991. — Cz. 1. Wielkie księstwo Litewskie. Inflanty. Kurlandia. — T. 1. Województwa mińskie, mścisławskie, połockie, witebskie. — 352 s.
  • Rostworowski, А. Ziemia, której już nie zobaczysz. Wspomnienia Kresowe / А. Rostworowski. — Warszawa : Czytelnik, 2001. — 504 s.
  • Urbański, A. Podzwonne na zgliszczach Litwy i Rusi / A. Urbański. — Warszawa : St. Niemiry Syn, 1928. — 161 s.
  • Żołtowska, J. Inne czasy i inni ludzie / J. Żołtowska. — Londyn, 1959.

Спасылкі

Prefix: a b c d e f g h i j k l m n o p q r s t u v w x y z 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9

Portal di Ensiklopedia Dunia

Kembali kehalaman sebelumnya