Свята-Іаана-Багаслоўская царква (Нароўля)
Свята-Іаана-Багаслоўская царква (ці царква Іаана Багаслова, царква Святога Апостала і евангеліста Іаана Багаслова) — праваслаўны храм у гонар апостала Іаана ў горадзе Нароўля Гомельскай вобласці Беларусі. Цэнтр прыхода Святога апостала Іаана Багаслова Мазырскага сельскага благачыння Тураўскай і Мазырскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы. Пачаткова пабудавана ў пачатку верасня 1807 г., асвечана 26 верасня 1807 г. За час свайго існавання царква ў Нароўлі не раз перабудоўвалася. Цяпер месціцца на вуліцы Камасамольскай у доме №6. Прастольнае свята адзначаецца 9 кастрычніка[1]. ГісторыяКаля 1760 г. багрымавіцкі староста Рафал Алаіз Аскерка (1708—1767), які трымаў у тыя часы ленным правам каралеўшчыну Нароўля, пабудаваў у мястэчку Нароўля парафіяльную царкву Іаана Багаслова для мясцовага насельніцтва[2]. Верагодна, гэта была не праваслаўная, а ўніяцкая царква. 8 верасня 1807 г. расійскі дваранін Андрэй Мацвеевіч фон Гольст (каля 1768 — каля 1813), які трымаў у арэндзе ад уласніка — Якава Сіверса (1731—1808) — у Рэчыцкім павеце вялікі маёнтак Барбароў (разам з Нароўляй), паведаміў з Барбарова праваслаўнаму архіепіскапу Мінскаму і Літоўскаму Іову (1752—1823), што ў мястэчку Нароўля ён (фон Гольст) пабудаваў новую, праваслаўную царкву Іаана Багаслова, і прасіў архіепіскапа асабіста асвяціць яе вадой 26 верасня 1807 г.[3] Аднак архіепіскап Іоў сам не паехаў, а даручыў гэта зрабіць рэчыцкаму протаіерэю Льву Мясаедаву, што апошні і зрабіў 26 верасня 1807 г., а 24 чэрвеня 1808 г. дадаткова асвяціў бакавыя прыдзелы[3]. Царква ў той час была пабудавана на беразе ракі Прыпяць. У 1840 г. (з-за частых разліваў і падмыва ракі) царква была пераведзена ў новы будынак на ўскраіну мястэчка[4]. (Цяпер амаль цэнтр сучаснага горада Нароўля — вуліца Камасамольская, дом 6[4]). У такім выглядзе царква існавала да пажару 1920 г. Паводле гісторыка-статыстычнага апісання праваслаўнай Мінскай епархіі ад 1864 года, нараўлянская царква адносілася да 5-га класа і была драўлянай, перанесенай з вёскі Антонаў у Нароўлю ў 1840 г.[5] Да ёй належала таксама могілкавая праваслаўная Раства-Багародзіцкая царква ў вёсцы Абухоўшчына, пабудаваная прыхаджанамі. Прычт нараўлянскай царквы ў 1864 г. атрымліваў штатнае гадавое жалаванне 236 рублёў, меў 40 сажняў сядзібнай, ворнай і сенакоснай зямлі[5]. На думку праваслаўнай царквы, частка гэтай прычтавай зямлі была прымусова забрана сабе нараўлянскім маянткоўцам Даніэлем Ігнатавічам Горватам (1810—1868). У 1864 г. у нараўлянскім прыходзе лічылася 374 прыхаджаніны і 484 прыхаджанкі[5]. У 1869 г. царква была зноў капітальна адрамантавана[6]. У 1876 г. у прыход нараўлянскай Іаана-Багаслоўскай царквы ўваходзілі: Нароўля, Рубеж, Канатоп (у прыходзе з 1876 па 1879 г.), Кныроўка (Кнураўка, Калінічы), Завайць, Смалегавічы (Смалегаў) і Рудня Смалегаўская. Да 1876 г. у склад прыходу ўваходзіла вёска Абухоўшчына[7]. Паводле апісання праваслаўных цэркваў і прыходаў Мінскай епархіі ад 1879 года, нараўлянская царква адносілася да 4-й благачыннай акругі, у склад нараўлянскай парафіі ўваходзіла мястэчка Нароўля і 5 вёсак: 470 прыхаджан і 483 прыхаджанкі — большасць вернікаў былі сялянскага саслоўя і займаліся ворным земляробствам і пчалярствам[8]. Прыход меў чатыры могілкі і могілкавую царкву ў самім мястэчку Нароўля[9]. У архіве нараўлянскай царквы меліся метрычныя кнігі з 1772 года і спавядальныя спісы прыхаджан з 1811 года[9]. У 1879 г. пры царкве мелася царкоўна-прыходскае папячыцельства, але не было школы і багадзельні[10]. У 1879 г. у склад прычту ўваходзілі настаяцель і псаломшчык; царкоўнага прыбытку ў год паступала да 90 рублёў[9]. Прычт, акрамя штатнага жалавання, карыстаўся царкоўнай зямлёй і памяшканнем. Паводле кліравых ведамасцяў з 1801 г., пры царкве ў мелася пляцавай і ворнай зямлі 1,5 валокі, а паводле перамежавання царкоўнай зямлі ў 1830 г. нараўлянская царква мела 41 дзесяціну 1760 сажняў ворнай і 38 дзесяцін 1148 сажняў сенакоснай зямлі[9]. У 1840 г. уласнік нараўлянскага маёнтка Даніэль Ігнатавіч Горват значную частку тагачаснай царкоўнай зямлі перавёў сабе і, хоць з гэтай нагоды праваслаўнай царквой заводзілася некалькі судовых спраў, адарваная Горватам зямля не была вернута нараўлянскаму прычту[9]. Таму ў 1879 г. прычт валодаў каля 15 дзесяцінамі сенакоснай, 20 дзесяцінамі ворнай зямлі і некалькімі дзесяцінамі маладога лесу і зарасніку[11]. Сядзібная зямля прычта знаходзілася пры царкве, а астатняя – адасобленымі часткамі[10]. Драўляныя памяшканні прычта ў 1879 г. былі ў трухлявым стане, таму спецыяльнай камісіяй было пастаноўлена выдаткаваць 3000 рублёў на абнаўленне[10]. У 1920 г. у праваслаўнай царкве здарыўся пажар, у час якога згарэў святар[4]. Ахвяраваннямі вернікаў царква была адбудавана. У 1924 г. пры святару Сяргею Мігаю на чале Рады вернікаў Нараўлянскага праваслаўнага прыходу, якая складалася з 14 асоб, стаяў старшыня Сцяпан Яфімавіч Казак (56-гадовы жыхар Нароўлі) [12]; а сам нараўлянскі праваслаўны прыход складаўся з мястэчка Нароўлі і вёсак Ласка, Кныроўка (Калінічы), Завайць, Смалегаў, Смалегаўская Рудня, Раманаўка[12]. 21 чэрвеня 1927 г. нараўлянскі праваслаўны святар Сяргей Якаўлевіч Мігай (1874—1937) быў арыштаваны па абвінавачанні ў антысавецкай дзейнасці і неўзабаве па прыгаворы 7 кастрычніка высланы на тры гады ў Сібір[13]. У сувязі са сваёй антырэлігійнай палітыкай, у 1935 г. савецкая ўлада закрыла праваслаўныя цэрквы ў Нароўлі, Вербавічах і Цешкаве, каталіцкую капліцу ў вёсцы Кустоўніца[заўв 1] і баптысцка-лютаранскія дамы ў вёсцы Бярозаўка, а іх будынкі былі пераабсталяваны пад «дамы сацыялістычнай культуры»[14]. Набажэнствы (у тым ліку, тайныя) былі забаронены і пераследаваліся па савецкім законам[15]. У часы Другой сусветнай вайны, у 1941—1943 гг. будынак былой царквы выкарыстоўваўся нямецкімі акупантамі пад жандармерыю і паліцыю[4]. З дазволу нямецкай улады, у 1942 г. жыхары Нароўлі выкарыстоўлі пад праваслаўную царкву дом былога праваслаўнага святара, у якім да вайны жыхарстваваў начальнік нараўлянскага аддзела НКУС СССР[16]. Пасля вайны ў Нароўлі з 1945 г. багаслужэнні былі забаронены савецкай уладай[16], а ў будынку былой царквы размяшчаліся паслядоўна зала пасяджэнняў, райкам партыі, райвыканкам, дзіцячы сад, школьны склад[4]; у былым будынку праваслаўнага святара зноў пачаў жыхарстваваць супрацоўнік савецкай міліцыі[16]. Толькі пасля самароспуску СССР у канцы 1991 г., 28 студзеня 1992 г. у Нароўлі зноў быў зарэгістраваны «Праваслаўны прыход Свята-Іаана-Багаслова царквы». У будынку царквы правялі рэстаўрацыйныя работы[4], але храм усё роўна месціцца ў драўляным будынку непрывабнага архітэктуранага рашэння. Таму ў 2005 г. па блаславенні тураўскага і мазырскага епіскапа Сцяфана была распрацавана дакументацыя на будаўніцтва новага і цэглавага будынка царквы Іаана Багаслова[4]. У 2006 г. пачаўся збор сродкаў і нарыхтоўка будматэрыялаў. Будаўніцтва пачалося ў 2011 г. на тэрыторыі побач са старым будынкам царквы[17], але новы храм дагэтуль знаходзіцца ў недабудаваным стане. Пэўны час да сваёй смерці нараўлянскім царкоўным старастам быў Іван Міхайлавіч Шаўрэй (1955—2020)[18]. 9 кастрычніка 2023 года, у дзень прастаўлення святога Апостала і евангеліста Іаана Багаслова, епіскап Тураўскі і Мазырскі Леанід здзейсніў літургію з нагоды прастольнага свята аднайменнага храма ў Нароўлі[19]. Архітэктура і інтэр’ерПасля рамонту ў 1869 г., царква ўяўляла сабой драўляную даўгаватым прамавугольнікам пабудову на дубовых сваях з адным адкрытым купалам[6]. Дах быў пакрыты гонтай, вокны размешчаны ў адзін радок, дзвярэй двое. Унутраная плошча была каля 30 квадратных сажняў і мела квадратнае размяшчэнне. Столь быў уладкаваны скляпеннем да адкрытага купалу, які падтрымліваўся некалькімі драўлянымі слупамі; сцены пабелены; падлога цэглавая. Царква не была прыстасавана да ацяплення[6]. Званіца мела аж 5 званоў, хоць маленькага памеру[9]. Іканастас быў на стары лад, з пазалочанымі карнізамі і рамкамі; меў 25 ікон, размешчаных у два радкі. Прастолаў было тры: галоўны ў імя Святога Апостала і евангеліста Іаана Багаслова, а прыдзельныя ў імя Свяціцеля Мікалая і ў імя Святога прарока і прадцечы Іаана[6]. У царкве меліся ўсе неабходныя для святарскай службы рэчы, у тым ліку адзін сярэбраны прыбор літургічных сасудаў, шэсць святарскіх рыз з мішурнай парчы і адна рыза жалобная з чорнага аксаміту[8]. Мелася чатыры Евангеллі (тры ў аркуш, а адно — у ¼ аркушу), якія былі з простымі вокладкамі[9]. Цяперашні храм мае непрывабны знешні выгляд і з’яўляецца драўляным на мураваным падмурку будынкам, пераробленым з ранейшага будынку дзіцячага сада і школьнага склада, да якога была прыбудавана зверху драўляная вежа-званіца з купалам цыбульнай формы. Дах пакрыты шыферам. Падлога драўляная. Прыходскія святары
Гл. таксамаЗаўвагі
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia